«Неймаверная балбатня пра посьпехі і перамогі». Час, калі Лукашэнка паўтарае памылкі позьняга Брэжнева

Леанід Брэжнеў і Аляксандар Лукашэнка. Каляж

Навошта Лукашэнку спатрэбілася адраджаць савецкі «Знак якасьці» і абвяшчаць наступны год «Годам якасьці».

Сьцісла:

  • Калі ўладзе спатрэбіўся «Год якасьці», значыць, зь якасьцю тавараў у краіне маюцца істотныя праблемы.
  • Ідэю Лукашэнкі неадкладна «забраць» і «стаць праваўладальнікамі» савецкага «Знаку якасьці» рэалізаваць немагчыма: гэта ўжо зрабілі расейскія ўлады.
  • Многія партыйныя функцыянэры ў СССР цьвяроза ацэньвалі тэхнічную і тэхналягічную адсталасьць савецкай эканомікі, але нешта істотна зьмяніць былі не ў стане.
  • Замест таго, каб праводзіць рэальныя эканамічныя рэформы, кіраўніцтва СССР абмяжоўвалася прапагандысцкімі кампаніямі. Лічылася, што разгалінаваная сыстэма прапаганды і агітацыі натхніць грамадзтва на працоўныя зьдзяйсьненьні і вырашэньне праблемы якасьці.
  • Тое, як пачыналася і чым скончылася «пяцігодка эфэктыўнасьці і якасьці» (апошняя пяцігодка эпохі Леаніда Брэжнева), паказвае, які плён прынясе ініцыяваны Лукашэнкам «Год якасьці».

Часам кола гісторыі робіць нечаканыя павароты, якія міжволі вяртаюць у даўно пражытае і амаль забытае. Вось, здавалася б, не такая значная навіна: 2024 год у Беларусі будзе абвешчаны «Годам якасьці». Лукашэнка ўжо анансаваў гэтае рашэньне і абвясьціў на мінулым тыдні ў Гомлі, што неўзабаве падпіша адпаведны ўказ. Людзі старэйшага веку тут жа ўспомнілі, як пачыналася і чым скончылася «пяцігодка эфэктыўнасьці і якасьці» — апошняя пяцігодка эпохі Леаніда Брэжнева.

Калі ўладзе спатрэбіўся «Год якасьці», значыць, зь якасьцю тавараў у краіне нешта не ў парадку. Прынамсі, у брэжнеўскім СССР было менавіта так. Ідэі савецкага «Знаку якасьці» і «пяцігодкі эфэктыўнасьці і якасьці» зьявіліся і пачалі актыўна адпрацоўвацца прапагандай менавіта ў той час, калі савецкая эканоміка сутыкнулася зь вялікімі і цяжкапераадольнымі выклікамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Боль» у адказ на «боль». Мігранты — «контрасанкцыі» Лукашэнкі супраць Захаду

«Раблю як умею. Лепш не магу!»

Наведваючы тыдзень таму ў Гомлі прадпрыемства «Крышталь», Лукашэнка як бы незнарок пачуў ад тутэйшых работнікаў прапанову, якая аказалася вельмі дарэчы перад падпісаньнем ягонага ўказу пра «Год якасьці»: прапанова заснаваць дзяржаўны «Знак якасьці».

Лукашэнка прапанову тут жа падтрымаў і прызнаўся, што яму вельмі падабаецца знак якасьці, які існаваў у СССР: «Прыгожы савецкі знак, вельмі добры». І прыдумваць нешта ўласнае ён сваім чыноўнікам ня раіць: «А навошта выдумляць? Пакуль ня позна, трэба гэты савецкі знак якасьці забраць і праваўладальнікамі стаць. Вось сёньня пачуюць, заўтра нехта забярэ. Таму трэба сёньня ўжо забраць».

Знак якасьці ў СССР

Дзяржаўны «Знак якасьці» СССР добра знаёмы, бадай, усім савецкім грамадзянам: пяцікутнік, які павінен выклікаць напамін пра пяць крылаў савецкай зоркі, з упісанай у яго літарай «К», якая адначасова нагадвала і шалі, і кавадла, і стылізаваную выяву чалавека-спажыўца . Знак быў уведзены ў 1967 годзе і першыз час сапраўды прысвойваўся толькі якасным таварам. Існавалі адмысловыя дзяржаўныя атэстацыйныя камісіі, за ўсёй працэдурай пільна сачыў Камітэт стандартаў. Пазьней, аднак, гэты знак пачалі раздаваць направа і налева, у тым ліку таварам даволі сумнеўнай якасьці, якія цяжка было параўноўваць з заходнімі аналягамі. Як прызнавалі самі савецкія чыноўнікі, ужо з канца 70-х знак прысвойвалі бессыстэмна, а кантроль за якасьцю часта станавіўся фармальнасьцю.

Напрыклад, касэтны магнітафон у савецкі час лічыўся вельмі каштоўнай рэччу: зьбіраць грошы на яго даводзілася многія месяцы, а то і гады. Шмат якія савецкія магнітафоны былі адзначаны «Знакам якасьці». Але што гэта была за якасьць... Памятаю свой першы касэтнік «Электроніка» са «Знакам якасьці». Плястыкавая накрыўка касэтнага адсеку ў ім зламалася ўжо празь некалькі тыдняў. А на такую «дробязь», як пэрыядычнае «зажоўваньне» магнітнай стужкі, карыстальнікі ўвогуле ня надта зьвярталі ўвагу: гэта было звычайнай справай у савецкай радыётэхніцы. На гэту тэму нават хадзіў дасьціпны анэкдот:

«Сустракаюцца два магнітафоны, японскі і савецкі. Савецкі кажа:

— Чуў, што гаспадар табе новую касэту купіў...

— Так.

— Дай пажаваць!»

Прыдумалі ў СССР анэкдот і пра савецкі «Знак якасьці», які даволі дакладна адлюстроўваў стан спраў зь якасьцю айчынных тавараў:

«— Што такое „Знак якасьці“?

— Гэта выява чалавека, які разьвёў рукі ў розныя бакі: „Раблю як умею. Лепш не магу!“»

Леанід Брэжнеў на зьезьдзе КПСС. Масква, 1971

Што да ідэі Лукашэнкі неадкладна «забраць» і «стаць праваўладальнікамі» савецкага «Знаку якасьці», то рэалізаваць яе наўрад ці ўдасца. Яшчэ дзевяць гадоў таму Лукашэнку апярэдзілі расейцы. Папярэдне там праводзілі вялікі конкурс, але сярод 500 конкурсных праектаў выбралі менавіта славуты савецкі пяцікутнік зь літарай «К» у цэнтры. Як адзначалі арганізатары конкурсу, «міністэрства мае намер вярнуць давер да знаку якасьці, які пасьля распаду Савецкага Саюзу быў страчаны». Цяпер, паводле рашэньня расейскага Мінпрамгандлю, гэтым знакам пазначаюцца тавары айчыннай вытворчасьці, якія будуць прызнаныя самымі высакаякаснымі. Праўда, шырокага распаўсюду знак пакуль не атрымаў. Можа, з прычыны таго, што такіх тавараў у Расеі ня так шмат.

Можна колькі заўгодна заклікаць да павышэньня якасьці, але бяз новых тэхналёгій, новых станкоў зрабіць гэта практычна немагчыма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: АЭС як мадэль гаспадараньня па-лукашэнкаўску: спачатку будуюць, потым думаюць, што з гэтым рабіць

«Мільёны пар абутку, які ніхто ніколі ня купіць»

Надзвычай цікавыя сьведчаньні пра тое, што насамрэч адбывалася ў кабінэтах рэальнай улады ў брэжнеўскім СССР, пакінуў пасьля сябе вядомы партыйны чыноўнік Анатоль Чарняеў. У 1961–1986 гадах ён працаваў на розных пасадах у міжнародным аддзеле ЦК КПСС. Быў адным з тых кансультантаў і рэфэрэнтаў, якія пісалі прамовы і артыкулы партыйным правадырам. Пазьней, у гады перабудовы, стаў памочнікам Гарбачова.

На працягу многіх гадоў Чарняеў вёў дзёньнікі, якія апублікавалі пасьля распаду СССР. Ён прысутнічаў на многіх важных нарадах у ЦК КПСС, запісваў тое, што ніколі не трапляла ў афіцыйныя справаздачы, але яскрава сьведчыла пра рэальны стан спраў у эканоміцы і палітыцы. Шмат што ў ягоных успамінах датычыць менавіта тэмы якасьці савецкіх тавараў.

МІхаіл Гарбачоў і ягоны былы памочнік Анатоль Чарняеў. Масква, 2010

Вось, напрыклад, запіс пра адзін з партыйных пленумаў у канцы 1972 году. Генэральны сакратар ЦК Леанід Брэжнеў (тады яшчэ даволі энэргічны, да свайго першага інсульту 1974 году) папракае міністра лёгкай прамысловасьці Мікалая Тарасава менавіта за якасьць савецкага «шырспажыву»:

«У вас на складах мільёны пар абутку валяюцца. Іх ужо ніхто ніколі ня купіць, таму што фасоны лапатныя... Так можна скупіць усю замежную сыравіну і пусьціць пад нож. Людзям патрэбны ня грошы, а тавары. І толькі маючы тавары, якія прадаюцца, мы можам вярнуць грошы, каб будаваць домны...».

Альбо запіс ад 17 сьнежня 1973-га:

«На складах назьбіралася на 2 млрд рублёў нехадавых тавараў, гэта значыць такіх, ад якіх адвярнуўся пакупнік. Гэта амаль роўна суме капіталаўкладаньняў ва ўсю лёгкую прамысловасьць на рэшту пяцігодкі».

Запіс ад 28 сьнежня 1975 году, са сьнежаньскай партканфэрэнцыі апарату ЦК:

«95 працэнтаў прадпрыемстваў не выпускае ніякай прадукцыі найвышэйшай якасьці, 2/3 прадпрыемстваў ня выканалі пляну. Давялося перавесьці ў распродаж (з прычыны нізкай якасьці і старамоднасьці) на 2 мільярды прадукцыі шырспажыву, але яна ўсё роўна засталася на паліцах».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сымбаль веры беларускіх прапагандыстаў знаходзіцца ў Маскве, а ня ў Менску, — Быкоўскі

«Крамы, ад якіх кружыцца галава»

Такім чынам, партыйныя функцыянэры зусім цьвяроза ацэньвалі тэхнічную і тэхналягічную адсталасьць савецкай эканомікі. Тым больш што самі яны, адрозна ад 99 працэнтаў савецкага народу, часта выяжджалі на Захад, бачылі, як там жывуць людзі, маглі параўноўваць. Яшчэ два красамоўныя запісы зь дзёньніка Анатоля Чарняева:

19 лістапада 1977-га: «17-га — shopping. Oxford Street. Цудоўныя крамы, ад якіх кружыцца галава, а непадрыхтаваную масквічку можа проста хапіць інфаркт. Народу ў крамах шмат, і купляюць, купляюць... Кунаеў неяк за сталом летуценна сказаў: крызіс, крызіс, а ўсім заваленыя і грошай, відаць, шмат ва ўсіх!»

Чарга ў абутковы магазін. Масква, 1988

20 лістапада 1979-га: «З 5 па 12 лістапада быў у Заходняй Нямеччыне <...> Галоўнае адчуваньне, якое прыгнятае дагэтуль: адсталі мы, неймаверна адсталі ад капіталізму. І ўжо нішто (у Амэрыцы хоць „нэграў лінчуюць“) не апраўдвае гэтага нашага адставаньня, і ні ў чым нельга ўбачыць нашых эканамічных і сацыяльных пераваг. Бо Нямеччына таксама была сьцёртая з твару зямлі. А ў іх заробак 2500–3500 марак (гэта нават па курсе больш за 1000 рублёў), у іх водпуск у працоўнага — шэсць тыдняў, у іх „жалезныя батальёны пралетарыяту“ <...> раніцай садзяцца ва ўласныя машыны, едуць на працу, а увечары — дадому: на кожных трох немцаў — машына. У іх дарогі такія, што калі кубак, напоўнены да краёў, паставіць на сядзеньне, то на хуткасьці ў 160 км/г не пральецца ні кроплі. У іх няма падзелу: цэнтар — правінцыя, як няма „прасёлкаў“ і другарадных дарог, няма і розьніцы паміж вёскай і горадам ні ў сэнсе дабрабыту, ні ў сэнсе камфорту.

Шалёна крыўдна і пакуль незразумела».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці рыхтуецца рэжым Лукашэнкі да вайны? Тлумачэньне Арцёма Шрайбмана

«Надыходзіць маразм, як шэрае бесьпрасьветнае воблака»

Здавалася б, за гэтым цьвярозым асэнсаваньнем павінны быць зробленыя зусім відавочныя высновы. Калі эканамічнае суперніцтва прайграна і выбраная мадэль эканомікі завяла ў тупік, то чаму не памяняць курс? Замест канфрантацыі наладзіць супрацу з Захадам, ствараць сумесныя прадпрыемствы, прыцягнуць інвэстыцыі, заходнія тэхналёгіі, праводзіць паступовыя рэформы, укараняць эканамічныя стымулы і канкурэнцыю як рухавік эфэктыўнасьці і якасьці.

Замест усяго гэтага ў 1976 годзе з трыбуны ХХV зьезду наступныя пяць гадоў у СССР былі абвешчаны «Пяцігодкай эфэктыўнасьці і якасьці». Лічылася, што разгалінаваная сыстэма прапаганды і агітацыі павінна натхніць грамадзтва на працоўныя зьдзяйсьненьні і вырашэньне праблемы якасьці.

Лёзунг «Пяцігодцы эфэктыўнасьці і якасьці — рабочую гарантыю» штодня мільгаў у кожнай савецкай газэце. У той жа самы час ва ўсіх гарадах краіны, ад Берасьця да Курылаў, як толькі ў крамы «выкідвалі» што-небудзь імпартнае (а гэта азначала — якаснае) — ці то італьянскія боты, ці нямецкія джынсы, ці фінскія курткі — тут жа выстройваліся шматгадзінныя кілямэтровыя чэргі.

Паўсядзённыя рэаліі жыцьця мала адпавядалі таму, пра што гаварылі з высокіх трыбун, паказвалі па тэлевізары і пісалі ў газэтах. Гэта было відавочна для ўсіх, у тым ліку і для тых, хто кіраваў краінай. Запіс Анатоля Чарняева ад 1 студзеня 1977 году:

«Неймаверная балбатня ўсіх mass media аб посьпехах, перамогах, росьце ўзроўню і перавагах... балбатня палітычна дурная настолькі, што, калі б незразумелым было яе бюракратычна шкурнае паходжаньне, яна магла б здацца проста правакацыйнай».

Анатоль Чарняеў на пэнсіі, 2008

Ён жа ў запісе ад 12 чэрвеня 1977 году занатоўвае рэпліку Карэна Бруценца, свайго сябра і калегі па працы ў міжнародным аддзеле ЦК КПСС: «Толя! Ідзе распад! Усеагульны распад! Які ва ўсім — і ў вялікім, і ў малым! Надыходзіць маразм, як шэрае бесьпрасьветнае воблака».

Заганнае кола гісторыі

Ня ўсе памятаюць: год, які адлічвае апошнія тыдні, Лукашэнка ў свой час абвесьціў «Годам міру і стварэньня». На працягу ўсяго гэтага «Году міру» ля беларускіх межаў працягвалася адна з самых крывавых войнаў ХХІ стагодзьдзя, у якой Беларусь бярэ ўдзел на баку агрэсара. Падобным жа чынам 2021 год лічыўся ў Беларусі «Годам народнага адзінства» — і менавіта ў той год у краіне адбываўся найбольшы грамадзкі раскол, выкліканы маштабнымі палітычнымі рэпрэсіямі і ўсталяваньнем дыктатарскага рэжыму. Якім жа будзе 2024-ы, абвешчаны «Годам якасьці»?..

Асэнсаваньне тупіку, адставаньня, пагрозаў для краіны, якія нарастаюць, нібыта ёсьць, а палітычнай волі, каб вырашаць гэтыя праблемы сур’ёзным чынам, няма. Затое, як і ў гады позьняга Брэжнева, ёсьць спроба замяніць рэальнае рашэньне прапагандысцкай кампаніяй — абвяшчэньнем чарговага года ці то «годам навядзеньня парадку на зямлі», ці то «годам якасьці». Усё гэта ўжо было. Але нікога і нічому не навучыла.

Калі ў 1980-м у СССР завяршалася «Пяцігодка эфэктыўнасьці і якасьці», і зь якасьцю, і з эфэктыўнасьцю ў краіне было ня лепш, чым да яе пачатку. СССР тэхналягічна ўсё больш адставаў ад перадавых краін сьвету. А тут яшчэ дадалося рашэньне Крамля правесьці «спэцапэрацыю» ў Афганістане. Наступствам — адпаведная рэакцыя за мяжой. Вось што пісаў пра яе Анатоль Чарняеў 28 студзеня 1980 году:

«Увесь сьвет асудзіў нас і пракляў: у ААН 104 дэлегацыі прагаласавалі супраць нас і толькі 17 — з намі. <...> Жах сытуацыі палягае ў тым, што канчатковае — аднаасобнае — рашэньне належала поўнаму маразматыку. (Хоць падрыхтавана, зварана яно было іншымі)...

Картэр пазбавіў нас 17 млн тон збожжа (у Маскве адразу ж зьнікла мука і макарона), забараніў усякі іншы экспарт, згарнуў усякія перамовы і візыты, запатрабаваў адмены Алімпіяды <...> Тэтчэр зрабіла з намі тое ж самае. Партугалія забараніла нам лавіць рыбу ў яе 200-мільнай зоне, як і ЗША — у сябе <...> Гэта ж зрабілі Канада і Аўстралія. Амаль усе краіны Захаду (за выключэньнем Францыі) скарацілі ўзровень і аб’ём усялякіх абменаў і візытаў. <...>

Банкі закрылі нам крэдыты <...>. Ня толькі амэрыканскія, але і іншыя банкі або цалкам адмаўляюцца даваць пазыкі на аплату ранейшых даўгоў (дзякуючы чаму мы ўжо шмат гадоў выходзілі са становішча), альбо амаль на 1/3 падымаюць адсоткі. <...> Становішча такое, што давядзецца адмовіцца плаціць па ранейшых крэдытах. А гэта абвестка аб банкруцтве, з усімі наступствамі...»

Леанід Брэжнеў (справа) і прэзыдэнт ЗША Рычард Ніксан, 1974

Здаецца, заганнае кола гісторыі вярнула нас на сорак гадоў назад. Вайна, санкцыі, палітзьняволеныя і палітэмігранты... Улада робіць выгляд, што ўсё цудоўна, а дзеля ўсеагульнага дабрабыту не хапае толькі нейкай дробязі. Ну вось «Год якасьці» неўзабаве абвесьціць.

... А тым часам недзе ў нетрах прэзыдэнцкай адміністрацыі нейкі непрыкметны чыноўнік, які ў працоўны час піша для бонзаў бадзёрыя даклады і справаздачы, у вольныя гадзіны, рызыкуючы, занатоўвае недзе ў сакрэтным дзёньніку (як у свой час Чарняеў) рэальныя размовы і назіраньні, думкі і развагі. Рана ці позна гэтыя сьведчаньні стануць вядомымі. Ня зараз — гадоў празь дзесяць-дваццаць. Калі пра «Год якасьці» будуць успамінаць хто з кплівай усьмешкай, а хто як пра настальгічны эпізод часам дзіўнай, часам страшнай, часам абсурднай, а часам і сьмешнай найноўшай беларускай гісторыі.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.