Наконт нападу групоўкі ХАМАС на Ізраіль афіцыйны Менск выказаўся няпэўна і двухсэнсоўна, Аляксандар Лукашэнка, звычайна ахвочы камэнтаваць усё на сьвеце, наагул дагэтуль маўчыць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская і МЗС Беларусі пракамэнтавалі атаку ХАМАС на ІзраільДля таго, каб зразумець, чаму пазыцыя афіцыйнага Менску такая і якой яна можа стаць, варта прыгадаць, якія стасункі мела і мае Беларусь з гэтым рэгіёнам, з краінамі Блізкага Ўсходу. Да Блізкага Ўсходу традыцыйна адносяць 18 дзяржаваў, у тым ліку і Палестынскую аўтаномію.
Існуе прымаўка: сьцяг ідзе за гандлем. Іншымі словамі, палітыка адносна тых ці іншых дзяржаваў вызначаецца гандлем, які зь імі вядзецца. У гэтай частцы мы апішам, якімі былі гандлёвыя сувязі Беларусі з краінамі рэгіёну ў 2014–2021 гадах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна ў Ізраілі: афіцыйны нэўтралітэт Менску і антыізраільскія сымпатыі беларускіх дзяржаўных мэдыяТакі часавы інтэрвал выбраны таму, што Белстат дае найбольш падрабязныя і поўныя дадзеныя адносна гандлю Беларусі таварамі і паслугамі з Блізкім Усходам менавіта ў гэты прамежак часу. Васьмігадовы інтэрвал дае магчымасьць убачыць пэўныя тэндэнцыі ў гандлёвых адносінах. У той жа час ён не сягае ў сівую даўніну эканамічных стасункаў, якая, можа, непасрэдна ўжо не вызначае цяперашняй эканомікі і палітыкі.
Дадзеныя па гандлі з усімі краінамі рэгіёну прадстаўленыя на наступнай мапе.
* Белстат, Замежны гандаль таварамі , Замежны гандаль паслугамі
Гандлёвае абарачэньне — гэта сума экспарту і імпарту. Калі глядзець на гэты паказьнік, то высьвятляецца, што асноўнымі гандлёвымі партнэрамі Беларусі ў рэгіёне не былі найбольш зацятыя праціўнікі Захаду. На першым месцы — чалец NATO Турэччына, на другім — чалец Эўразьвязу Кіпр, Ізраіль — на чацьвёртым.
Адразу ж пасьля пачатку цяперашняга канфлікту турэцкі лідэр Рэджэп Таіп Эрдаган заклікаў ізраіліцянаў і палестынцаў устрымлівацца ад варожых дзеяньняў, якія могуць пагоршыць сытуацыю. У Ізраілі некаторыя расцанілі пазыцыю Анкары ў канфлікце як варожае стаўленьне да Ізраіля.
Кіраўніцтва Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, у адрозьненьні ад многіх іншых арабскіх дзяржаваў, асудзіла напад ХАМАС на Ізраіль.
У той жа час як Іран — горача ўхваліў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Іранскі аятала заявіў, што «цалуе рукі» тым, хто плянаваў атаку на ІзраільАднак паводле памеру гандлёвага абарачэньня зь Беларусью ОАЭ — на трэцім месцы, а Іран — на шостым. І ўвесь гандаль зь Іранам Беларусі за 8 гадоў не нашмат пераўзышоў паўмільярда даляраў.
Днямі кіраўнік Арганізацыі падтрымкі гандлю Ірану Мэхдзі Зэйгамі заявіў, што агульны абʼём гандлю паміж Тэгеранам і Менскам цягам наступных двух гадоў павінен дасягнуць 400 млн даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Іран заплянавалі рост узаемнага таваразвароту ў чатыры разыМожа і павінен. Але ў 2014-2021 годзе ён агулам складаў 642.4 мільёны даляраў.
Магчыма, Аляксандар Лукашэнка зь ідэалягічных меркаваньняў і хацеў б заняць такую ж пазыцыю ў цяперашнім крызісе на Блізкім Усходзе, якую займае Тэгеран. Але ў выніку пазыцыя афіцыйнага Менску аказалася блізкай да пазыцыі адносна канфлікту свайго галоўнага гандлёвага партнэра ў рэгіёне — Турэччыны. У 2014-2021 гадах на гэтую краіны прыпадала 43% гандлёвага абарачэньня з усім рэгіёнам разам.
Пры гэтым Палестынская аўтаномія ў памеры гандлёвага абарачэньня зь Беларусьсю — на 15-м месцы з 18 краінаў рэгіёну. Гэта, магчыма, і не вызначае палітыку, але ўплывае на яе.
На мапе, прадстаўленай вышэй, пазначаныя таксама долі экспарту зь Беларусі ў адпаведныя краіны ў гандлі зь імі. Беларусь мае з 12-цю з 18 краінаў рэгіёну станоўчае сальда зьнешняга гандлю. Калі адпаведная лічба — больш за 50%, гэта азначае, што экспарт Беларусі ў адпаведную краіну перавышае імпарт зь яе. Праўда, з лідэрам сьпісу — Турэччынай — сытуацыя адваротная. Але з астатнімі чальцамі першай шасьцёркі рэйтынгу, у тым ліку зь Ізраілем і Іранам, Беларусь мае станоўчае гандлёвае сальда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эрдаган: Турэччына і Беларусь павысяць таваразварот да 1 мільярду даляраўУ прынцыпе, станоўчае сальда ў гандлі — гэта не самамэта, эфэктыўным можа быць і гандаль з адмоўным сальда. Аднак доўгае перавышэньне імпарту над экспартам зь нейкай краіны можа весьці да ўзмацненьня залежнасьці ад яе.
Таксама на мапе пазначана, які адсотак у беларускім экспарце ў адпаведныя краіны Блізкага Ўсходу складае экспарт паслугаў. Вельмі часта, аналізуючы зьнешнеэканамічныя дачыненьні, апэруюць дадзенымі толькі гандлю таварамі, гэта як бы больш рэальныя рэчы, чым паслугі.
Між тым, як бачым, гандаль паслугамі складае ладную частку гандлю Беларусі з многімі краінамі рэгіёну. Можна заўважыць пэўную, хаця і слабую, сувязь: чым большыя памеры гандлёвага абарачэньня, тым у сярэднім вышэйшая доля паслуг у беларускім экспарце. Хаця і не без выключэньняў: Эгіпет — пяты гандлёвы партнэр Беларусі ў рэгіёне, аднак у экспарце туды паслугі практычна адсутнічаюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі ІТ-мільянэр стварыў партыю, каб эўрапеізаваць КіпрУражваюць дзьве іншыя анамаліі ў адваротны бок — гэта Кіпр і Палестына. У Кіпр амаль усе беларускія пастаўкі — гэта паслугі. Можна меркаваць, што гэта пераважна банкаўскія паслугі і апэрацыі ІТ-сэктара. Невыпадкова, што «каралі» беларускага ІТ Віктар Кіслы і Юры Гурскі жывуць (ці, прынамсі, жылі) менавіта на Кіпры.
Складана сказаць, якія менавіта паслугі прадавалі Палестыне ў 2014–2021 гадах. Але тут размова ідзе пра параўнальна невялікія грошы — каля 3 мільёнаў даляраў.
У канцы прапануем графікі, якія апісваюць дынаміку гандлю Беларусі з 6 краінамі рэгіёну — самымі буйнымі гандлёвымі партнэрамі Беларусі.
Тэндэнцыя — прыкладна стабільны ўзровень экспарту ў Турэччыну. У пачатку пэрыяду — рост імпарту з Турэччыны, у 2020-м яго падзеньне, але ў 2021 годзе — вяртаньне на ранейшы ўзровень.
Тэндэнцыя — няўхільны рост экспарту зь Беларусі (нагадаем, які амаль цалкам складаецца з экспарту паслуг). У параўнаньні з 2014 годам, да 2021 году гэты экспарт вырас удвая.
У 2015 годзе — рэзкае падзеньне і экспарту, і імпарту. Далей — манатонны рост экспарту разам са зьніжэньнем імпарту. За 7 гадоў — рост экспарту на 200 мільёнаў даляраў. У цэлым — рост гандлёвага абарачэньня.
Тэндэнцыя — сталы, амаль без ваганьняў рост экспарту зь Беларусі, больш павольнае, але таксама няўхільнае зьніжэньне абʼёмаў імпарту. У цэлым з 2016-га па 2021 год рост гандлёвага абарачэньня больш як на 200 мільёнаў даляраў.
Няма вызначанай дынамікі: рэзкае — больш чым напалову — падзеньне экспарту ў 2016 годзе, потым падʼём, пік у 2019 годзе, калі быў амаль дасягнуты ўзровень 2014 году, потым — ізноў спад. У тым жа 2016 годзе — падзеньне і імпарту таксама, пасьля чаго ён застаўся практычна нязьменным да 2021 году.
За выключэньнем скачка ўгору ў 2017 годзе і экспарту, і імпарту (на 20 і 40 мільёнаў даляраў адпаведна), у цэлым навідавоку трэнд на зьмяншэньне беларускага экспарту ў Іран. Імпарт у 2018 годзе вярнуўся на ранейшы ўзровень і не пакідаў яго да 2021 году.
Так выглядае адказ на пытаньне, з кім і як гандлюе Беларусь на Блізкім Усходзе. Пра тое, з кім яна там сябруе, у наступнай публікацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У закладніках ХАМАС у Газе застаюцца 222 чалавекі, вызвалілі толькі дваіхВайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае
- 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
- Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
- Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
- ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
- Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
- Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
- 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
- Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
- Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
- Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
- Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
- 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
- За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
- 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.
«Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.
«Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША. - Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
- 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
- 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
- 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.