Слоўнік рэпрэсіяў 2023 году. Расказваем, што новага сёлета змаглі прыдумаць сілавікі Беларусі

Каляж Радыё Свабода

Завочныя суды, «зьнікненьне» вядомых вязьняў, цэлы музычны гурт за кратамі — рэпрэсіі ў Беларусі ня толькі не спыняюцца, але і набываюць новыя формы.

Рэпрэсіі ў Беларусі з 2020 году ня толькі не спыняюцца, яны трансфармуюцца і праяўляюцца па-іншаму. Калі ў 2020 годзе за пашкоджаньне чыгункі можна было атрымаць два гады, як Сяргей Розум, то ў 2022–2023 гадах за такое пашкоджаньне ці нават намер «нешта зрабіць» улады каралі беларусаў зьняволеньнем на 20 і больш гадоў.

У 2020 годзе лічылася бясьпечным «актам салідарнасьці» перавесьці грошы ў дапамогу палітвязьням. У 2023 гэта стала злачынствам, за якое караюць вялікімі тэрмінамі.

Як зьмянілася «архітэктура» рэпрэсіяў у 2023 годзе, якія новыя словы характарызуюць жыцьцё беларусаў пад прыгнётам сілавікоў? Свабода склала рэпрэсіўны слоўнік — 2023.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 17 сьнежня: новыя рэпрэсіі на шклозаводзе «Нёман»; затрымалі хакейнага трэнэра

А — «АДЗІНОЧКА». У 2023 годзе адміністрацыі турмаў і калёній часьцей сталі выкарыстоўваць такую форму пакараньня, як адзіночная камэра. У «адзіночку» трапілі пераважна вядомыя палітычныя вязьні. На гэты момант вядома, што ў такіх памяшканьнях знаходзяцца Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Арцём Сакаў, Марыя Калесьнікава, Мікола Статкевіч, Тацьцяна Канеўская.

Міколу Статкевіча зьмясьцілі ў адзіночку ў траўні 2023 году. «Гэта камэра адзін на тры мэтры, каменны мяшок. І шпацыр таксама ў каменным мяшку», — пісала ў траўні жонка палітвязьня Марына Адамовіч.

У адзіночную камэру кідалі і актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк, якой дадалі яшчэ адзін тэрмін.

Праваабаронца Леанід Судаленка, які адбыў пакараньне у віцебскай калёніі, у камэнтары Свабодзе зазначыў, што адзіночная камэра — мэтад ціску на чалавека, які практыкуюць у турмах і калёніях, каб зламаць чалавека.

«Зьнішчыць гонар, павагу да самога сябе, паставіць на калені, ператварыць чалавека ў бязвольную істоту, каб ён перастаў верыць у свае сілы, каб выбіць глебу з-пад ног, ператварыць чалавека ў плястылін, зь якога потым адміністрацыя калёніі будзе рабіць што заўгодна», — кажа Судаленка.

Ён дадае, што чым больш чалавек вядомы, публічны, тым больш да яго ўжываюць рэпрэсіяў у калёніях.

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Архіўнае фота

Д — ДАНАТ. Увесь 2023 год улады праяўлялі павышаную ўвагу да людзей, якія пасьля падзеяў 2020 году ахвяроўвалі ў розныя фонды салідарнасьці. «Данатамі» займаліся як КДБ, так і Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў. Людзям ставілі ўмову — напісаць «яўку з павіннай», пералічыць грошы ў некалькіразовым памеры на рахункі розных дзяржаўных установаў. Інакш пагражалі крымінальнымі справамі.

Паводле праваабаронцаў, за «фінансаваньне экстрэмізму» ўжо асуджаныя ня менш за 20 чалавек. Беларусы распавядалі Свабодзе, як за ахвяраваныя 10 даляраў іх прымушалі плаціць 500 даляраў. З прадстаўнікоў сфэры IT бралі значна большыя сумы, нават 5 тысяч даляраў.

Публічныя пакаяньні не заўсёды маюць вынік, як і перавод грошай на «дабрачыннасьць». У лістападзе 2023 году суд вынес вырак 58-гадоваму Юрыю Юрэню — 5 гадоў калёніі ў справе аб фінансаваньні дзейнасьці так званага «экстрэмісцкага фармаваньня» (артыкул 361-2 КК). Падставай стала тое, што з жніўня 2020-га па сакавік 2021 году Юрэня нібыта зрабіў на карысьць рэпрэсаваных больш за 100 грашовых пераводаў агульнай сумай $1885. Сьледчыя і пракурор палічылі гэта «фінансаваньнем дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня». У ліпені 2023 году сыну абвінавачанага Віталю Юрэню прысудзілі 3 гады калёніі паводле таго ж артыкулу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд пакараў жыхара Баранавічаў 5 гадамі калёніі за данаты. Раней за тое ж асудзілі ягонага сына

Дзьмітры Слук пераводзіў данаты ініцыятыве «Кібэрпартызаны». Ён перавёў ім 0,4 біткойна, што на момант пераводу складала 2 тысячы даляраў. Слука затрымалі і асудзілі на 8,5 года пазбаўленьня волі.

У 2020 годзе Аляксандар Дарафееў зрабіў данат на больш як тысячу даляраў у адзін з фондаў салідарнасьці. «На допытах Дарафееў прызнаў віну, шчыра раскаяўся і добраахвотна пералічыў на разьліковы рахунак Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру дзіцячай анкалёгіі, гематалёгіі і імуналёгіі больш за мільён беларускіх рублёў (больш за 300 тысячаў даляраў у эквіваленце)», — паведамляла дзяржаўная прэса.

Аляксандра Герасіменя і Аляксандар Апейкін. Каляж

З — «ЗАВОЧКІ». У 2023 годзе таксама прайшлі завочныя суды над «беглымі» — так улады называюць беларусаў, якія пасьля падзеяў 2020 году зьехалі за мяжу ад магчымага крымінальнага перасьледу. Яшчэ ў сьнежні 2022 году суд пакараў спартоўцаў Аляксандру Герасіменю і Аляксандра Апейкіна 12 гадамі калёніі.

У студзені 2023 году па 12 гадоў калёніі завочна атрымалі фігуранты справы «Чорнай кнігі Беларусі» — Дзьмітры Навоша, Яніна Сазановіч, Даніла Багдановіч, Валерыя Занямонская і Вольга Высоцкая.

У сакавіку ў Менску судзілі завочна вядомых апазыцыянэраў. Сьвятлана Ціханоўская атрымала 15 гадоў, Павел Латушка — 18, Марыя Мароз, Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі атрымалі па 12 гадоў калёніі.

У траўні 2023 году суд у Менску таксама завочна прысудзіў заснавальніку праекту Nexta Сьцяпану Пуцілу 20 гадоў калёніі, ягоным партнэрам Яну Рудзіку і Раману Пратасевічу суд «налічыў» 19 і 8 гадоў. Пратасевіч пазьней быў памілаваны Лукашэнкам. У чэрвені 2023 году 25 гадоў калёніі атрымаў экс-рэстаратар Вадзім Пракоп’еў.

Улады анансуюць, што неўзабаве пачнуць завочна судзіць былых сілавікоў, якія ўвайшлі ў аб’яднаньне Bypol. Тым часам Вадзіма Пракоп’ева, які ўжо атрымаў 25 гадоў завочна, чакае новы суд зь цяжкімі артыкуламі.


І — ІНКАМУНІКАДА. Гэты тэрмін (ад гішпанскага incomunicado) абазначае пазбаўленьне зьняволенага сувязі з вонкавым сьветам. Менавіта ў 2023 годзе ён стала ўвайшоў ува ўжытак у беларускіх праваабаронцаў і журналістаў. Адлік «інкамунікада» ідзе зь лютага 2023 году. Паводле дасьведчанай крыніцы, зь якою паразмаўляла Свабода, такое распараджэньне прыйшло з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. У сакавіку Ігара Лосіка, Міколу Статкевіча і Максіма Знака амаль адначасова зьмясьцілі ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ) і пазбавілі права на перапіску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ваш зварот разгледжаны». Што адказваюць родным зьніклых палітвязьняў у адміністрацыях калёніяў

Апошні ліст ад палітвязьня Міколы Статкевіча прыйшоў 9 лютага, ад Ігара Лосіка — 20 лютага. Амаль 10 месяцаў няма лістоў ад Віктара Бабарыкі, Сяргея Ціханоўскага, Максіма Знака, Марыі Калесьнікавай. Родныя і блізкія ня ведаюць абсалютна нічога пра іх — ані пра стан здароўя, ані пра ўмовы ўтрыманьня.

У пачатку лістапада 2023 году Натальля Пінчук, жонка нобэлеўскага ляўрэата, праваабаронцы Алеся Бяляцкага паведаміла, што і яго адправілі ў «памяшканьне камэрнага тыпу». Сувязь з палітвязьнем спынілася.

Міжнароднае права прадугледжвае магчымасьць трыманьня пад вартай у рэжыме «інкамунікада» (строгай ізаляцыі) на тэрмін да пяці дзён як выключнай меры ў выпадках асабліва сур’ёзных злачынстваў. У Беларусі ж «часам не да законаў».

Палітвязьні Марыя Калесьнікава, Максім Знак, Ігар Лосік, Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Мікалай Статкевіч. Каляж

Праваабаронца Леанід Судаленка лічыць, што «інкамунікада» — від катаваньня чалавека за кратамі. Ён на сабе спазнаў інфармацыйную ізаляцыю, калі лісты да яго, і тое ня ўсе, даходзілі толькі ад жонкі.

«Я хадзіў да начальніка калёніі скардзіцца на гэта. Але ён мне сказаў: «Будзеш задаваць пытаньні — я цябе згнаю ў ШЫЗА. І я паверыў яму, бо ведаю, наколькі лёгка чалавека можна зрабіць злосным парушальнікам. Скажам, за павуціньне ў куце камэры», — кажа праваабаронца.

Судаленка лічыць, што «інкамунікада» — ініцыятыва не адміністрацыі калёніі. Паводле яго, загад ідзе як мінімум з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў.

«Хто дэпартамэнту дае такія загады — можна толькі здагадвацца. Бо наўрад ці начальніку калёніі трэба такое. Яму б ціха дасядзець да пэнсіі, не нажываючы сабе лішніх ворагаў», — кажа Судаленка.

Праваабаронца зазначыў, што адміністрацыя калёніі вельмі ня любіць, калі пра таго ці іншага палітвязьня ў СМІ зьяўляецца хоць якая інфармацыя.

«Калі я праз жонку павіншаваў беларусаў з Новым годам, то да мяне прыбег опэр і пачаў рабіць „шмон“ са словамі „рыхтуйся цяпер да горшага“. Ён пагражаў, што паеду ў крытую турму. Але абышлося. Бо не было ім нейкага загаду зьверху», — дадаў праваабаронца.

Крытая турма ў Горадні

К- «КРЫТКА». «Крытка» — гэта «крытая» турма. Адзін зь відаў «пакараньня» асабліва злосных злачынцаў і палітычных зьняволеных. На лістапад 2023 году праваабаронцам «Вясны» вядома прынамсі пра 62 палітвязьні, якім пагоршылі ўмовы ўтрыманьня і перавялі ў «крытую» турму.

Як расказаў у ананімным камэнтары Свабодзе былы зьняволены, вязьняў у крытых турмах трымаюць у камэрах, яны ня бачаць сонечнага сьвятла. Ад гэтага, кажа суразмоўца, у многіх хутка пачынаюцца хваробы зроку, лёгкіх і скуры.

«Часам па целе ідуць высыпаньні, яно літаральна пачынае гнаіцца, бо няма паветра, няма сонечнага сьвятла, няма нармальнага харчаваньня», — патлумачыў Свабодзе суразмоўца.

Частыя праблемы ў вязьняў і са страўнікам, кажа былы зьняволены. «Перадачы з волі абмежаваныя да мінімуму. Харчаваньне там вельмі паганае. Гэта бульба, сечка (драныя крупы. — РС), панцак (каша зь ячных крупаў. — РС) і часам нешта падобнае да тлушчу. З такім харчаваньнем, безь перадачаў, ногі хутка выпруціш. Ня кожны страўнік вытрымае такую ежу», — кажа былы зьняволены. Зь яго словаў, шпацыр вязьні маюць адзін раз у дзень, і той у закрытым бэтонным дворыку.

Расейскі вайсковы самалёт, які імаверна быў пашкоджаны ў Мачулішчах

М — МАЧУЛІШЧЫ. Дывэрсія ў Мачулішчах пад Менскам адбылася 26 лютага 2023 году. На вайсковым аэрадроме прагучалі два выбухі. З дапамогай дронаў невядомыя падарвалі і вывелі са строю расейскі самалёт далёкай выведкі ДРЛВ-50. Мяркуецца, што яго выкарыстоўвалі для навядзеньня ракет на цэлі ва Ўкраіне. Інцыдэнт стаў штуршком для чарговай хвалі масавых рэпрэсіяў у Беларусі. КДБ арганізаваў апэрацыю выкрыцьця «дывэрсантаў». Паводле праваабаронцаў «Вясны», пад «зачыстку» трапілі прынамсі 614 чалавек. У іх рабілі ператрусы, затрымлівалі, дапытвалі. Частку затрыманых пазьней адпусьцілі. Пад перасьлед трапілі найперш тыя, хто праходзіў у адміністрацыйных палітычных справах пасьля 2020 году.

Масавыя затрыманьні прайшлі сярод псыхатэрапэўтаў, рэканструктараў, стралкоў, страйкбалістаў.

На пачатку сакавіка КДБ паведаміў, што падазраваных каля 30 чалавек, затрымалі больш за 20. Супраць іх завялі завялі крымінальныя справы за «акт тэрарызму, учынены арганізаванай групай» (ч. 3 арт. 289 Крымінальнага кодэксу). Фігурантам можа пагражаць расстрэл.

Аднаго з затрыманых пасьля інцыдэнту ў Мачулішчах, праграміста , асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Паліграф доўжыўся больш за гадзіну». Што вядома пра справу падрыву самалёта ў Мачулішчах праз 8 месяцаў

Музыкі гурта Tor Band падчас агучаньня прысуду. 31 кастрычніка 2023 году

М — МУЗЫЧНЫ ГУРТ. У кастрычніку 2023 году суд у Гомлі асудзіў музыкаў гурту TOR BAND да вялікіх тэрмінаў зьняволеньня. Дзмітры Галавач атрымаў 9 гадоў зьняволеньня, Яўген Бурло — 8, Андрэй Ярэмчык — 7,5 года.

Яшчэ ў 2022 годзе TOR BAND прызналі «экстрэмісцкім фармаваньнем». Спачатку музыкаў судзілі паводле адміністрацыйных артыкулаў. Адзін з пратаколаў на Дзьмітрыя Галавача склалі за тое, што ён напісаў «экстрэмісцкую» песьню «Родная зямля» і выклаў яе ў інтэрнэт. Паводле пратаколу, Дзьмітры Галавач, «выкарыстоўваючы гітару з футаралам і пасам, вырабіў і з таго ж часу захоўваў з мэтай распаўсюджваньня ў суполцы „Tor band“ у „ЎКантакце“ аўдыёматэрыял „Родная Зямля“ [напісаны ў 2020 годзе] музычнага калектыву Tor band, які адносіцца да інфармацыйнай прадукцыі, уключанай у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». Такім чынам, упершыню ў Беларусі, а можа быць, і ў сьвеце гітара стала «прадметам для вытворчасьці экстрэмізму».

Музычны крытык Аляксандар Чарнуха ў камэнтары Свабодзе сказаў, што такім чынам дзяржава дэманструе свае адносіны да творцаў і кваліфікуе музычны інструмэнт як зброю. «Гэта вельмі небясьпечна — такое стаўленьне. Яно прывядзе да ультрацэнзуры, калі творцы ў Беларусі шмат разоў падумаюць перад тым, як браць у рукі музычны інструмэнт і сьпяваць тое, што ім хочацца. Гэта паказальны суд, каб абазначыць сваю пазыцыю і межы, у якіх можа існаваць культура, якую дзяржава абнесла высокім плотам і абцягнула калючым дротам, і ня дай бог хто выйдзе за гэтую тэрыторыю», — патлумачыў крытык.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусы сабралі больш за 14 тысяч эўра ў падтрымку музыкаў Tor Band

С — СВАЯКІ. У 2023 годзе ўлады пачалі перасьледаваць ня толькі актывістаў, але і сваякоў апанэнтаў улады. Супрацоўнікі ГУБАЗіК наведвалі сваякоў «каліноўцаў», якія ваююць за Ўкраіну, каб запісваць зь імі «пакаяльныя відэа», пагражаць ім, кідаць на «суткі».

У красавіку затрымалі дачку журналіста Зьмітра Лупача, які з 2021 году жыве ў Польшчы.

Спачатку яе абвінавацілі ў адміністрацыйных правапарушэньнях, потым заявілі пра крымінальную справу за «масавыя беспарадкі».

У канцы лістапада затрымалі маці Маргарыты Ворыхавай, дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай, і арыштавалі на 15 дзён. Тэлеграм-каналы, набліжаныя да беларускіх сілавікоў, напісалі, што жыхарка Наваполацку нясе адказнасьць за сувязі з дачкой, зь якой мусіць размаўляць «толькі на побытавыя тэмы, і то не заўсёды».

Праваабаронцы ў лістападзе 2023 году паведамлялі пра затрыманьне мужа палітычнай зьняволенай Віталіі Бандарэнкі. Анатоль Старасьвецкі быў на спатканьні з жонкай Віталіяй у гомельскай калёніі. Як толькі ён выйшаў за браму калёніі — тут жа быў затрыманы. Яго абвінавацілі ў «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што такое чат-рулетка, удзельнікаў якой працягвае затрымліваць ГУБАЗіК?

Ч — ЧАТ-РУЛЕТКА. У 2023 годзе ў Беларусі дзясяткі людзей затрымалі за размовы ў сэрвісе «чат-рулетка». Там зьяўляліся правакатары, якія называлі сябе ўкраінцамі або палітычнымі апанэнтамі ўладаў.

Першымі вядомымі затрыманымі ахвярамі чат-рулеткі былі двое хлопцаў з Рагачова, якія казалі, што гатовыя са зброяй змагацца з уладамі Беларусі. Іх запісалі 4 студзеня, а ўжо на наступны дзень відэа з затрыманымі зьявілася ў тэлеграм-каналах, блізкіх да сілавікоў. Хлопцаў прымусілі мыць бел-чырвона-белым сьцягам падлогу.

Іншага жыхара Салігорску паказалі ў відэа зь сьлядамі пабіцьця, на губах была кроў, на твары драпіны. У тэлеграм-канале сілавікоў пацьвердзілі, што супраць затрыманага ўжывалі фізычную сілу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Схапілі толькі за тое, што ўкраінец і меў Signal на тэлефоне». Маці пра затрыманага ў Віцебску «агента» зь фільма АНТ

У — УКРАІНА. Як і ў 2022 годзе, нагодай для рэпрэсіяў у Беларусі застаецца украінская тэма. Прапаганда ўладаў называе ўкраінцаў «нацыстамі» і «бандэраўцамі», а кіраўнікоў украінскае дзяржавы — «кіеўскай хунтай». За праяву салідарнасьці з Украінай ці ляяльнасьці да яе беларусы атрымліваюць адміністрацыйныя і крымінальныя кары. Пад рэпрэсіі ў Беларусі ў 2023 траплялі і грамадзяне Ўкраіны — некаторыя зь іх проста зьнікалі.

Улетку 2023 году па дарозе з Мазыра зьнікла грамадзянка Ўкраіны, жыхарка Чарнігава Натальля Захаранка. Цяпер вядома, што яна ў СІЗА, але абвінавачаньне невядомае.

Беларусаў у 2023 годзе каралі «суткамі» за аватаркі зь дзяржаўным сьцягам Украіны і нават за ўкраінскія песьні. Такі выпадак здарыўся ў Янаве. Мясцовая жыхарка слухала песьню «Україна понад усе!» і гучна падпявала. У тэлеграм-канале, зьвязаным з ГУБАЗіК, зьявілася яе «пакаяннае відэа». Затрыманую прымусілі прасьпяваць афіцыйны гімн Рэспублікі Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Па дарозе ў Мазыр прапала грамадзянка Ўкраіны. Родныя ня маюць зь ёй сувязі 8 дзён