У Менску затрымалі цяжарную жанчыну за бела-чырвоны парасон. У Рагачове ўвагу міліцыянтаў прыцягнулі сьвятлоадбівальнікі на ровары мясцовага жыхара. Яны былі ў выглядзе паласы срэбнага і чырвонага колераў. Міліцыянты ўбачылі «бел-чырвона-белы сьцяг» і пікет. Далі штраф. У Берасьці судзілі кіроўцу за бел-чырвона-белы вымпел на шыбе аўтамабіля. У Пінскім раёне затрымалі пажылога мужчыну, які пайшоў на паляваньне ў куртцы зь бел-чырвона-белай нашыўкай.
Свабода пагутарыла з беларусам, які толькі выйшаў з ізалятару, куды трапіў за «экстрэмізм». А таксама з адвакатам — пра тое, як цяпер можна трапіць за краты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы: У Карэлічах, Лідзе і Наваполацку адбыліся масавыя затрыманьніБольшасьць не разумелі, за што затрыманыя
Міхаіл (імёны суразмоўцаў зьмененыя дзеля бясьпекі. — РС) толькі нядаўна выйшаў з ізалятару часовага ўтрыманьня, куды трапіў за «захоўваньне з мэтай распаўсюджваньня экстрэмісцкіх матэрыялаў» (артыкул 19.11 КаАП).
«Пасьля 2020 году я актыўна чысьціў свае сацыяльныя сеткі. Прыбіраў спасылкі на „экстрэмізм“, выдаляў фота зь бел-чырвона-белым сьцягам. Наагул спыніў усялякую актыўнасьць у інтэрнэце. Але па мяне прыйшлі», — кажа суразмоўца.
Прычынай візыту сілавікоў, па яго словах, стала тое, што ў Facebook ён меў у сябрах вядомага блогера.
«Я даўно забыўся пра гэта, што некалі, мо гадоў шэсьць таму, дадаў яго ў сябры», — тлумачыць Міхаіл.
У пратаколе міліцыянт напісаў: «У сацыяльнай сетцы Facebook у сваім уліковым запісе пры дапамозе свайго мабільнага тэлефону, знаходзячыся ў адкрытым доступе, захоўваў з мэтай распаўсюджваньня інфармацыйную прадукцыю „Артём Шапоров“, якая зьмяшчала ў сабе спасылку на youtube-канал „Рэальная Беларусь“, уключаную ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Міхаіл кажа, што ў аддзеле пры «афармленьні» ён бачыў шмат затрыманых праз падобныя абвінавачаньні.
«Большасьць проста лыпалі вачамі: яны шчыра не разумелі, за што іх затрымалі. У асноўным, як я назіраў, людзей бралі за падпіскі ў розных сацыяльных сетках у 2020 годзе і раней. Потым людзі забыліся на тыя падпіскі, жылі спакойна тры гады, некаторыя выдалялі свае акаўнты нават. Але цяпер ім паказваюць скрыны за 2020 год. І яны ідуць на „суткі“», — сьцьвярджае суразмоўца.
Ён таксама кажа, што быў сьведкам такой сцэны: у аддзел прывялі п’янага хулігана, які пабіў чужы аўтамабіль. Але яго адпусьцілі амаль адразу.
«Міліцыянты сказалі яму проста: «Ідзі адсюль, не да цябе, трэба бэчэбэшнікаў афармляць. Самі міліцыянты былі злосныя і стомленыя, бо тых „бэчэбэшнікаў“ шмат», — кажа Міхаіл.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самы сур’ёзны супернік Лукашэнкі». Віктару Бабарыку споўнілася 60 гадоўЛекары «адбіліся» ад перасьледу, бо іх месца працы ў цэнтры гораду
Адзін з дзейных мэдыкаў на ўмовах ананімнасьці расказаў Свабодзе, як яго і калег спрабавалі прыцягнуць да адказнасьці за тое, што падчас пратэстаў у 2020 годзе іх мабільныя тэлефоны знаходзіліся ў месцы правядзеньня пратэставых маршаў.
«Мы з калегамі здолелі „адбіцца“ тым, што наш мэдыцынскі цэнтар знаходзіцца ў цэнтры гораду. І што мы ішлі на працу ці з працы, а не на пратэсты», — патлумачыў лекар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Cайт Ex-press.livе стаў 20‑м СМІ ў сьпісе «экстрэмісцкіх фармаваньняў» паводле ўладаў БеларусіАсноўная прычына арыштаў — актыўнасьць у інтэрнэце ў 2020 годзе
Адвакат Людміла кажа, што адбываецца сапраўдны «вал» адміністрацыйных спраў паводле артыкулу 19.11 КаАП (распаўсюджваньне экстрэмізму). Яна зазначае, што большасьць людзей у 2020 годзе на нешта падпісаліся і даўно пра гэта забыліся.
«Як іх знаходзяць? Прыходзяць з праверкамі на заводы, на прадпрыемствы, у школы. Раптоўна правяраюць тэлефоны. Некаторых выклікаюць у міліцыю. Але калі выклікалі і просяць паказаць тэлефон, то яны, міліцыянты, ужо ведаюць, дзе і што шукаць. І знаходзяць», — тлумачыць юрыстка.
Суразмоўца лічыць, што сёньняшнія затрыманьні — вынік таго, як у 2020-2021 у людзей забіралі тэлефоны.
«Потым прызначалі экспэртызы. Магчыма, сьцягвалі інфармацыю на „чорны дзень“. Спачатку такая інфармацыя была нецікавай у сьвятле больш актыўных людзей. Цяпер жа ўзяліся і за „ціхіх“. Там спрэс у іх старыя падабайкі і падпіскі», — кажа Людміла.
Яна прывяла прыклад, як міліцыя прыйшла ў школу. Настаўнікаў выклікалі ў настаўніцкую. Праверылі тэлефоны.
«Некаторых забралі. Вынік — звальненьне і „суткі“. Адзін з затрыманых настаўнікаў сапраўды ня памятаў, як ён даўмеўся на нешта падпісацца ў 2020 годзе», — дадала юрыстка.
Яна лічыць, што існуе нейкі сьпіс тых, хто «засьвяціўся» падчас пасьлявыбарных пратэстаў, і міліцыянты карыстаюцца той інфармацыяй, якую здабылі з забраных у 2020-2021 гадах тэлефонаў.
Праваабаронца «Вясны» Алена Масьлюкова кажа, што ні яна, ні яе калегі ня маюць поўнай інфармацыі аб палітычна матываваных адміністрацыйных судах.
«Магу сказаць пра Гомельскую вобласьць — там за тыдзень у судах праходзіць у сярэднім 17-20 адміністрацыйных працэсаў за „экстрэмізм“. Бываюць і 24 суды за тыдзень. Аблавы праходзяць на прадпрыемствах, і тады затрыманых можа быць больш. Як у гомельскім „Беларусбанку“, дзе адразу затрымалі і потым судзілі восем чалавек», — патлумачыла Масьлюкова.
Праваабаронца таксама кажа, што ўмовы для «палітычных» у ізалятары не зьмяніліся. Затрыманым не даюць бялізны, нават забіраюць на дзень курткі, правяраюць уночы, не перадаюць перадач, сродкаў гігіены.
«Вельмі жорстка ставяцца. Калі звычайным затрыманым можна ўсё — перадачы, спаць ноччу, іншае, то „палітычных“ стараюцца абмежаваць. Прыдумляюць прычыны, каб нічога не дазволіць», — кажа праваабаронца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі прызналі тэлеграм-канал бібліятэкі і музэю імя Скарыны ў Лёндане «экстрэмісцкім» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Манцэвіча асудзілі на 4 гады агульнага рэжыму