Кнут Абрагам — каардынатар групы «За дэмакратычную Беларусь» у нямецкім Бундэстагу, ён быў адным з арганізатараў сходу такіх парлямэнцкіх групаў з 20 краін, актыўна ўдзельнічаў у дэбатах на тэму Беларусі ў парлямэнце Нямеччыны.
— Апошнія дні ў Бэрліне былі сапраўды беларускімі, тут прайшло абʼяднаўчае пасяджэньне Альянсу парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь», а ў нямецкім Бундэстагу правялі дэбаты і прынялі рэзалюцыю «За дэмакратычную Беларусь у эўрапейскай сям’і». Якія вашыя агульныя ўражаньні ад гэтых падзеяў, які, на вашую думку, іх галоўны пасыл для беларусаў, якія жывуць у сваёй краіне і на эміграцыі?
— Наша галоўнае пасланьне беларусам, якія жывуць на выгнаньні, такое: 9 лістапада — гэта дзень, калі мы ўспамінаем падзеньне Бэрлінскага муру ў 1989 годзе. Урок, які мы з гэтага вынесьлі, наступны: дыктатуры — гэта нелегітымныя, нетрывалыя злачынныя арганізацыі. Яны хутка і раптоўна рассыпаюцца пры зьмене абставінаў. Мы працуем з дэмакратычным рухам пад кіраўніцтвам Сьвятланы Ціханоўскай, каб быць гатовымі да моманту, калі беларусы атрымаюць магчымасьць самім вырашаць свой лёс.
Мы цьвёрда верым у Беларусь у складзе эўрапейскай сямʼі народаў. Калі скончыцца дыктатура Лукашэнкі і ўсталюецца дэмакратыя, Беларусь трэба запрасіць у Эўразьвяз. Уступленьне ў Эўразьвяз — гэта працяглы працэс з мноствам праблемаў. Працуючы сёньня з поўнай энтузіязму і адданасьці справе камандаю спадарыні Ціханоўскай, мы ўжо пракладаем гэты шлях.
Нямеччына таксама падтрымлівае ўрад Украіны ў выгнаньні расейскіх войскаў з украінскай тэрыторыі. Калі Пуцін прайграе гэтую вайну, зьявіцца магчымасьць пашырыць зону міру, свабоды і дэмакратыі ў Эўропе. І мы скарыстаемся гэтай магчымасьцю.
І калі мы сёньня адкрываем Эўразьвяз для Ўкраіны, Малдовы і Грузіі, мы ўжо захоўваем тут месца і для Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У нямецкім Бундэстагу прынялі рэзалюцыю «За дэмакратычную Беларусь у эўрапейскай сям’і». Што ў ёй— Адзін з пунктаў рэзалюцыі Бундэстагу — аб Расеі, якая цяпер вядзе агрэсіўную вайну супраць Украіны: паступовае паглынаньне Беларусі, якога дамагаецца Крэмль пры падтрымцы Аляксандра Лукашэнкі, абсалютна непрымальнае, яго трэба перадухіліць. Як вы думаеце, што можна зрабіць, каб спыніць такі сцэнар?
— Мы ніколі не пагодзімся з тым, каб Беларусь стала ахвярай імпэрскіх амбіцый Расеі. Мы рашуча асуджаем дзеяньні рэжыму Лукашэнкі, які дапамагае Расеі ў агрэсіўнай вайне супраць Украіны, дазваляе разьмяшчаць расейскіх вайскоўцаў і службы бясьпекі, а таксама ядзерную зброю ў Беларусі. Заходнія санкцыі нацэленыя на ўсіх, хто ўдзельнічае ў гэтай спробе незаконнага захопу.
Лукашэнкаўская палітыка пад узьдзеяньнем Расеі, скіраваная на спыненьне ўжываньня беларускай мовы і ўціск культуры, парушае асноўныя правы чалавека і грамадзяніна. Усе вінаватыя павінны быць выяўленыя і прыцягнутыя да законнага суду. Мы будзем рашуча падтрымліваць беларускую эміграцыйную супольнасьць у захадах, скіраваных на захаваньне жыцьцяздольнасьці беларускае мовы і культуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусы выберуць ЭЗ, калі даведаюцца пра выгады». Вячорка і Кавалеўскі пра Ціханоўскую ў Бэрліне
— Вы каардынатар групы «За дэмакратычную Беларусь» у Бундэстагу. Якія яе мэты?
— Мы заснавалі Групу сяброўства «За дэмакратычную Беларусь» у нямецкім Бундэстагу, каб падтрымаць дэмакратычны рух у выгнаньні, аб’яднаны пад кіраўніцтвам спадарыні Ціханоўскай, якая перамагла на выбарах 2020 году. Мы прыцягваем увагу да пытаньняў, зьвязаных зь Беларусьсю, у Бундэстагу, кансалідуем падтрымку для Абʼяднанага пераходнага кабінэту спадарыні Ціханоўскай, для беларускага народу на радзіме і ў выгнаньні і, у тым ліку, для значна больш як 1500 палітычных зьняволеных, якіх незаконна трымаюць у бесчалавечных умовах, катуюць, ізалююць, жорстка абыходзяцца зь імі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што гаварылі ў Бэрліне эўрапейскія дэпутаты — сябры новай Беларусі— Што, на вашу думку, павінен рабіць новы Альянс парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь», у які ўвайшлі дэпутаты з 20 краін?
— Альянс парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь» кагадзе быў заснаваны на нашай канфэрэнцыі ў Бэрліне. 26 дэпутатаў з 20 краінаў былі накіраваныя ад групаў сяброўства «За дэмакратычную Беларусь» у сваіх нацыянальных парлямэнтах. Мы сабраліся, каб выслухаць патрэбы беларускай супольнасьці і даведацца пра становішча беларусаў у Беларусі і на эміграцыі. Новаствораны Альянс абмеркаваў пытаньні паяднаньня дзейнасьці, пошуку лепшых мэтадаў працы, узаемнае вучобы і абмену досьведам. Мы раздавалі і параўноўвалі парлямэнцкія рэзалюцыі, каб матываваць больш парлямэнтаў Эўропы і Паўночнай Амэрыкі да прыняцьця падобных заяваў падтрымкі.
Наша заява аб шырокай падтрымцы таксама мае на мэце падбадзёрыць беларусаў на радзіме і ў выгнаньні, даць надзею, паказаць шлях выхаду Беларусі з гэтай невыноснай сытуацыі і вяртаньня ў эўрапейскую сямʼю народаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь — Захад: ці варта разьлічваць на хуткія перамены ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар замежных спраў Швэцыі: «Месца Беларусі — у Эўразьвязе». ВІДЭА ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Бэрліне ствараюць альянс парлямэнцкіх групаў «За дэмакратычную Беларусь». Такія групы ёсьць у 21 парлямэнце