«Паэзія — гэта адзін з пакояў дома, да якога доступ мае толькі паэт»
— Вашая новая кніга пачынаецца зь верша «Дом зь літар», лірычны герой якога будуе жытло для каханай зь літараў альфабэту роднае мовы. Мова для героя верша асацыюецца з домам. А чым у жыцьці аўтара ёсьць паэзія?
— Паэзія — гэта адзін з пакояў гэтага дома, да якога доступ мае толькі паэт. Ён часта бывае закрытым, а ўваход для кагосьці звонку амаль немагчымым. Там вядзецца размова аўтара з самім сабою. І толькі час ад часу, у выглядзе хаця б новай кніжкі, паэт гатоў падзяліцца сваімі думкамі з навакольным сьветам.
«Як ніхто не пераканае мяне да ўваходу ў славутыя цяпер сацсеткі, так і я многіх не пераканаю да чытаньня вершаў»
— Кожны верш вашай новай кнігі ўспрымаецца, як філязофская зацемка, у якой адзін сэнс пераходзіць у другі, трэці хаваецца за чацьвёртым, пяты не адкрываецца нават пасьля шостага прачытаньня. Часам здаецца, што вашая кніга — гэта нейкі палімпсэст, у якога некалькі аўтараў, што пісалі новыя тэксты на папярэдніх. Адкуль такая ўскладненасьць? І ці не баіцеся вы, што такой глыбінёй вобразаў і асацыяцый звужаеце кола патэнцыйных чытачоў?
— Можа, вынікае гэта з факту, што пішу даволі мала і зашмат думак зьбіраецца ў адным месцы. Я, зрэшты, залічаю сябе да паэтаў-аматараў, якія мала працуюць над вершам. Ён вельмі хутка пасьля паўстаньня робіцца мне чужым. Ніколі ўжо не навучуся сядаць кожнага ранку за працоўным сталом і гаварыць сабе: «Сёньня напішу верш». Да таго патрэбен мне імпульс, які можа прыйсьці раз на дзень, а часта раз на год. Ад часу, калі закончыў працу над «Зямлёй над белай ракой» і паслаў вершы свайму рэдактару Яўгену Вапу, не паўстала ніводнага новага верша. І можа, ужо не паўстане, а мо паўстануць іх яшчэ дзясяткі.
Паэзія — гэта гульня не для ўсіх. Даўно ў нябыт адышоў час, калі чытаньне вершаў прыцягвала сотні ці тысячы гледачоў і слухачоў. І, на маю думку, гэты працэс чымсьці вельмі нармальны. Так, як ніхто не пераканае мяне да ўваходу ў славутыя цяпер сацсеткі, так і я многіх не пераканаю да чытаньня вершаў. Такі час...
«Карціна маёй вучаніцы паўстала пад уплывам майго верша»
— А ці чытаюць вашыя вершы вашыя вучні? Ці дзеляцца ўражаньнямі? Як вас успрымаюць калегі?
— Я, папраўдзе, своеасаблівы «доктар Джэкіл і містэр Хайд». З аднаго боку, многія гады чыноўнік, а з другога — чалавек, які піша вершы. Але ж так склалася жыцьцё...
А як прыклад адносінаў да маёй паэзіі маіх вучняў прывяду здарэньне з чэрвеня гэтага году, калі канчаўся навучальны год. У падзяку ад адной з вучаніц атрымаў я намаляваную ёю карціну. Якое ж было маё зьдзіўленьне, калі ўбачыў далучаную да яе капэрту, у якой Анэля, бо так яе завуць, паясьняла, што карціна паўстала пад уплывам майго верша «Літаратура», які быў надрукаваны ў зборніку «Расьпісаны квадрат». Гэты верш, зрэшты, быў перапісаны ёю ўручную ў тым жа лісьце. Калі дадам да таго, што Анэля пачала знаёміцца зь беларускай мовай толькі пасьля пачатку навукі ў бельскім беларускім ліцэі, ня будзеце зьдзіўляцца майму ўзрушаньню.
«Я быў самым маладым сярод бургамістраў гарадоў Польшчы»
— У сваім родным Бельску Падляскім вы ёсьць вядомай грамадзкай і палітычнай асобай. Восем гадоў былі бургамістрам гораду, чатыры гады старшыянавалі ў ягонай Радзе і больш за дваццаць гадоў кіруеце ліцэем імя Браніслава Тарашкевіча. Ці адчуваеце плён ад зробленага? І ў чым вы яго бачыце?
— Так, як і многія з сяброў майго пакаленьня, у грамадзкую дзейнасьць уваходзіў я, каб паказаць нашую беларускую прысутнасьць на падляскай зямлі. Дзякуючы дэмакратычным зьменам, якія пачаліся ў Польшчы ў 1980 годзе, а потым прадаўжаліся ў 90-х мінулага стагодзьдзя, давялося і мне адзначыць сваё месца ў бельскім самакіраваньні.
Зрэшты, калі ў 1994 годзе стаў я бургамістрам свайго гораду, быў самым маладым на такой пасадзе ў Польшчы. Гэта быў час стварэньня і навукі самакіраваньня. Таму па-рознаму можна ацэньваць тое, што ў той час зрабілася. На маю думку, не хапіла ў краіне палітычных сілаў, якія б захацелі аддаць больш улады «ўніз», на ўзровень гмінаў і гарадоў.
І між іншым, таму (хаця былі далей магчымасьці існаваць у нейкай форме ў самакіраваньні) вырашыў я вярнуцца ў «свой ліцэй», якога вучнем і настаўнікам быў раней. І ёсьць у мяне вялікае задавальненьне з таго, што на працягу дваццаці гадоў дырэктарства ў ліцэі давялося мне працаваць з некалькімі тысячамі маладых людзей, якія пасьля навукі ў ліцэі знайшлі сваё месца ва ўсіх закутках Польшчы і сьвету. Самая вялікая радасьць з таго, што многія зь іх аб сваёй школе не забываюць. Але, як гэта ў жыцьці бывае, і гэты пэрыяд калісь трэба закончыць. І набліжаецца такі час і ў маім жыцьці.
«Былі мы ўжо тутэйшымі, стараліся зрабіць з нас украінцаў, цяпер маем быць закладнікамі ідэі «по-своему»
— Апошнім часам на Падляшшы шырыцца думка, што, каб у гэтым рэгіёне Польшчы захавалася беларуская нацыянальная меншасьць, трэба прапагандаваць і разьвіваць, у тым ліку, і літаратуру на тутэйшай гаворцы, напісаную «по-своему». Як вы ставіцеся да падобных меркаваньняў?
— Тутэйшая, нашая гаворка — гэта мова маіх дзядоў, маіх бацькоў, гэта мая мова. Дагэтуль не размаўляю па-другому са сваёй амаль 90-гадовай матуляй. І маю да нашай гаворкі вялізную павагу і сантымэнт. Цаню таксама ўсё тое, што для яе захаваньня зрабіў і робіць хаця б Дарафей Фіёнік у сваім Музэі малой айчыны. І ўсім нам трэба зрабіць усё, каб нашая мова засталася яшчэ сярод жывых. Але не прымаю як свае спробы зрабіць зь яе носьбіта захаваньня нас як беларусаў на падляскай зямлі. Каб існавала нацыя і яе літаратура, патрэбна мець моцныя карані. Але, выбачайце, з аўтараў, якія пішуць на сваёй гаворцы, літаратуру стварае вельмі мала асобаў. Сярод такіх можна назваць Зосю Сачко. Былі мы ўжо тутэйшымі, стараліся зрабіць з нас украінцаў, цяпер маем быць закладнікамі ідэі «по-своему». І вельмі рэдка мяняюцца людзі, якія тое чыняць, і не мяняюцца загады...
«Быць беларусам, польскім беларусам, гэта — гонар»
— Што, па-вашаму, трэба зрабіць, каб спрадвечныя насельнікі Падляшша захаваліся тут, на радзіме продкаў, як беларусы?
— Трэба нам верыць, што маем абавязак перад сваімі продкамі. Трэба верыць, што быць беларусам, польскім беларусам — гэта гонар, а не адмоўная пазнака, і трэба верыць, што добры Бог закончыць хутка гэтую праклятую вайну, якая пачалася 24 лютага 2022 году. А закончыць яе так, што над сьветам залунае сьвятло праўды, а злачынцы няхай купаюцца ў сваім «русском мире». І калі адродзіцца вольная і беларуская Беларусь, таксама нам тут, беларусам на Падляшшы, будзе лягчэй быць сабою.