Раман беларускай пісьменьніцы Евы Вежнавец (Сьвятланы Курс) «Па што ідзеш, воўча?» трапіў ў трыццатку найлепшых кніг за 2023 год па вэрсіі чэскага літаратурнага часопіса Iliteratura.cz.
«Яркі аповед вясковай жанчыны пра ХХ стагодзьдзе круціцца, як разьюшаная цэнтрыфуга. Гісторыя не пакіне ў спакоі тых, хто адчувае, што іх нічым ужо ў эўрапейскай гісторыі не зьдзівіць. Як хто-небудзь здолеў выжыць? Вядучая беларуская пісьменьніца, якая цяпер жыве ў Польшчы, гаворыць ня толькі пра пакуты, але найперш пра стойкасьць і нязломную непакору. Для сапраўдных дрэнных хлопцаў і шалапутных дзяўчат», — гаворыцца аб кнізе на сайце літаратурнага часопіса Iliteratura.cz.
- «Па што ідзеш, воўча?» — другая кніга Евы Вежнавец. У 2021 годзе яна стала ляўрэатам Прэміі Ежы Гедройця. У 2022 годзе кнігу пераклалі на нямецкую мову, яна выйшла ў аўстрыйскім выдавецтве Paul Zsolnay. Сёлета героі беларускага бэстсэлера загаварылі па-чэску.