Менскі гарадзкі суд вынес вырак 58-гадоваму ўраджэнцу Баранавічаў Юрыю Юрэню — 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму ў справе аб фінансаваньні дзейнасьці так званага «экстрэмісцкага фармаваньня» (артыкул 361-2 КК). Пра гэта паведаміла Генпракуратура Беларусі.
Падставай для справы супраць Юрэні стала тое, што са жніўня 2020-га па сакавік 2021 году ён нібыта зрабіў больш за 100 грашовых пераводаў на суму $1885. Сьледчыя і пракурор палічылі гэта «фінансаваньнем дзейнасьці экстрэмісцкага фармаваньня».
Сам асуджаны віну не прызнаў, заявіўшы, што пераводзіў грошы дабрачынным арганізацыям.
У ліпені 2023 году ягонаму сыну, Віталю Юрэню, прысудзілі 3 гады калёніі паводле таго ж артыкулу. Суд адбываўся ў закрытым рэжыме. У кастрычніку МУС Беларусі ўнесла Віталя Юрэню ў «сьпіс экстрэмістаў».