Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Cайт Ex-press.livе стаў 20‑м СМІ ў сьпісе «экстрэмісцкіх фармаваньняў» паводле ўладаў Беларусі


Сядзіба КДБ Беларусі, які ўнёс новыя СМІ ў сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў»
Сядзіба КДБ Беларусі, які ўнёс новыя СМІ ў сьпіс «экстрэмісцкіх фармаваньняў»

У Беларусі яшчэ два інтэрнэт-рэсурсы прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» – барысаўскі рэгіянальны сайт Ex-press.livе (з усімі старонкамі ў сацыяльных сетках) і тэлеграм-чат «Гомель за Никиту Золоторева».

Такое рашэньне 24 кастрычніка прыняў КДБ Беларусі.

Датычнымі да сайт Ex-press.livе назвалі «ўраджэнцаў Расеі» Мілу Поляк («галоўны рэдактар і адміністратар»), Анастасію Баброўскую, Алега Мацкевіча, а таксама грамадзян Беларусі Паўла Сьляпухіна і Алену Кульбякіну.

Ex-press.live (ён жа ex-press.by) стварылі журналісты недзяржаўнай газэты «Барысаўскі кур’ер» (затым «Кур’ер з Барысава»), якая выходзіла з 1996-га па 2005 год і была закрытая пасьля пазову Менскага аблвыканкаму ў Гаспадарчы суд Менскай вобласьці. Тагачасны кіраўнік вобласьці Мікалай Дамашкевіч напісаў у пазове, што дзейнасьць заснавальніка газэты «супярэчыць дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам». Заснавальнік газэты Анатоль Удавічэнка памёр у 2014 годзе ва ўзросьце 55 гадоў.

У жніўні 2021 году сайт быў заблякаваны на тэрыторыі Беларусі. Суд Барысаўскага раёну двойчы – у кастрычніку 2021-га і ў лютым 2023-га – прызнаў кантэнт сайта «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У красавіку 2023 года стала вядома, што сайт пазбаўлены дамэну.by.


Паводле зьвестак «Позірку», пасьля пачатку перасьледу рэдакцыя выехала з краіны і працягнула працу за мяжой.

Да тэлеграм-чату «Гомель за Никиту Золоторева» нібыта мае дачыненьне бацька палітвязьня Мікіты Залатарова Міхаіл Лапуноў, які быў затрыманы 8 жніўня і з таго часу бесьперапынна знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня, атрымаўшы сёмы запар 15-дзённы арышт за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў» (арт. 19.11 КаАП).

Цяпер у сьпісе «экстрэмісцкіх фармаваньняў» 157 пазыцый, у тым ліку 20 СМІ:

  • інфармацыйная кампанія БелаПАН (№ 10, рашэньне аб уключэньні прынята 1 лістапада 2021 году),
  • тэлеканал «Белсат» (№ 12; 3 лістапада 2021),
  • Радыё Свабода (№ 24; 23 снежня 2021),
  • «Наша ніва» (№ 31; 14 студзеня 2022),
  • тэлеграм-канал «Бабруйск Online» (№ 38; 22 лютага 2022),
  • сайт «Флагшток» (№ 54; 29 красавіка 2022),
  • інтэрнэт-часопіс kyky.org (№ 56; 6 траўня 2022),
  • «Честная газета» (№ 59; 20 траўня 2022),
  • «Эўрарадыё» (№ 75; 20 ліпеня 2022),
  • сайт «Хартыя’97» (№ 84; 30 жніўня 2022),
  • сайт Hrodna.life (№ 99; 11 лістапада 2022),
  • самвыдат «Веснікі» (№ 107; 9 сьнежня 2022),
  • «Маланка Медыя» (№ 116; 15 лютага 2023),
  • «Брэсцкая газета» (№ 120, 28 лютага 2023),
  • сайт «MOST» (№ 128, 17 траўня 2023),
  • сайт homeldays.org («Штодзень Гомель», № 131, 23 траўня 2023),
  • тэлеграм-канал «Інсайдэр» (№ 132, 29 траўня 2023),
  • сайт zerkalo.io («Зеркало», № 135, 9 чэрвеня 2023),
  • тэлекампанія «Ранак», Сьветлагорск (№ 146, 5 верасьня 2023),
  • –сайт ex-press.live, Барысаў (№156, 24 кастрычніка 2023).

Што трэба ведаць пра экстрэмізм у Беларусі

14 траўня 2021 году быў падпісаны закон «Аб зьмене законаў у пытаньнях супрацьдзеяньня экстрэмізму», які набыў моц 14 чэрвеня. Раней праект у Палату прадстаўнікоў унёс урад, 2 красавіка яго прынялі ў першым чытаньні, а 16 красавіка — у другім. Нягледзячы на тое, што зьмены закранаюць правы, свабоды і абавязкі грамадзян і юрыдычных асобаў, публічныя абмеркаваньні не праходзілі.

У Беларусі прызнаныя экстрэмісцкімі звыш 300 тэлеграм-рэсурсаў.

Тэлеграм-канал можа прызнавацца як экстрэмісцкім матэрыялам, так і экстрэмісцкім фармаваньнем. Калі ў яго статус «экстрэмісцкага фармаваньня», ягоныя падпісчыкі таксама могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. У той жа час падпіска на каналы, якія прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», не караецца — пры ўмове, што падпісчык не аказвае падтрымкі ў папулярызацыі каналу: не рэпосьціць, не пералічвае грошай, не зьлівае туды інфармацыю.

«Матэрыялы» і «фармаваньні» сілавікі разьмяжоўваюць так: «экстрэмісцкія матэрыялы» — гэта тое, што робіць чалавек, а «экстрэмісцкія фармаваньні» — тыя, хто робіць.

Пры гэтым у МУС Беларусі адзначаюць, што стваральнікам, арганізатарам і ўдзельнікам экстрэмісцкіх фармаваньняў пагражае пазбаўленьне волі да 7 гадоў.

Першыя экстрэмісцкія фармаваньні ў Беларусі вызначылі ў сярэдзіне кастрычніка — інтэрнэт-рэсурсы dze. chat і «Рабочы рух». Цяпер іх ужо дзясяткі.

Прыцягнуць да адказнасьці за «экстрэмізм» цяпер могуць па цэлым шэрагу напрамкаў.

  • Экстрэмісцкія матэрыялы — рашэньне суду, якое прымаецца ў дачыненьні да інфармацыі.
  • Экстрэмісцкая група — устойлівая кіраваная група ў колькасьці дзьвюх ці больш асоб, якія папярэдне аб’ядналіся для ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці.
  • Экстрэмісцкая арганізацыя — арганізацыя, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, альбо якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята і ўступіла ў законную сілу рашэньне суду аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.
  • Экстрэмісцкае фармаваньне — група грамадзян, якая ажыцьцяўляе экстрэмісцкую дзейнасьць, альбо якая аказвае іншае садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці, або якая прызнае магчымасьць яе ажыцьцяўленьня ў сваёй дзейнасьці, або якая фінансуе экстрэмісцкую дзейнасьць, у дачыненьні да якой прынята рашэньне Міністэрства ўнутраных спраў або Камітэту дзяржаўнай бясьпекі аб прызнаньні яе экстрэмісцкай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG