«Валадар пярсьцёнкаў» Джона Толкіна
Перад Калядамі выйшла ліцэнзаванае выданьне «Брацтва пярсьцёнка» — першай кнігі знакамітай трылёгіі «Валадар пярсьцёнкаў» Джона Р. Р. Толкіна.
Новы пераклад на беларускую мову зрабіў Ігар Кулікоў. Вокладка і мастацкае афармленьне — Настасьсі Пазьняк.
На заднюю вокладку беларускага выданьня вынесены словы Клайва Стэплза Льюіса пра значэньне твора Толкіна:
«Гэтая кніга — як маланка з чыстага неба... Яшчэ ніхто не прыдумляў сьвету настолькі шматграннага і ў той жа час настолькі вернага сваім унутраным законам; сьвету, які здаваўся б настолькі рэчаісным і які быў бы настолькі ачышчаным ад налёту індывідуальнай псыхалёгіі аўтара; сьвету, настолькі актуальнага ў цяперашніх чалавечых абставінах, але настолькі свабоднага ад алегорыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кніга Зьмітра Саўкі пра фанэтычна-графічную адаптацыю запазычаньняў атрымала ўзнагароду імя Мялета Сматрыцкага«Сьвіньні» Аляксандра Чарнухі
Першапачаткова кніга была напісана па-расейску. Аўтар прызнаецца, што зрабіў гэта наўмысна: «Таму што ў сыстэме каардынат, пабудаванай у рамане, не існуе беларускай мовы і культуры. Іх праглынуў „русский мир“, абсмактаў косткі, званітаваў вантробамі і крывавым драпежнікам паскакаў далей у пошуках новай ахвяр». Цяпер сатырычны бэстсэлер можна прачытаць па-беларуску ў перакладзе Алеся Плоткі.
«„Сьвіньні“ — гэта гісторыя аднаго выдуманага райцэнтру ў неіснуючай дзяржаве, калейдаскоп вар’яцкіх выяў, пры гэтым настолькі штодзённых і звыклых, што сьмех перыядычна змяняецца сумнай усмешкай. Чытач, магчыма, пазнае ў рамане свой горад, сваю школу, сваю вуліцу і знаёмых пэрсанажаў. У рамане „Сьвінні“ фікшн і нон-фікшн цесна пераплеценыя ў адну стужку, і часам заўважыць, дзе скончыліся мае фантазіі і пачалася суворая праўда жыцьця, немагчыма».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Па што ідзеш, воўча?» Евы Вежнавец трапіла ў топ найлепшых кніг году па вэрсіі чэскага партала Iliteratura.cz«На беразе Волі» Андрэя Хадановіча
Кнігу «На беразе Волі» надрукавалі ў бэрлінскім выдавецтве Дзьмітрыя Строцава Hochroth-Minsk. Пад вокладкай новага выданьня зьмясьцілася паэтычная квінтэсэнцыя перажытага за апошнія тры гады — вершы, якія Хадановіч напісаў у Менску, Варшаве, Краснагрудзе, Батумі, Вене, Кракаве і Гданьску. Мастачка — Сьвятлана Дземідовіч.
«Гэтым разам ня выбранае, а менавіта новае!» — так прэзэнтаваў сваю новую паэтычную кнігу сам Хадановіч у Facebook.
Пачынаецца кніжка вершам «На беразе Волі», які паклала на музыку кампазытарка Вольга Падгайская, а заканчваецца «Навагодняй паштоўкай», якую зрабіла песьняй і прасьпявала Ганна Хітрык.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выдавецтве «Вясна» выйшлі «кніга № 1 у рэйтынгах літоўскай літаратуры» па-беларуску, а таксама «Беларускі брыкалаж» пра падзеі 2020 году«Ператрус у музэі» Альгерда Бахарэвіча
Новую кнігу Альгерда Бахарэвіча «Ператрус у музэі» можна купіць у электронным фармаце на Google Play у разьдзеле «Кнігі».
Яе галоўныя героі — карнікі і судзьдзі, зьняважаныя і зьняволеныя.
Гэта кніга пра сёньняшні час, пра сапраўдны боль, пра жудасны цынізм і крывадушнасьць.
Складаецца кніга з 16 апавяданьняў — іранічна тонкіх па зьмесьце, якія б’юць дакладна ў цэль. Адны назвы шмат пра што гавораць: «Карнікі», «Сьмерць судзьдзі», «Як мне вярнулі ружовага гімлера», «Ператрус у музэі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Празе выйшла кніга Фелікса Аксёнцава «Марнатраўны сын: тэксты песень беларускіх рок-гуртоў 1987 — 2023»«Марнатраўны сын» Фелікса Аксёнцава
Фелікс Аксёнцаў — аўтар тэкстаў песень легендарных беларускіх рок-гуртоў Ulis, «Крама», «Бонда».
У зборніку, які выйшаў у праскім выдавецтве «Вясна», сабрана больш за 50 тэкстаў песень Фелікса Аксёнцава. Таксама ў кнізе шмат гістарычных фатаздымкаў музыкаў і нават ёсьць QR-коды, каб паслухаць іх альбомы.
«Дзякуй, Слава Корань, Ігар Варашкевіч, Сяржук Краўчанка, Кірыл Шэвандо, Ваня Маркаў, Міхаіл Рубін! — напісаў аўтар у сацсетках. — Калі б ня [вы] і ня [ваша] творчасьць — гэтай кнігі проста не было б».
Выдавецтва «Вясна» прыводзіць цытату з прадмовы да зборніка, якую напісаў літаратар Ян Максімюк:
«The past is a foreign country; they do things differently there». Гэтая фраза, напісаная ангельскім аўтарам гадоў семдзесят таму, прыходзіць мне на думку кожны раз, калі спрабую вярнуцца ў мінуласьць і прыгадаць, што тады адбывалася са мною і тымі, якія сустракаліся на маёй дарозе. І кожны раз міжвольна думаецца: было такое ў рэальнасьці? Дзе цяпер тая мінулая і чужая краіна? Каму яна належыць?«
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паэт Андрэй Сьцепанюк: «Калі адродзіцца вольная і беларуская Беларусь, нам на Падляшшы будзе лягчэй быць сабою»Што пачытаць дзецям?
«Мышыныя Каляды» Антона Францішка Брыля
Вершаваная казка пра тое, што нават мышы сьвяткуюць Каляды! З прыгожымі ілюстрацыямі Лізаветы Лянкевіч.
Мышаняты Юрка і Надзейка, брат зь сястрой, зімуюць разам з сям’ёй на гарышчы дома. І калі асноўныя справы-забавы пераробленыя, мышаняты, каб не сумаваць, пачынаюць дасьледаваць самы далёкі кут, дзе сярод іншага знаходзіцца батлейка! Старая мыш бабця Хрысьця расказвае малым, для чаго тая патрэбна, і мышаняты вырашаюць зладзіць выступ. Бо да Калядаў акурат сем дзён.
«Хто жыве ў гаражы?» Андрэя Скурко
Гэта вялікая кардонная кніжка зь вершамі Андрэя Скурко і малюнкамі Волі Кузьміч. У кнізе «Хто жыве ў гаражы?» 16 вершаў-гісторый пра розны транспарт: джып, палівальную машыну, трактар і нават сьмецьцевоз. "Усё будзе буксаваць і разьлівацца, раскручвацца і адвальвацца — ведаем, што любяць малыя!«,— адзначаюць аўтары.
Андрэй Скурко — дзіцячы аўтар, таксама вядомы зборнікам вершаў «Пра сланоў і барсучкоў для дзяўчат і хлапчукоў» і перакладам Чукоўскага «Добры доктар Будзьздароў». Вершы ён пісаў для свайго маленькага сына, калі адбываў пакараньне ў магілёўскай калёніі.
«Каток-пестунок». Вершы, забаўлянкі, калыханкі
Гэта клясыка дзіцячых беларускіх вершаў, укладаў кніжку Васіль Дранько-Майсюк. Тут зьмешчаныя творы Якуба Коласа, Янкі Купалы, Алеся Дудара, Валерыя Маракова, Тодара Кляшторнага, якія любілі яшчэ бабулі і дзядулі, таты і мамы і якія дагэтуль чытаюць дзецям перад сном. Таксама тут есьць і рэдкія вершы, якія былі несправядліва забытыя, бо друкаваліся 100 гадоў таму.
На старонках сярод дзівосных ілюстрацый мастачкі Надзеі Букі схаваныя цікавыя заданьні і шмат дэталяў, якія можна разглядаць бясконца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі Гары Потэр немагчымы, кажуць бацькі. Дзецям патрэбны свае літаратурныя супэргероі«Казік з Каменнай Горкі і Вядзьмак Схаванага Горада» Алеся Кудрыцкага
«Алесь Кудрыцкі разбудаваў цэлы сьвет зь вельмі арыгінальнымі героямі і прыгодамі, якія не дадуць засумаваць. Упэўненыя, усім, хто любіць Гары Потэра, спадабаецца гэтая кніга», — так прэзэнтуе кнігу выдавецтва «Янушкевіч». Мастачка Вольга Зароўская.
У апошні дзень лета ў Казіка, звычайнага хлопчыка з Каменнай Горкі, усё ідзе ня так, як трэба. Заўтра першы дзень у новай незнаёмай школе, а тут старэнькі трус зганьбіў яго перад новымі сябрамі і ўцёк з клеткі. Пошукі прыводзяць Казіка ў вагон мэтро, які прывозіць яго ў падземны горад зьвяроў, якія ўцяклі са сьвету людзей. Чым больш Казік робіцца сваім сярод стракатага зьвярынага народу, тым больш ён вучыцца цаніць сяброўства і вернасьць. А яшчэ ён паціху разумее, што над Схаваным Горадам навісла сьмяротная небясьпека — і віной таму ён сам.
«Ашуканкі» Яны Вольскай
Яна Вольская напісала сваю першую кнігу — зь вясёлых ашуканскіх гісторый. Ілюстрацыі намаляваў вядомы рок-музыка Лявон Вольскі.
«Вы, напэўна, ведаеце дзіцячыя казкі, прымаўкі, вершы, загадкі і нават шкодныя парады. А ці вы чулі пра ашуканкі? Не?
Увага! Перад вамі — першая кніга вясёлых ашуканскіх гісторыяў для дзяцей усіх узростаў», — прэзэнтуе сваю першую кнігу Яна Вольская.
Аўтарка раіць дзецям чытаць ашуканкі таемна ад бацькоў ці чытаць разам з бацькамі, пераказваць сябрам шэптам ці гучна, верыць напісанаму альбо ня верыць, пакуль яны гэта не правераць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі праз культуру мы можам зноў адрадзіцца». Рэпартаж з выставы мастачкі, якая стварае вобразы нажніцамі і фарбамі