Рутынная справаздача міністра энэргетыкі Беларусі Віктара Каранкевіча перад Аляксандрам Лукашэнкам нечакана скончылася прэтэнзіямі на адрас Масквы. Рэпліка Лукашэнкі пра неабходнасьць кампэнсацыі расейскім бокам запозьненага ўводу АЭС выклікала адмоўную рэакцыю РФ. Рэдкая сытуацыя за апошнія два гады, калі супярэчнасьці паміж саюзьнікамі выходзяць на паверхню, у публічную плашчыню.
Сьцісла:
- «Росатом» адрынуў прэтэнзіі Менску аб кампэнсацыі за АЭС.
- Лукашэнка намякнуў, што існуюць пэўныя праблемы зь бясьпекай АЭС.
- Фундамэнтальная праблема — куды падзець лішнюю электраэнэргію, якая зьявілася ў выніку працы АЭС.
- На гэтым тле заявы Лукашэнкі пра магчымае будаўніцтва яшчэ адной АЭС выглядаюць нейкім кур’ёзам.
- Беларуская АЭС ад самога пачатку была не эканамічным, а палітычным праектам. Для Лукашэнкі было вельмі важна абвясьціць Беларусь ядзернай дзяржавай.
Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы зь міністрам энэргетыкі 31 кастрычніка заявіў: «У нас крыху зьмяніліся тэрміны ўводу ў эксплюатацыю атамнай станцыі праз расейскі бок. Натуральна, паводле дамовы мы паставілі перад імі пытаньне аб кампэнсацыях... Адказнасьць за гэта нясе расейскі бок... Дамова ёсьць дамова».
Нагадаю, што згодна зь першапачатковым пагадненьнем паміж Расеяй і Беларусьсю аб будаўніцтве АЭС скончыць будоўлю плянавалі ў 2017–2018 гадах. Адкрылі ж першы энэргаблёк толькі ў лістападзе 2020 году, а ўведзены ён у прамысловую эксплюатацыю ў 2021 годзе. Другі рэактар дасюль так і не запрацаваў.
Са словаў Лукашэнкі вынікала, што расейцы нібыта і ня супраць кампэнсацыі, пайшлі на саступкі: «Яны нам прапанавалі варыянты і па цане на сьвежае ядзернае паліва — як для расейцаў, як для сваіх станцый. І тэрмін гарантыйны на 5 гадоў (на асноўныя вузлы. — заўвага БелТА)». Але, разважае Лукашэнка, «ці задавальняе гэта беларускі бок... ці дастатковыя тыя саступкі, якія зрабілі расейцы, „Росатом“, для беларускага боку?».
Што адказаў міністар энэргетыкі, засталося за кадрам. Але адказ з Расеі прыйшоў хутка. Літаральна праз тры гадзіны зьявілася заява «Росатома», што ў адносінах зь Беларусьсю «на дадзены момант нявырашаных пытаньняў няма». Пры гэтым спаслаліся на нядаўнюю сустрэчу (16 кастрычніка) генэральнага дырэктара «Росатома» Аляксея Ліхачова з прэм’ер-міністрам Беларусі Раманам Галоўчанкам, падчас якой «зьверылі гадзіньнікі па праекце».
Што тычыцца прэтэнзій за спазьненьне з тэрмінамі ўводу ў эксплюатацыю, то расейскія атамшчыкі фактычна адрынулі прэтэнзіі беларускага боку, спаслаліся «на няпросты пэрыяд пандэміі» і заходнія санкцыі. Такім чынам, паводле вэрсіі «Росатома», два тыдні таму ніякіх патрабаваньняў кампэнсацыі Менск не вылучаў, а вось цяпер яны зьявіліся.
На другі дзень у мэдыя (спачатку на сайце REFORM.by) зьявіўся дакумэнт — запіска Міністэрства фінансаў Расеі, падрыхтаваная на пачатку гэтага году, а падпісаная Ўладзімерам Пуціным у верасьні. У ім гаворка ідзе аб працэдуры выплаты крэдыту Беларусьсю за АЭС. Але ёсьць адзін пункт, дзеля якога дакумэнт і быў «зьліты» ў СМІ цяпер. У запісцы гаворыцца, што зь лютага 2022 году графік выкананьня работ па ўводзе ў эксплюатацыю блёку № 2 БелАЭС «зазнаў зьмены, галоўным чынам з-за дзеяньняў беларускіх субпадрадчыкаў, з прычыны чаго прагнозны тэрмін уводу АЭС у эксплюатацыю пераносіцца на жнівень 2023 году». (Нагадаю, што ўжо лістапад, а блёк № 2 так і ня ўведзены ў эксплюатацыю).
Гэтая сытуацыя добра ілюструе прыроду беларуска-расейскіх дачыненьняў. Справа ў тым, што эканоміка ў двухбаковых адносінах — гэта дадатак да палітыкі. Камэрцыйныя пытаньні вырашаюцца на палітычным узроўні. Тут рынкавыя прынцыпы працуюць не заўсёды. Часта варта рабіць папраўкі на, умоўна кажучы, «саюзьніцкі каэфіцыент». Аднак праблема ў тым, што гэты каэфіцыент увесь час мяняецца пад уплывам розных вонкавых абставінаў. Адсюль і супярэчнасьці ды канфлікты ў эканоміцы.
Варта адзначыць, што, акрамя патрабаваньняў кампэнсацыі ад «Росатома», Лукашэнка абазначыў яшчэ дзьве праблемы, зьвязаныя з АЭС. Найперш гэта пытаньне бясьпекі. Лукашэнка тут выказваецца вельмі асьцярожна, дыпляматычна, але можна зразумець, што праблемы існуюць. Маўляў, Беларусь — «чарнобыльская рэспубліка», «таму адсюль такія жорсткія патрабаваньні з нашага боку па розных нюансах», «дэталі трэба дашліфоўваць і прыводзіць у адпаведнасьць». То бок праблемы зь бясьпекай Лукашэнка далікатна называе «нюансамі» і «дэталямі».
Пра тое, што гэтыя «нюансы» немалыя, сьведчыць хоць бы той факт, што за час сваёй працы першы энэргаблёк Беларускай АЭС пэрыядычна спыняўся. Як кажуць улады, «на прафіляктыку». Агулам за 2,5 года час прастою склаў адзін год. Толькі за мінулы год першы энэргаблёк не працаваў паўгода.
Другая праблема, якую ўзьняў Лукашэнка: куды дзець лішнюю электраэнэргію, якая зьявілася ў выніку працы АЭС? Ён кажа: «У нас і так электраэнэргіі ўвогуле хапала. І для прамысловасьці, і для сельскай гаспадаркі, і для людзей у вызначанай ступені. Цяпер зьяўляюцца некаторыя, я не скажу залішнія, рэзэрвы».
І гэта фундамэнтальная праблема, якая была відавочная ад самага пачатку рэалізацыі праекту. Справа ў тым, што агульная патрэба Беларусі ў электраэнэргіі — каля 38 мільярдаў кіляват-гадзін на год. 32 мільярды вырабляецца на цеплавых станцыях, якія працуюць у асноўным на газе. АЭС дае яшчэ 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год.
Тут мы сутыкаемся са спэцыфічнай, чыста беларускай мадэльлю вядзеньня гаспадаркі. Згодна зь ёю спачатку рэалізуецца вялізны і вельмі дарагі праект (паводле ацэнак, гэтая АЭС так ніколі і не акупіцца), а потым думаюць, што зь ім рабіць. Куды падзець электраэнэргію?
Справа ў тым, што Беларуская АЭС ад самога пачатку была не эканамічным, а палітычным праектам. Для Лукашэнкі гэта было пытаньнем прэстыжу. Маўляў, вось я зрабіў Беларусь і касьмічнай, і ядзернай дзяржавай.
Зь іншага боку, паводле Лукашэнкі, статус ядзернай дзяржавы — гэта пытаньне бясьпекі. Як ён аднойчы казаў, ядзерную краіну ня бамбяць. Адсюль жа выцякае ідэя пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі.
Дарэчы, улады даводзілі, што з уводам у эксплюатацыю АЭС патрэба ў расейскім газе рэзка скароціцца, будзе эканомія. У рэальнасьці ў 2019 годзе Беларусь купіла ў Расеі 20,2 мільярда кубамэтраў газу, у 2020-м — 18,8 мільярда, у 2021 годзе — 19,7 мільярда, у 2022-м — каля 19 мільярдаў кубамэтраў. І дзе эканомія?
Варыянты частковага рашэньня гэтага пытаньня ёсьць. Самы відавочны — экспарт электраэнэргіі. Але гэта стане магчыма толькі пасьля зьмены палітычнага рэжыму ў Беларусі. Цяпер ад лукашэнкаўскай Беларусі гэтую прадукцыю ніхто купляць ня будзе.
Другое. Трэба спыняць працу цеплаэлектрастанцый, якія працуюць на газе. Але цалкам закрываць іх нельга. Бо АЭС належыць пэрыядычна спыняць на рамонт і прафіляктыку, і ў гэты час трэба яе нечым замяняць, мець рэзэрвы.
Нарэшце, трэба перабудоўваць эканоміку пад мадэль, якая магла б спажываць больш электраэнэргіі (выпускаць масава электрамабілі, ацяпляць дамы электрычнасьцю і інш.). Уласна, пра гэта і вялася гаворка падчас сустрэчы Лукашэнкі зь міністрам эканомікі. Але для такой перабудовы патрэбна шмат інвэстыцый, якіх у краіне няма.
Таксама выйсьцем было б бурлівае разьвіцьцё эканомікі, якая б магла паглынуць лішкі электраэнэргіі. Але гэта таксама не пра сёньняшнюю Беларусь.
На гэтым тле заявы Лукашэнкі пра магчымае будаўніцтва яшчэ адной АЭС выглядаюць нейкім кур’ёзам. Незразумела, навошта гэта робіцца. Можа, гэта такі спосаб дражніць, спакушаць Расею новымі дарагімі праектамі, каб выкарыстоўваць гэта як сродак уплыву? Бо эканамічнага сэнсу ў гэтай ідэі няма ніякага. Адна шкода.