Трэцяга лістапада вынесьлі прысуд галоўнаму рэдактару «Рэгіянальнай газеты» і палітвязьню Аляксандру Манцэвічу. Журналіста абвінавацілі ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» паводле арт. 369-1 Крымінальнага кодэксу. Прысуд — 4 гады калёніі агульнага рэжыму, паведамілі праваабаронцы.
Крымінальную справу вёў судзьдзя Аляксей Іршын, дзяржаўнае абвінавачаньне падтрымліваў памочнік пракурора Аляксандар Марцінчык.
Суд прызнаў Манцэвіча вінаватым і пастанавіў пакараць вядомага журналіста пазбаўленьнем волі тэрмінам на 4 гады ва ўмовах агульнага рэжыму. Таксама яму прысуджаны штраф у памеры 400 базавых велічынь, што складае 14 тысяч 800 рублёў.
Журналіста затрымалі 15 сакавіка 2023 году пасьля ператрусу ў ягоным доме. Да суду ён быў зьмешчаны ў сьледчую турму № 8 у Жодзіне.
Паводле сьледзтва, Аляксандар Манцэвіч, зьяўляючыся дырэктарам рэдакцыі газэты, сумесна зь іншымі асобамі з 1 студзеня 2020 году па 15 сакавіка 2023 году нібыта «распаўсюджваў у друкаваным выданьні і яго інтэрнэт-рэсурсах загадзя лжывыя зьвесткі, якія дыскрэдытуюць Беларусь і яе органы ўлады».
У артыкулах выданьня, на думку абвінавачаньня, «зьмяшчалася недакладная інфармацыя, накіраваная на прычыненьне істотнай шкоды дзяржаўным і грамадзкім інтарэсам, падрыў аўтарытэту краіны і яе органаў улады, нанясеньне шкоды нацыянальным інтарэсам, дэстабілізацыю абстаноўкі сярод грамадзян Беларусі, фармаваньне лжывых уяўленьняў аб незахаваньні ў Рэспубліцы правоў і свабод грамадзян».
Палітзьняволены Аляксандар Манцэвіч — галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты», вядучага незалежнага СМІ Маладэчна і рэгіёну. Ён неаднаразовы пераможца журналісцкіх конкурсаў і прэмій за высокія стандарты працы.
Журналіста пачалі судзіць яшчэ 26 верасьня. Але 12 кастрычніка судзьдзя Іршын прызначыў наступнае пасяджэньне аж на 23 кастрычніка. Магчыма, гэта зьвязана зь перафарматаваньнем абвінавачаньня Манцэвічу на іншы склад артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу.
У ходзе судовага працэсу да матэрыялаў справы далучылі назвы і спасылкі ўсіх публікацый, у якіх экспэртыза знайшла «экстрэмізм», а таксама пералічылі шматлікія тг-каналы і інтэрнэт-рэсурсы, якія публікавалі інфармацыю «Рэгіянальнай газеты».
У сваім апошнім слове Аляксандар Манцэвіч гаварыў пра сваіх знакамітых продкаў, пра газэту, якая сталася часткай ягонага жыцьця, пра сваю грамадзянскую пазыцыю:
«Чую галасы продкаў, ніколі ня здраджваў Бацькаўшчыне. Я люблю мой народ і маю Беларусь. Знаходзячыся за кратамі, я ня змог паставіць помнік бацьку на могілках да гадавіны. Я не летуценьнік, але ўпэўнены, што некалі зьявіцца вуліца імя „Рэгіянальнай газеты“, якая мацавала аўтарытэт беларускай нацыі, жыла клопатамі чытачоў і пісала праўду... Няма ніякай маёй віны. Шкада, што я як дзед не магу навучыць унука новым беларускім словам. А мая дачка ня можа патлумачыць унуку, дзе знаходзіцца яго дзядуля. Але яму ня будзе сорамна за дзеда. Шкада газэту, якая магла існаваць доўгія гады... Сваёй віны не прызнаю».
Прадзед Аляксандра Манцэвіча Данат быў удзельнікам паўстаньня 1863 году. Ягоны дзед, пэдагог і грамадзкі дзеяч Флор Манцэвіч, змагаўся за беларускія школы ў Заходняй Беларусі, пісаў у «Нашу ніву» і быў першым настаўнікам Генадзя Цітовіча, харавога дырыжора і этнографа. Бацька Аляксандра — журналіст і пісьменьнік Барыс Манцэвіч.
У ходзе судовага пасяджэньня 2 лістапада дзяржаўны абвінаваўца запрасіў для журналіста пазбаўленьне волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму тэрмінам на 4 гады, а таксама вялікі штраф у памеры 400 базавых велічынь.
Суд пагадзіўся з просьбай пракурора.
Дачка асуджанага Наста Манцэвіч перадала таксама словы падзякі, якія журналіст сказаў у адносінах тых, хто яго падтрымліваў.
«Дзякуй яшчэ раз усім за падтрымку мяне. Бясконцы дзякуй маёй сям’і, сябрам і калегам, усім тым, хто прыходзіў усе гэтыя 7 дзён на пасяджэнні, хто не прыходзілі і перажывалі за мяне, хто пісаў мне пісьмы ў Жодзіна, хто дасылаў пасылачкі і ня толькі, дзякуй усім».