Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У закладніках ХАМАС у Газе застаюцца 222 чалавекі, вызвалілі толькі дваіх


Вызваленыя з палону ХАМАС Юдыт і Наталі Раанан
Вызваленыя з палону ХАМАС Юдыт і Наталі Раанан

Раней радыкальная групоўка ХАМАС заявіла аб вызваленьні дзьвюх закладніц, якіх утрымлівала ў сэктары Газа пасьля нападу на Ізраіль 7 кастрычніка.

Прадстаўнік Арміі абароны Ізраілю Даніель Хагары паведаміў, што ў закладніках у ХАМАС сёньня знаходзяцца 222 чалавекі. Паводле яго, інфармацыя аб колькасьці закладнікаў зьмяняецца, бо сярод іх шмат замежных грамадзян. Для іх ідэнтыфікацыі і апавяшчэньня сем’яў спатрэбіўся час.

«Мы будзем выкарыстоўваць усе мэтады, каб вызваліць палонных і вярнуць іх у семʼі», — заявіў Хагары.

Напярэдадні армія абароны Ізраіля паведаміла аб 212 закладніках. Тады вайскоўцы ўдакладнілі, што лічба не канчатковая, бо многія лічацца зьніклымі бязь вестак.

Раней групоўка ХАМАС заявіла аб вызваленьні дзьвюх закладніц, якіх утрымлівала ў сэктары Газа пасьля нападзеньня на Ізраіль 7 кастрычніка. Гэта маці і дачка — Юдыт і Наталі Раанан, 59 і 18 гадоў. Абедзьве яны, акрамя ізраільскага грамадзянства, маюць і амэрыканскае. Паведамляецца аб тым, што пасярэднікам у перамовах аб іх вызваленьні выступаў Катар.

Офіс прэм’ер-міністра Ізраілю афіцыйна пацьвердзіў вызваленьне Раанан. Ізраільскія СМІ паведамляюць, што іх перадалі ўладам Эгіпта празь мяжу з сэктарам Газа. Біньямін Нэтаньягу заявіў, што закладніц вязуць на вайсковую базу ў цэнтральнай частцы Ізраіля, дзе яны змогуць узьяднацца з роднымі. Маці і дачка ў пачатку месяца прыехалі на сямейную ўрачыстасьць у кібуц Нахаль Оз на поўдні Ізраіля, дзе 7 кастрычніка іх выкралі баевікі ХАМАС.

Сьцьвярджаецца, што жанчын вызвалілі «з гуманітарных прычынаў» без усялякіх умоў.

У сэктары Газа, па зьвестках падкантрольных ХАМАС афіцыйных асоб, больш за 4 тысячы загінулых падчас узброенага супрацьстаяньня з 7 кастрычніка.

Вайна Ізраілю з ХАМАСам. Асноўнае

  • 7 кастрычніка 2023 году Ізраіль зазнаў ракетнага ўдару з боку сэктару Газа, а баевікі руху ХАМАС прарваліся на тэрыторыю краіны, забіўшы ня меней за 260 удзельнікаў музычнага фэсту і захапіўшы сотні закладнікаў. Некаторых людзей расстрэльвалі проста на вуліцах.
  • Уварваньне з сэктару Газа адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.
  • Армія абароны Ізраілю (ЦАХАЛ) у адказ на атаку пачала ваенную апэрацыю «Жалезныя мячы». Ужо 8 кастрычніка Ізраіль афіцыйна абвясьціў стан вайны.
  • ХАМАС папярэдзіў, што будзе забіваць аднаго з закладнікаў кожны раз, калі ізраільскія вайскоўцы будуць бамбіць цывільныя аб’екты ў Газе.
  • Іран заявіў, што не бярэ ўдзелу ў вайне, але адкрыта заявіў пра падтрымку дзеяньняў ХАМАСу. Найвышэйшы ўладар Ірану аятала Алі Хамэнэі заявіў: «Мы цалуем рукі тым, хто плянаваў напад на сыянісцкі рэжым».
  • Колькасьць параненых беларусаў на 10 кастрычніка 2023 году — 3 чалавекі. Стан адной з параненых жанчын цяжкі.
  • 10 кастрычніка ў кібуцы Кфар Аза побач з сэктарам Газа выявілі целы дзясяткаў забітых, у тым ліку малых дзяцей.
  • Міністар абароны Ізраілю Яаў Галант 11 кастрычніка заявіў, што войска пераходзіць да поўнамаштабнага наступу на сэктар Газа.
  • Лібанская ўзброеная групоўка «Хезбала» 11 кастрычніка абстраляла супрацьтанкавымі ракетамі пазыцыі ізраільскіх вайскоўцаў і заявіла, што забіла і параніла іх.
  • Па стане на 17 кастрычніка вядома, што ў Ізраілі з пачатку вайны загінулі трое грамадзян Беларусі.
  • Ізраіль у лістападзе 2023 году пайшоў у атаку на сэктар Газа і заявіў аб пашырэньні наземнай апэрацыі.
  • 22 лістапада стала вядома, што Ізраіль і ХАМАС у Катары падпісалі пагадненьне ад замірэньні на 4 дні. Пазьней замірэньне падоўжылі, але ўжо 30 лістапада яно спынілася пасьля ракет з Газы па Ізраілі, заявілі ў ЦАХАЛ.
  • За час замірэньня з палону ХАМАС было вызвалена 105 закладнікаў, а з ізраільскіх турмаў 240 палестынскіх зьняволеных.
  • 6 студзеня Ізраіль заявіў пра тое, што поўнач Газы зачышчаная ад баевікоў ХАМАС.

    «Хэзбала» выпусьціла ракеты па Ізраілі на наступны дзень пасьля нападу ХАМАС, у кастрычніку 2023 году. З таго часу абстрэлы на мяжы адбываюцца амаль штодня. Дзясяткі тысяч жыхароў эвакуавалі з прымежных раёнаў з абодвух бакоў.

    «Хэзбала» — ваенізаваная групоўка і палітычная партыя, якая кантралюе значную частку паўднёвага Лібану. Злучаныя Штаты лічаць яе тэрарыстычнай арганізацыяй. Эўрапейскі Зьвяз унёс у свой сьпіс такіх арганізацыяў толькі яе ўзброенае крыло, але не палітычную партыю (партыя «Хэзбалы» прадстаўлена ў парлямэнце Лібану). «Хэзбала» таксама ёсьць часткаю так званай іранскай «восі супраціву» — сеткі іранскіх давераных асобаў і падтрыманых Тэгеранам групаў баевікоў, якія выступаюць супраць Ізраілю і ЗША.
  • Увосень 2024 году рэзка вырасла супрацьстаяньне на ізраільска-лібанскай мяжы. «Хэзбала» атакавала Ізраіль, а ў Тэль-Авіве вырашылі правесьці сэрыю авіяналётаў, каб зьнішчыць атакавальны патэнцыял «Хэзбалы».
  • 23 верасьня Ізраіль распачаў першую з 2006 году наземную апэрацыю на поўдні Лібану, калі пачалася Другая лібанская вайна (Ліпеньская вайна). Апэрацыю назвалі «Стрэлы поўначы».
  • 27 верасьня Ізраіль нанёс магутныя ўдары па Лібане і забіў лідэра «Хэзбалы» Хасана Насралу.
  • 3 кастрычніка Армія абароны Ізраілю паведаміла пра атаку на аб’екты «Хэзбалы» ў Бэйруце.

    Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG