Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нямецкім Бундэстагу прынялі рэзалюцыю «За дэмакратычную Беларусь у эўрапейскай сям’і». Што ў ёй


8 лістапада Сьвятлана Ціханоўская выступіла перад Камітэтам у міжнародных справах Бундэстагу і заклікала дэпутатаў прыняць рэзалюцыю па Беларусі. Па выніках дэбатаў дэпутаты прынялі рэзалюцыю «За дэмакратычную Беларусь у эўрапейскай сям’і».

Рэзалюцыю, прапанаваную кіроўнай кааліцыяй, прынялі большасьцю галасоў. Падчас дэбатаў супраць рэзалюцыі выступалі дэпутаты фракцыі Альтэрнатывы за Нямеччыну, але дэпутаты ад сацыял-дэмакратаў, хрыьсціянскіх дэмакратаў, лібэралаў, зялёных — усе віталі Сьвятлану Ціханоўскую, паведаміла прэс-служба палітыка.

«Гэтай рэзалюцыяй Нямеччына падтрымала эўрапейскі выбар Беларусі. Рэзалюцыя вяртае Беларусь на парадак дня, дапаможа вырашаць праблемы беларусаў за мяжой, узмацняе нас на міжнароднай арэне. Гэта важны сыгнал салідарнасьці беларусам», — сказала Сьвятлана Ціханоўская пасьля прыняцьця рэзалюцыі.

Дэпутат Робін Вагнэр падчас дэбатаў распавёў пра палітзьняволеных Ігара і Дашу Лосікаў, над якімі ўзяў шэфства, і ўзгадаў у сваёй прамове дачку палітвязьняў Паліну, а таксама расказаў пра тое, што трэба дапамагаць тым, хто зараз уцякае ад рэпрэсій, і пра неабходнасьць большага ціску на рэжым Лукашэнкі.

«Атмасфэра ў залі паседжаньня Бундэстагу была вельмі спрыяльная, было шмат аплядысмэнтаў, шмат слоў салідарнасьці і падтрымкі. Гэта падтрымка ўсяму беларускаму народу, — адзначыў у камэнтары Свабодзе Франак Вячорка, старэйшы дарадца Ціханоўскай. — Дэпутаты Бундэстагу называлі Сьвятлану Ціханоўскую абранай прэзыдэнткай, якая перамагла на выбарах, і кіраўніцай Абʼяднанага пераходнага кабінэту».

Паводле яго, па выніках дэбатаў рэзалюцыю прынялі бяз правак.

Што ў тэксьце рэзалюцыі

У тэксьце прынятай рэзалюцыі адзначаецца: «Нямецкі Бундэстаг цьвёрда стаіць на баку ўсяго беларускага дэмакратычнага руху, Сьвятланы Ціханоўскай і ўзначаленага ёй Аб’яднанага Пераходнага Кабінэту. Беларусы павінны ведаць, што свабодную і дэмакратычную Беларусь будуць вітаць у сямʼі эўрапейскіх дзяржаў».

Дэпутаты віталі абмежавальныя меры, раней уведзеныя супраць рэжыму Лукашэнкі, і заклікалі ўрад Нямеччыны працягваць выступаць у ЭЗ за далейшае ўвядзеньне пэрсанальных і сэктаральных санкцыяў у дачыненьні да прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі і структур, якія яго фінансуюць, паведаміла прэс-служба Ціханоўскай.

Дэпутаты асудзілі падтрымку рэжымам Лукашэнкі вайны Расеі супраць Украіны і «жорсткія дзеяньні беларускага рэжыму супраць супраць уласнага насельніцтва і беларускага дэмакратычнага руху». У рэзалюцыі рэжым Лукашэнкі заклікалі «спыніць рэпрэсіі, вызваліць усіх палітвязьняў, забясьпечыць правядзеньне свабодных і справядлівых выбараў пад назіраньнем АБСЭ і неадкладна спыніць падтрымку вайны супраць Украіны».

У той жа час у рэзалюцыі заклікалі «праводзіць адрозьненьне паміж Беларусьсю і Расеяй і цьвёрда выступаць за захаваньне сувэрэнітэту Беларусі», а таксама даць адназначна зразумець Расеі, што паступовае паглынаньне Беларусі «абсалютна непрымальнае і будзе адхілена самым рашучым чынам». У рэзалюцыі гаворыцца, што Бундэстаг выступае за ўмацаваньне беларускай ідэнтычнасьці, у тым ліку за разьвіцьцё беларускай культуры і мовы.

Дэпутаты заклікалі ўрад Нямеччыны падтрымліваць дэмакратычныя сілы Беларусі ў іх імкненьні пабудаваць новую дэмакратычную Беларусь, дапамагаць ім у гэтым і даць выразны і ясны сыгнал беларускаму грамадзтву, «што дэмакратычную Беларусь вітаюць у эўрапейскай супольнасьці, заснаванай на дэмакратычных каштоўнасьцях».

У рэзалюцыі ухваляецца дапамога і рэабілітацыя палітвязьняў ды асобаў, пацярпелых ад рэпрэсій: у ёй гаворыцца, што ахвярам гвалту, рэпрэсій і катаваньняў мусяць надаваць шчодрую падтрымку, таксама павінен быць аблегчаны ўезд для тых, хто зазнае палітычны перасьлед.

У рэзалюцыі сказана, што Нямеччына паспрыяе разьвіцьцю беларускай незалежнай прэсы, дэмакратычных інстытутаў і грамадзянскіх ініцыятываў, паведамляе прэс-служба Ціханоўская.

Асобная ўвага ў рэзалюцыі прысьвечаная юрыдычным пытаньням, зь якімі цяпер сутыкаюцца беларусы ў выгнаньні. Бундэстаг будзе спрыяць вырашэньню праблемаў беларусаў з дакумэнтамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG