Сталі вядомыя імёны яшчэ 4 беларусаў, якія загінулі, ваюючы за Расею ва Ўкраіне. ВІДЭА

Загінулыя беларусы, які ваявалі на баку Расеі ва Ўкраіне. Ілюстрацыйны каляж

З пачаткам поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну беларусы пачалі фармаваць добраахвотніцкія атрады і ўступаць у шэрагі ўкраінскага войска, але іншыя беларусы ішлі ваваць на баку Расеі.

На сёньня ва Ўкраіне загінулі ня менш як 35 беларускіх добраахвотнікаў. А што вядома пра беларусаў, якія загінулі, ваюючы на баку Расеі?

Журналісты «Настоящего Времени» даведаліся раней невядомыя імёны загінулых, пагутарылі зь некаторымі зь іх блізкіх і вывучылі шмат інфармацыі пра іх.

Паколькі больш за 1,5 года расейскія ўлады не раскрываюць колькасьць загінулых на гэтай вайне, журналісты «Настоящего Времени» шукалі інфармацыю ў адкрытых крыніцах. У тэлеграм-каналах і сацсетках яны знайшлі 24 чалавекі, зьвязаныя зь Беларусьсю, а затым склалі агульны сьпіс з калегамі з «Мэдыязоны» і атрымалі зьвесткі пра 32 байцоў. Дапамагаў з пошукам інфармацыі расьсьледніцкі цэнтар «Сыстэма».

Калі журналісты даведаліся пра загінулых больш, прыйшлі да высновы, што падставы лічыць некаторых зь іх беларусамі няма.

Пасьля аналізу пашпартных дадзеных і прапіскі стала зразумела, што, хутчэй за ўсё, зь Беларусьсю іх зьвязвала толькі месца нараджэньня.

«Настоящее Время» ў сюжэце расказвае пра тых загінулых, якія зьвязаныя зь Беларусьсю значна больш. Пры гэтым пераважная большасьць тых, пра каго расказваецца ў відэа, будавала сваё жыцьцё ў Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Антываенныя настроі беларусаў ня здольная зьнішчыць ніякая „кувалда“ прапаганды» — вынікі дасьледаваньняў Беларускай аналітычнай майстэрні

У Станіцы Бакінскай у Краснадарскім краі знаходзіцца самае масавае зь вядомых пахаваньняў наймітаў ПВК «Вагнэр». Тут жа пахаваныя мінімум тры беларусы, якія адбывалі пакараньне ў расейскіх калёніях, хутчэй за ўсё, былі завэрбаваныя і адправіліся ваяваць ва Ўкраіну. Раней у СМІ пра гэтых людзей ніхто не расказваў.

Сярод пахаваных тут:

  • 47-гадовы Андрэй Гаўрыкаў. Ён загінуў ва Украіне ў лютым 2023 году. Журналісты не змаглі знайсьці яго фатаграфію, верагодна, ягоны беларускі пашпарт не абнаўляўся прыблізна з 2008 году. Зарэгістраваны ён у вёсцы Чарнеўка Дрыбінскага раёну Магілёўскай вобласьці. Грамадзянства ў яго беларускае, хоць нарадзіўся ён у Комі ў Расеі. Вядома, што Гаўрыкаў адбываў пакараньне за забойства чалавека. Гаўрыкава судзілі па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу і вынесьлі вырак — 22 з паловай гады пазбаўленьня волі.
  • Бабруйчанін Сяргей Брэль. Ён загінуў у студзені. Прапісаны на вуліцы Гогаля ў Бабруйску. Адбываў пакараньне па артыкуле «наўмыснае прычыненьне цяжкай шкоды здароўю» ў папраўчай калёніі ў Архангельскай вобласьці.
  • Міхаіл Крупа. Ён скраў у краме «Пяцёрачка», што ў станіцы Калінінскай Краснадарскага краю, алькаголь і прадукты. На яго завялі крымінальную справу, але ён уцёк ад сьледзтва, за што трапіў у вышук. Нарадзіўся Крупа ў пасёлку Слабада Лельчыцкага раёну Гомельскай вобласьці, а пакараньне адбываў у папраўчай калёніі ў Стаўрапальскім краі.
  • У акупаваным Луганску на могілках журналісты знайшлі і магілу беларуса Рыгора Сафонава. Яго таксама завэрбавалі ў ПВК Вагнэра з расейскай калёніі. У красавіку 2019 году, калі Сафонаву было 32 гады, ён скраў прадукты з харчовай крамы, а празь дзесяць месяцаў зноў скраў прадукты ў адной з крам падмаскоўнага гораду Лобны на суму ў эквіваленце каля 120 даляраў. У гэтыя ж гады Сафонаў мінімум двойчы збываў гераін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ваявалі ў «Вагнэры», па кантракце і ў казацкіх войсках. Што вядома пра выхадцаў зь Беларусі, якія загінулі ва Ўкраіне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Белсат»: Пад Бахмутам загінуў вагнэравец зь Беларусі