Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская 5 сьнежня ўзяла ўдзел у слуханьнях «Будучыня свабоды і дэмакратыі ў Беларусі», якія арганізаваў падкамітэт у справах Эўропы камітэту міжнародных зносін Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША.
Падчас адкрыцьця слуханьняў старшыня падкамітэту Томас Х. Кін-малодшы выступіў з прамовай, падчас якой назваў Аляксандра Лукашэнку «нелегітымным дыктатарам» і падкрэсьліў, што ў 2020 годзе рэжым Лукашэнкі пачаў перасьлед пратэстоўцаў, у тым ліку журналістаў — і згадаў імёны палітзьняволеных журналістаў Радыё Свабода — Ігара Лосіка і Андрэя Кузьнечыка, адзначыўшы, што цяпер агулам за кратамі знаходзяцца каля 1500 палітвязьняў.
Ён адзначыў таксама, што Лукашэнка «падрывае сувэрэнітэт Беларусі», прасоўваючы інтэграцыю ў так званую «саюзную дзяржаву» з Расеяй, а беларуская культура, мова і нацыянальныя сымбалі пад атакай рэжыму Лукашэнкі. У сваёй прамове Томас Х. Кін-малодшы згадаў і тое, што рэжым Лукашэнкі дазволіў уварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну з сваёй тэрыторыі, і адзначыў ролю Лукашэнкі ў незаконным перамяшчэньні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторыяў Украіны ў Беларусь. Таксама ён згадаў пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі і адзначыў ролю рэжыму Лукашэнкі ў мігранцкім крызісе на межах з краінамі Эўразьвязу.
«ЗША павінны працягваць падтрымліваць дэмакратычнае разьвіцьцё Беларусі. Я аплядую сьмеласьці Сьвятланы Ціханоўскай за намаганьні змагацца з тыраніяй», — заявіў ён і адзначыў неабходнасьць узмацніць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі.
Пра маштаб рэпрэсіяў у Беларусі і праблемы беларусаў, якія вымушана зьехалі за мяжу, а таксама пра адказнасьць рэжыму Лукашэнкі за дапамогу Расеі ў вайне супраць Украіны і за незаконнае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей казалі і іншыя ўдзельнікі слуханьняў. Яны таксама выказвалі спадзяваньне, што ЗША ўзмоцняць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і будуць надалей падтрымліваць дэмакратыю ў Беларусі.
Сьвятлана Ціханоўская ў сваёй прамове падзякавала Кангрэсу ЗША і амэрыканскаму народу за падтрымку дэмакратычных памкненьняў беларускага народу цягам многіх гадоў.
«Я веру, што аднойчы Беларусь стане па-сапраўднаму незалежнай, дэмакратычнай краінай, надзейным партнэрам, сябрам ЭЗ і Трансатлянтычнай супольнасьці. Для дасягненьня гэтай мэты нам неабходна зрынуць нелегітымны рэжым дыктатара Аляксандра Лукашэнкі, які кіруе краінай 29 гадоў», — зазначыла палітык.
Сьвятлана Ціханоўская нагадала, што ў 2020 годзе беларусы зрабілі выбар на карысьць дэмакратыі, свабоды і правоў чалавека, аднак сутыкнуліся зь перасьледам і няспыннымі рэпрэсіямі з боку дзяржаўных уладаў. Таксама палітык зазначыла, што афіцыйны Менск саўдзельнічае ў вайне Расеі з Украінай насуперак волі грамадзян краіны.
«Беларусы падтрымліваюць Украіну і хочуць мець добрыя адносіны з усімі суседзямі», — падкрэсьліла беларуская дэмакратычная лідэрка.
Ціханоўская выступіла за эфэктыўную абарону беларускага сувэрэнітэту ад замахаў з боку Расеі і заклікала тэрмінова ўвесьці санкцыі супраць Расеі «за яе незаконныя спробы падпарадкаваць сабе Беларусь і выкарыстоўваць яе ў канфрантацыі з нашымі эўрапейскімі суседзямі».
«Мы не павінны дапусьціць, каб Беларусь стала суцяшальным прызам для Пуціна. Беларусь не павінна стаць разьменнай манэтай у любых перамовах з Расеяй. Прынцып „Нічога пра Беларусь безь беларусаў“ павінен быць абсалютным. Нашая прысутнасьць забясьпечыць сувэрэнітэт, незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі».
Яна паведаміла, што прадстаўнікі апазыцыі працягваюць працаваць у рамках абʼяднаных палітычных структураў за мяжой.
«Я разумею, што дэмакратычны пераход у Беларусі — гэта задача для беларусаў, але ў адзіночку мы не дамо рады. Нам патрэбна падтрымка ЗША. Я заклікаю Злучаныя Штаты сумесна зь іншымі краінамі распрацаваць плян дзеяньняў для падтрымкі намаганьняў беларусаў у захаваньні незалежнасьці і аднаўленьні дэмакратыі ў Беларусі», — заявіла Ціханоўская.
Падчас выступу Ціханоўская агучыла шэраг практычных прапановаў Кангрэсу ЗША для падтрымкі дэмакратычнай Беларусі:
- Прызначыць спэцыяльнага пасланьніка ЗША для працы з дэмакратычнай Беларусьсю.
- Падтрымліваць беларусаў і дапамагаць сем’ям рэпрэсаваных. Ухваліць рашэньне аб наданьні статусу часовай абароны для беларусаў у ЗША.
- Дадаць Беларусь у плян эканамічнага аднаўленьня і пашырыць праект, які пакуль што тычыцца толькі Ўкраіны і Малдовы.
- Падтрымаць праект новага беларускага нацыянальнага пашпарту, які рыхтуецца да запуску ў 2024 годзе.
- Прыцягнуць Лукашэнку і яго памагатых да адказнасьці празь міжнародныя суды.
- Прызнаць пагадненьні, падпісаныя дыктатарам Лукашэнкам з Расеяй, несапраўднымі. Увесьці новыя санкцыі супраць Расеі за незаконныя спробы ўзяць Беларусь пад кантроль.
«Мы заклікаем да стварэньня кааліцыі за незалежную дэмакратычную Беларусь, у якой ЗША маглі б узяць на сябе вядучую ролю. Гэтая кааліцыя павінна запатрабаваць поўнага выхаду расейскіх вайскоўцаў зь Беларусі і поўнага спыненьня любога ўдзелу Беларусі ў вайне супраць Украіны, каб супрацьстаяць замахам Крамля на беларускі сувэрэнітэт і нацыянальную ідэнтычнасьць», — адзначыла Ціханоўская.
Сярод іншых рашэньняў гэтая група магла б прывесьці да стварэньня міжнароднага фонду дапамогі палітвязьням, спадзяецца Ціханоўская.
«Я заклікаю ЗША ўзмацніць ізаляцыю рэжыму і ціск. Эканамічныя санкцыі — гэта не панацэя, а інструмэнт, які дазваляе аслабіць рэжым і яго здольнасьць праводзіць рэпрэсіі і дапамагаць расейцам у вайне», — падкрэсьліла палітык.
Падчас слуханьняў стала вядома, што ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Пра гэта паведаміла Міністэрства фінансаў ЗША. У санкцыйны сьпіс увайшлі 8 фізычных асобаў і 11 кампаній зь Беларусі.
Намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінэту Беларусі Валер Кавалеўскі, які прысутнічаў на слуханьнях, пасьля іх заканчэньня паведаміў, што рыхтуецца новая вэрсія Акту аб дэмакратыі, сувэрэнітэце і правах чалавека ў Беларусі.
«Чакаецца, што неўзабаве гэты законапраект будзе ўнесены. Наколькі вядома, ён будзе больш усеабдымным і больш жорсткім датычна сытуацыі, з больш канкрэтнымі рэкамэндацыямі датычна выканаўчай улады і што ўрад Злучаных Штатаў можа зрабіць, каб паўплываць на сытуацыю ў Беларусі», — заявіў палітык.
Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША
6–8 сьнежня ў Вашынгтоне пройдзе Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША. Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацыяў, а таксама незалежных СМІ.
У ходзе стратэгічнага дыялёгу будуць абмяркоўвацца пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьця прыватнага сэктару Беларусі, а таксама пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі для беларусаў.
Стратэгічны дыялёг «Беларусь — ЗША»
Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.
На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.
Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.
Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:
- палітычных лідэраў;
- прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
- незалежных журналістаў;
- праваабаронцаў;
- юрыстаў;
- лідэраў прафсаюзаў;
- навукоўцаў.
Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».
Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.
На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.
Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.
У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.