— USAID аказваў падтрымку Беларусі многія гады, але пасьля рэпрэсій, якія надышлі пасьля выбараў, USAID закрыў у 2021 годзе свой офіс у Беларусі. Раскажыце, калі ласка, пра тое, што цяпер вы робіце для Беларусі, для падтрымкі беларускага дэмакратычнага руху, НДА, мэдыя.
— USAID аказвае падтрымку беларускаму народу на працягу апошніх 20 гадоў. І працягвае падтрымліваць беларускія дэмакратычныя сілы, грамадзянскую супольнасьць, незалежныя СМІ. Мы аказваем тэхнічную дапамогу незалежным СМІ і грамадзянскай супольнасьці. Мы дапамагаем беларускім дэмакратычным сілам, каб яны маглі падтрымліваць сувязь з беларускім народам унутры і за межамі Беларусі.
Я б сказаў, што ў многіх адносінах наша работа пашыраецца, мы ўдзяляем вялікую ўвагу ўмацаваньню нашай прысутнасьці. У найбліжэйшы час у Літве будзе адкрыты спэцыяльны офіс USAID для нашай працы ў падтрымцы беларускага народу. І адкрыцьцё гэтага офісу яшчэ раз пацьвярджае сілу нашага ўзаемадзеяньня і нашай падтрымкі.
Па сутнасьці, наша прысутнасьць у Літве захоўваецца з таго часу, як USAID папрасілі пакінуць Беларусь. І стварэньне гэтага офісу зьяўляецца фармалізацыяй і ўмацаваньнем ужо існай прысутнасьці. Мы будзем працаваць зь беларусамі, якія знаходзяцца ў Літве, а таксама падтрымліваць беларусаў па ўсім рэгіёне, даючы ім магчымасьць захаваць сваю сілу, грамадзянскую супольнасьць, прадстаўнікоў незалежных СМІ. Мы таксама працуем зь беларускімі арганізацыямі прыватнага сэктару, якія знаходзяцца за межамі Беларусі. І, як я ўжо казаў, аказваем тэхнічную дапамогу тым, хто імкнецца да пераменаў у Беларусі.
Я таксама хачу адзначыць, што USAID ганарыцца, што браў удзел у гэтым гістарычным Стратэгічным дыялёгу аб Беларусі, які адбыўся на гэтым тыдні і падчас якога абмяркоўваўся шэраг пытаньняў у падтрымцы беларускага народу і беларускіх дэмакратычных сіл у эканамічнай, палітычнай сфэрах. Таксама падкрэсьлівалася [падчас стратэгічнага дыялёгу], што рэжым Лукашэнкі будзе прыцягнуты да адказнасьці за рэпрэсіі, якія працягваюцца ў дачыненьні да беларускага народу.
Амэрыканская дапамога беларусам расьце пасьля 2020-га
— Маглі б параўнаць аб’ём сродкаў, якія USAID выдзяляў на Беларусь у папярэднія гады і колькі выдзяляе пасьля 2020-га? Ці павялічыўся абʼём?
— Фінансаваньне для Беларусі, я б сказаў, няўхільна расьце на працягу апошніх некалькіх гадоў. Двупартыйная падтрымка Кангрэсу — гэта выразны прыярытэт для USAID, што мы павінны падтрымліваць і, дзе магчыма, у кансультацыях з Кангрэсам пашыраць гэтую падтрымку. Ізноў жа ў выніку хуткіх гістарычных зьмен і расейскай агрэсіі ва Ўкраіне зьявілася магчымасьць даць некаторыя дадатковыя рэсурсы для нашых высілкаў у падтрымцы беларускага народу.
Сёньня адбылася вялікая дыскусія аб тым, як мы можам падтрымаць і праз стратэгічны дыялёг, і праз стварэньне працоўных груп узмацненьне нашага ўзаемадзеяньня зь беларускімі дэмакратычнымі сіламі, зь незалежнымі СМІ, з прыватным сэктарам, з грамадзянскай супольнасьцю. Так, рэсурсы — гэта заўсёды праблема, але мне было вельмі прыемна бачыць, што, нягледзячы на гэта, ЗША дэманструюць жаданьне павялічыць сваю дапамогу дэмакратычным сілам Беларусі. І мы працягнем знаходзіць рэсурсы ў супрацоўніцтве з Кангрэсам, каб пашырыць тую працу, якую мы робім.
Як дапамагчы беларусам на радзіме і за межамі Беларусі
— Шмат гаворыцца пра тое, што неабходна падтрымліваць тых беларусаў, якія знаходзяцца ўнутры краіны. Але відавочна, што гэта вельмі складана з прычыны рэжыму Лукашэнкі. Ці ёсьць у USAID нейкія праграмы ці праекты, якія накіраваныя канкрэтна на падтрымку беларусаў унутры Беларусі?
— Рэпрэсіі ў Беларусі ўсё павялічваюцца на працягу апошніх гадоў. Рэжым Лукашэнкі прыгнятае і стварае вельмі складаныя ўмовы для беларускай грамадзянскай супольнасьці і беларусаў. У вас у краіне зараз 1500 палітвязьняў. Рэжым прымяняе ўсё больш рэпрэсіўныя меры ў дачыненьні да тых, хто ўжо знаходзіцца ў турме, і тых, хто імкнецца выказаць сваю незалежную думку, і нават у дачыненьні да тых, хто хоча мець доступ да інфармацыі незалежных мэдыя. Я магу сказаць, у цэнтры нашых намаганьняў — забесьпячэньне сувязі паміж беларусамі за межамі Беларусі і тымі, хто (а гэтая большасьць насельніцтва) застаецца ўнутры краіны і хоча разумець, што адбывацца, хоча мець доступ да свабодных СМІ. Так што абсалютна ўсе нашыя намаганьні накіраваныя на падтрыманьне гэтай сувязі і падтрымку партнэраў, якія маюць такія магчымасьці, асабліва незалежных СМІ і груп грамадзянскай супольнасьці, каб дэманстраваць сваю працу і дэманстраваць, што яны таксама робяць і ўнутры Беларусі.
— Ад некаторых эўрапейскіх партнэраў можна пачуць і аб тым, што беларусы павінны абʼядноўвацца з расейцамі — апазыцыйныя сілы адных і другіх, мэдыя каапэравацца ў сваёй працы — і працаваць разам, рэалізуючы нейкія сумесныя праекты. Які пазыцыі ў гэтым пытаньні прытрымліваецца USAID? Ці лічыце вы, што ўсё ж лепей, калі будуць працаваць паасобку ці павінны абʼяднацца?
— Я думаю, што ў першую чаргу USAID павінен прызнаць, што Беларусь зьяўляецца самабытнай дзяржавай са сваёй мовай і ідэнтычнасьцю, якія адрозьніваюцца і асобныя ад Расеі. І мы падтрымліваем беларускую нацыянальную ідэнтычнасьць праз падтрымку беларускай мовы і культурныя праграмы. Такім чынам самі беларусы могуць адчуць сваю нацыянальную ідэнтычнасьць, адрозную ад Расеі. Я лічу, што вельмі важна падтрымаць беларусаў у гэтым. Але ў канчатковым выніку самі беларусы, самі беларускія журналісты павінны вырашаць, ці працаваць ім з калегамі з Расеі ці з калегамі з Украіны. Я сапраўды думаю, што пагроза і абʼяднаўчы элемэнт ва ўсім гэтым — гэта расейская агрэсія, якая, па сутнасьці, абʼяднала народы Ўкраіны, Беларусі і многіх людзей у Расеі. Жорсткі рэжым, які выкарыстоўваў Беларусь у якасьці пляцоўкі для ўварваньня ў сувэрэнную і незалежную краіну, спрабуе таксама фундамэнтальна падарваць незалежнасьць і тэрытарыяльную цэласнасьць Беларусі і пераканаць беларусаў падтрымаць гэтую вайну. А я ведаю, што большасьць беларусаў гэтага не падтрымлівае. Так што, я лічу, што гэта трэба выкарыстоўваць, але беларускі народ і беларускія СМІ павінны працаваць з тымі, хто, на іх думку, можа падтрымаць беларускую ідэнтычнасьць і Беларусь на шляху да незалежнасьці.
— Што тычыцца мэдыя, то якія вашыя прыярытэты ў падтрымцы СМІ, акрамя ўжо агучанай вышэй мэты ў захаваньні сувязі паміж тымі, хто па-за Беларусьсю, і тымі, хто ў краіне?
— Я думаю, што адзін з прыярытэтаў — гэта стварэньне кантэнту. Існуе відавочная цікавасьць да таго, што адбываецца насамрэч як унутры краіны, так і на рэгіянальным узроўні, і часам яна можа неймаверна ўзрастаць ад таго, якая складаная сытуацыя. Таму я думаю, што будзе захоўвацца патрэба ў якасным кантэнце.
У нас ёсьць шырокае кола партнэраў, зь якімі мы працуем. І мы бачым, што існуе вялікі попыт на падтрымку незалежных СМІ. І ёсьць вялікая колькасьць сапраўды моцных беларускіх незалежных СМІ, якія гавораць праўду і супрацьстаяць дэзынфармацыі. Наша задача — дапамагчы ім у гэтым.
І, вядома, нашы партнэры, якія вымушаныя былі рэлякавацца, сутыкаюцца з выклікамі. І тут наша задача ў тым, каб гарантаваць, што нашы партнэры змогуць выконваць сваю работу, быць лідэрамі ў сваіх галінах і працягваць выказваць думкі. Вядома ж, мы не гаворым СМІ, як ім трэба апісваць факты ці што ім рабіць.
Калі я бываю ў Літве ці ў Польшчы, заўсёды сустракаю там беларусаў, якія вельмі ўпэўненыя ў будучыні сваёй краіны. Яны маюць патрэбу ў партнэрстве і падтрымцы ад ЗША і ад нашых эўрапейскіх партнэраў. І гэта нашая адказнасьць і праца, таму што ў нашых інтарэсах падтрымліваць беларускі народ у той час, як яны імкнуцца да свабоды і незалежнасьці сваёй краіны.
Я думаю, што мы жывём у надзвычайны гістарычны час. Расейская ваенная агрэсія супраць Украіны спарадзіла неймаверную жорсткасьць і спусташэньне ня толькі ва Ўкраіне, але і ва ўсім рэгіёне. Але разам з тым зьявіліся і магчымасьці. І я думаю, што ЗША, нашыя эўрапейскія саюзьнікі, нашыя больш за 50 партнэраў, якія падтрымліваюць Украіну ў яе барацьбе за свабоду, вельмі выразна дэманструюць сваю зацікаўленасьць і ўцягнутасьць у падтрымку свабоды і дэмакратыі ва Ўсходняй Эўропе. І Беларусь — ключавы кампанэнт тут. І ЗША вельмі падтрымліваюць беларускія дэмакратычныя сілы і беларускі народ у іх руху па шляху дасягненьня свабоды і дэмакратыі.
Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША
Неабходнасьць выпрацаваць праграму стратэгічнага дыялёгу ў сакавіку 2023 году абвясьціла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вэндзі Шэрман.
На яе думку, гэта дасьць магчымасьць Дзяржаўнаму дэпартамэнту ЗША, USAID і іншым структурам ураду ЗША арганізавана і мэтанакіравана сесьці за стол перамоваў з усімі ўдзельнікамі беларускага дэмакратычнага руху — з максымальна шырокім прадстаўніцтвам, ад палітычных інстытутаў да грамадзянскай супольнасьці, арганізацый, незалежных СМІ, прыватнага сэктару.
Перамовы праходзяць, каб разам вызначыць, як далей Злучаным Штатам падтрымліваць разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці і палітычных інстытутаў, як ЗША будуць далей падтрымліваць прыватны сэктар у выгнаньні, а таксама беларускія незалежныя СМІ.
Амэрыканскі бок акрэсьліў, што жадае бачыць шырокае кола беларускіх дэмакратычных суб’ектаў, у тым ліку:
- палітычных лідэраў;
- прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці;
- незалежных журналістаў;
- праваабаронцаў;
- юрыстаў;
- лідэраў прафсаюзаў;
- навукоўцаў.
Раней прадстаўнікі Офісу Ціханоўскай і і галоўны намесьнік памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША ў супрацоўніцтве зь міжнароднымі арганізацыямі Дэвід Макфарлан абмяркоўвалі спосабы недапушчэньня сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у 2024–2025 гадах (па квоце Ўсходняй Эўропы) і арганізацыю слуханьняў па Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН, «каб патлумачыць важнасьць краіны для бясьпекі рэгіёну».
Амэрыканскія сэнатары Джын Шагін і Роджэр Уікер пасьля сустрэчы са Сьвятланай Ціханоўскай заснавалі двупартыйную групу «Вольная Беларусь». Яны таксама ўзначалілі двупартыйную рэзалюцыю, якая пацьвярджае падтрымку ЗША беларускага прадэмакратычнага руху, які летась аднагалосна прыняў Сэнат.
На 6-8 сьнежня 2023 году ў Вашынгтоне прызначаны першы Стратэгічны дыялёг Беларусь — ЗША.
Зь беларускага боку ў ім возьмуць удзел Сьвятлана Ціханоўская, прадстаўнікі яе офісу, Аб’яднанага пераходнага кабінэту, Каардынацыйнай рады, праваабарончага цэнтру «Вясна», Беларускага прэс-клюбу, «Кібэрпартызанаў» і іншых арганізацый, а таксама незалежных СМІ.
У першым дыялёгу абмяркоўваюць пытаньні правоў чалавека і шляхі вызваленьня палітзьняволеных, разьвіцьцё прыватнага сэктару Беларусі, пагрозы сувэрэнітэту Беларусі з боку Расеі. Асобным пунктам перамоваў стане абмеркаваньне візавай і міграцыйнай праблематыкі.