У агульнарэспубліканскай базе вакансій на сёньня амаль 140 000 абвестак — столькі спэцыялістаў шукаюць у Беларусі. Рэзюмэ ў гэтым жа банку толькі 11 816.
За дзень на сайце зьяўляецца больш за тысячу вакансій і толькі 24 рэзюмэ. У траўні 2023-га прапановаў працы было 119 000, на 15% менш.
Сьлесары — 9226 месцаў. Плюс 18%
Найбольш прапановаў у базе вакансій для сьлесараў. Цяпер іх 9226, ці на 18% больш, чым было сёлета ў траўні. На некаторых вакансіях прапануюць да 2600 рублёў, напрыклад на Менскім аўтамабільным заводзе.
У сярэднім жа сьлесару ў Беларусі хочуць плаціць ад 1200 да 1500 рублёў за месяц.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На МТЗ за год утрая вырасла колькасьць вакансій, цяпер шукаюць каля 13% супрацоўнікаўЛекар — 6676 месцаў. Мінус 11 вакансій
На другім месцы па масавасьці вакансіі для лекараў. Зараз іх у базе 6676, але ў параўнаньні з траўнем гэта менш на 11.
У асноўным лекарам прапануюць да 2000 рублёў на месяц. Чым далей ад сталіцы, тым меншыя заробкі. Напрыклад, у Салігорскай лякарні лекару-пэдыятру гатовыя плаціць толькі 1079 рублёў. Такіх спэцыялістаў трэба 5.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За два гады вакансій стала ў 1,5 раза больш. Расказваем, што з рынкам працы ў БеларусіІнжынэры — 5464 месцы. Плюс 940 вакансій
Згодна з банкам вакансій, зараз у Беларусі не стае 5464 інжынэраў. У траўні такіх абвестак было на 948 менш. Гэта рост у 17% за 7 месяцаў.
Ёсьць вакансіі з заробкам больш за 2000 рублёў. Інжынэру-канструктару на МАЗе гатовыя плаціць 2300 рублёў на месяц.
Але большасьць вакансій усё ж з заробкам меншым за 2000 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Добра, што сэрца схапіла не ў райцэнтры, там бы дакладна памёр». Як нястача мэдыкаў адбіваецца на аказаньні дапамогі ў правінцыіБудаўнікі — 1325 месцаў. Плюс 9%
Сёньня шукаюць 1325 будаўнікоў, і гэта на 9% больш вакансій у такой спэцыяльнасьці, чым было ў траўні.
Сярэдні заробак каля 1000 рублёў. Напрыклад, столькі гатовыя плаціць майстру будаўнічых і мантажных работ у Лідзе. Але часам прапануюць і менш за гэтую суму.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сынхранізуюцца з Расеяй». Чаму МТЗ і БелАЗ ідуць на калядныя вакацыіНастаўнік — 467 месцаў. Плюс 34 вакансіі
Расьце нястача кадраў і ў адукацыі. На сёньня шукаюць 467 настаўнікаў, у траўні такіх вакансій было на 34 менш.
Прапанаваныя заробкі за рэдкім выключэньнем перавышаюць 1000 рублёў. Настаўніку фізкультуры ў Жодзіне абяцаюць да 1500.
Але ў асноўным гатовыя плаціць менш. Напрыклад, настаўніка хіміі ў Наваполацку шукаюць на заробак 700 рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У буйной менскай клініцы праз брак лекараў істотна скарацілі аддзяленьне гастраэнтэралёгіі40% бізнэсу скардзяцца на кадравы крызіс
У кастрычніку дасьледчы цэнтар Beroc рабіў маніторынг становішча малога і сярэдняга бізнэсу ў Беларусі. Больш за 40% апытаных рэспандэнтаў назвалі «няхватку пэрсаналу» галоўным фактарам, які перашкаджае разьвіцьцю кампаніі.
Дэфіцыт на рынку працы ўплывае на цэны, то бок інфляцыю, і вытворчасьць прадукцыі. Пра гэта гаворыць экспэрт Beroc Анатоль Харытончык.
«Дэфіцыт работнікаў — гэта бар’ер для пашырэньня эканамічнай актыўнасьці бізнэсу. Гэта пацьвярджаюць апытаньні. Такая праблема ўпершыню выйшла на першае месца падчас апытаньня. Ва ўсіх сфэрах. Дэфіцыт працоўнай сілы абмяжоўвае магчымасьці прадпрыемстваў у пашырэньні выпуску прадукцыі. Таксама ўмовы дэфіцыту кадраў патрабуюць павышаць заробак работнікам больш высокімі тэмпамі. А рост заробкаў — гэта фактар, які ўплывае на інфляцыю», — тлумачыць Анатоль Харытончык.
Паводле экспэрта, кадравы голад уплывае на рост цэнаў і на скарачэньне вытворчасьці. А справакаваны ён дэмаграфічнай праблемай, эміграцыяй і палітычным крызісам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2500 вакансій. Што адбываецца з МТЗ, які прапанаваў плаціць 500 рублёў за кожнага новага супрацоўніка