Франак Вячорка: «У стратэгічным дыялёгу былі прадстаўленыя практычна ўсе групы беларускага дэмакратычнага руху, яго немагчыма згарнуць»

Франак Вячорка

Галоўны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Франак Вячорка падсумаваў папярэднія вынікі пачатку стратэгічнага дыялёгу ЗША і беларускіх дэмакратычных сілаў

«Гэта сапраўды беспрэцэдэнтная падзея, — лічыць Вячорка. — Ніколі раней ЗША не пачыналі стратэгічны дыялёг не з урадам [краіны], таму было вельмі складана ўсё гэта падрыхтаваць, арганізаваць, знайсьці адпаведны фармат, каб маглі ўдзельнічаць прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, незалежных СМІ, а з другога боку — прадстаўнікі амэрыканскага ўраду. Самі амэрыканцы зьдзіўленыя, што гэта ўсё ўдалося. Спадзяюся, заўтра пачнецца ўжо рэальная праца».

Паводле галоўнага дарадцы Сьвятланы Ціханоўскай, створаныя некалькі працоўных групаў, якія будуць дзейнічаць у наступных кірунках:

  • дапамога палітвязьням і прыцягненьне да адказнасьці [вінаватых у рэпрэсіях];
  • дапамога прыватнаму сэктару, культурным ініцыятывам, моладзі і беларускім дыяспарам;
  • падтрымка ўсіх ініцыятываў, скіраваных на аказаньне дапамогі ў самой Беларусі, у тым ліку і сумесныя стратэгічныя камунікацыйныя дзеяньні, каб спыніць расейскую агрэсію ў Беларусі.


Франак Вячорка зьвярнуў увагу на некалькі істотных падзеяў і рашэньняў.

Санкцыі супраць кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа і Акт аб дэмакратыі

«Некалькі падзеяў прайшлі паралельна з стратэгічным дыялёгам. Яны не зьвязаныя наўпрост, але рыхтаваліся да гэтай даты. Гэта новы санкцыйны пакет, які закрывае частку шчылін, а таксама нарэшце ўводзіць санкцыі супраць кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа. Гэта важна, гэта добрае пасланьне, бо зараз уся гэтая тусоўка вакол Чырвонага Крыжа, якая ўдзельнічае ў дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, будзе ведаць, што саўдзел у злачынствах будзе каштаваць дорага. Другое — гэта падача Акту аб дэмакратыі ў Беларусі – 2023, новай вэрсіі законапраекту, якія падтрымлівае дэмакратычную незалежную Беларусь, на разгляд у Кангрэс. Мы спадзяемся, што ўжо на наступным тыдні ці праз тыдзень ён будзе прыняты і апублікаваны да Новага году».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гістарычная падзея: такое ў амэрыканцаў ёсьць толькі зь Беларусьсю»

Прызначэньне спэцыяльнага пасланьніка ЗША для Беларусі

«Чакаем. Калі пра гэтае рашэньне будзе абвешчана, мы ня ведаем, але, здаецца, згода ёсьць. Раней Дзяржаўны дэпартамэнт прапанаваў прызначыць, але Кангрэс бачыў гэтую ролю па-іншаму. Нібыта зараз ёсьць адпаведны кампраміс. Мы спадзяемся, да Новага году ці на пачатку наступнага будзе і само прызначэньне, і разуменьне, як гэты спэцыяльны пасланьнік будзе працаваць».

Зьмена фармату працы амэрыканскіх місіяў і арганізацыяў у Вільні і Варшаве

«Яны вырашылі па-іншаму пабудаваць сваю дапамогу. Большую ўвагу прысьвяціць непасрэдна беларускім арганізацыям у выгнаньні і супрацы зь імі. На гэты момант амэрыканскія арганізацыі, якія працуюць зь Беларусьсю, працуюць як філіялы, напрыклад, кіеўскага офісу ці праз Вашынгтон. Але зараз будуць прызначаныя людзі, якія працуюць толькі для Беларусі, у іхных партфэлях будуць тэмы, абазначаныя ў стратэгічным дыялёгу. І гэта таксама можна назваць яго вынікам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Агенцтва амэрыканскай дапамогі USAID анасавала адкрыцьцё ў Літве офісу для падтрымкі беларускага народу

«Не разумею, чаму расейцам выдаюць візы на тры гады, а беларусам — на адзін»

«Пазытыў я бачу ў тым, што амэрыканцы гатовыя мяняць пазыцыю наконт візаў. Звычайна гэта робіцца двухбакова. Лукашэнкаўская Беларусь дае на адзін год візы, амэрыканцы таксама даюць візы на адзін год. І вельмі цікава, што, здаецца, ёсьць гатоўнасьць паламаць гэты прынцып і пачаць выдаваць даўжэйшыя візы. Я не разумею, чаму расейцам выдаюць візы на тры гады, а беларусам — на адзін год. І гэта быў бы моцны сыгнал салідарнасьці.

Другое — даць тым беларусам, якія ў ЗША, статус часовай абароны. Гэта не мільёны людзей і ня сотні тысяч. Размова ідзе пра тысячу чалавек, якія ня могуць вярнуцца ў Беларусь. Гэты статус таксама дапамог бы многім вырашыць пытаньні зь легалізацыяй пасьля новага дэкрэту [аб пашпартах], таксама гэта пасадзейнічала б, каб у эўрапейскіх краінах пытаньні з пашпартам іншаземца вырашаліся хутчэй».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафэр Сьміт: «Лукашэнка гандлюе беларускім сувэрэнітэтам дзеля захаваньня ўласнага становішча»

«Былі прадстаўленыя практычна ўсе групы беларускага дэмакратычнага руху»

«Я думаю, што сам фармат беларускай дэлегацыі быў экспэрымэнтальны, але правільны, бо былі прадстаўленыя практычна ўсе групы беларускага дэмакратычнага руху. Не заўсёды згаджаліся адно з адным. І спрэчка пра палітвязьняў таксама прагучала — ці трэба здымаць санкцыі да іх вызваленьня, ці пасьля. Мы гэтую ўнутрыбеларускую спрэчку не змаглі ўтрымаць у сабе, яна ўсё роўна трапіла на дыскусію ў стратэгічным дыялёгу, але гэта нармальна».

«Стратэгічны дыялёг ужо нельга згарнуць»

«Стратэгічны дыялёг — гэта інстытут, ён ужо створаны, запушчаны, яго нельга згарнуць назаўтра. Ён будзе праходзіць штогод. Ідэя, каб кожны год праходзілі такія пленарныя пасяджэньні, калі зьбіраюцца ўсе прадстаўнікі. Спадзяемся, што налета гэта будзе не 50 чалавек, як цяпер было, а 100-150 чалавек, і мы больш беларусаў зможам далучыць да гэтай працы. Але тут трэба добра папрацаваць, і невядома, якія будуць вынікі амэрыканскіх выбараў, бо гэта якраз трапляе на той пэрыяд.

Онлайн-сустрэчы будуць, мы спадзяемся, кожны месяц ці кожны квартал. Плюс пастаянныя мерапрыемствы. Нашая мэта — у бліжэйшыя тыдні расьпісаць на ўвесь год падзеі, якія будуць праходзіць у рамках стратэгічнага дыялёгу, якім чынам беларуская дэлегацыя ўдзельнічае, якім чынам амэрыканцы».

  • З 4 па 8 сьнежня адбываецца візыт Сьвятланы Ціханоўскай у Злучаныя Штаты Амэрыкі.
  • 4 сьнежня яна выступіла ў Ейльскім унівэрсытэце і заклікала арганізаваць там Беларускі цэнтар.
  • 5 сьнежня ў Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША з удзелам Сьвятланы Ціханоўскай прайшлі слуханьні «Будучыня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі», якія арганізаваў падкамітэт у справах Эўропы камітэту міжнародных зносін Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.
  • Падчас слуханьняў абмяркоўвалі палітыку ЗША ў дачыненьні Беларусі, санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, дапамогу грамадзянскай супольнасьці. На пытаньні амэрыканскіх кангрэсмэнаў адказвала Сьвятлана Ціханоўская.
  • Падчас адкрыцьця слуханьняў старшыня падкамітэту ​Томас Х. Кін-малодшы выступіў з прамовай, падчас якой назваў Аляксандра Лукашэнку «нелегітымным дыктатарам» і падкрэсьліў, што ў 2020 годзе рэжым Лукашэнкі пачаў перасьлед пратэстоўцаў, у тым ліку журналістаў — і згадаў імёны палітзьняволеных журналістаў Радыё Свабода — Ігара Лосіка і Андрэя Кузьнечыка, адзначыўшы, што цяпер агулам за кратамі знаходзяцца каля 1500 палітвязьняў.
  • 6–8 сьнежня ў Вашынгтоне адбываецца першы Стратэгічны дыялёг ЗША – Беларусь, дзе амэрыканскі бок прадстаўляюць урадоўцы, а беларускі — дэмакратычныя сілы, што знаходзяцца ў апазыцыі да фактычнага кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэлегацыя дэмакратычных сілаў Беларусі ў Вашынгтоне сустрэлася з кангрэсмэнамі ЗША. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская разьлічвае распрацаваць сумесную з ЗША «стратэгію па Беларусі»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Палаце прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША прайшлі слуханьні аб Беларусі з удзелам Ціханоўскай. ВІДЭА

Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША

Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.

На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.

Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.

Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:

  • палітычных лідэраў;
  • прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
  • незалежных журналістаў;
  • праваабаронцаў;
  • юрыстаў;
  • лідэраў прафсаюзаў;
  • навукоўцаў.

Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».

Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.

На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.

Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.

У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.