Сьцісла
- Візыты ў Менск кіраўніка МЗС Вэнэсуэлы і віцэ-прэзыдэнта Ірану — сымбалічны напамін пра крах амбіцыйных праектаў супрацы з гэтымі краінамі.
- Матывацыяй тых праектаў было жаданьне аслабіць энэргетычную залежнасьць ад Расеі і займець ідэалягічных і палітычных сяброў.
- Аднак эканамічна тыя праекты аказаліся нявыгаднымі, стратнымі.
- СССР, ведучы глябальную палітыку, мог за яе плаціць дзеля ўмацаваньня звышдзяржаўнай велічы.
- Лукашэнка на падобных жа праектах у Вэнэсуэле і Іране хацеў яшчэ і зарабляць.
- Са сьмерцю Уга Чавэса супраца Беларусі і Вэнэсуэлы скончылася амаль імгненна.
- Цяперашнія візыты высокіх чыноўнікаў з Вэнэсуэлы і Ірану — сьведчаньне не другога дыханьня ранейшых мэгапраектаў, а рутынная супраца краінаў, зь якімі мала хто жадае супрацоўнічаць.
Візыты ў Беларусь міністра замежных справаў Вэнэсуэлы Івана Хіля Пінта і першага віцэ-прэзыдэнта Ірану Махамада Махбэра амаль супалі па часе. Такое супадзеньне яшчэ і сымбалічнае — гэта адначасовы напамін пра два аднолькава амбітныя праекты, якія рэклямаваліся як выдатныя посьпехі на зьнешнепалітычнай арэне, але скончыліся прыкладна аднолькавымі, вартымі жалю вынікамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра эканамічныя сувязі Беларусі з Іранам і ВэнэсуэлайЭканамічныя і палітычныя матывацыі тых пражэктаў былі па-свойму рацыянальныя. На пачатку 10-х гадоў энэргетычная залежнасьць Беларусі ад Расеі пачала ўсьведамляцца беларускімі ўладамі як праблема. Трэба было знайсьці іншыя краіны з багатымі нафтавымі радовішчамі.
Акрамя таго, было жаданьне, каб гэтыя кандыдаты на ролю «Расеі-2» былі ідэалягічна блізкія патэнцыйнаму менскаму партнэру. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі быў антызаходнім заўсёды (праўда, у рознай ступені). Але ў сытуацыі абвастрэньня адносінаў з Захадам у сувязі з падзеямі Плошчы-2 у 2010 годзе антызаходні градус рыторыкі і палітыкі рэжыму дасягнуў прынамсі лякальнага максымуму. Такім чынам, быў патрэбны партнэр, настолькі ж (ці нават яшчэ больш) зацяты ў антызаходнім імпэце, як і Лукашэнка.
Тут эканоміка перапляталася з палітыкай. Ад ідэалягічна блізкіх партнэраў можна было чакаць і больш лагоднага, больш спрыяльнага падыходу і ў бізнэс-угодах. Як кажа гішпанская прымаўка: Сябру — усё, ворагу — толькі закон. Ад ідэалягічных аднадумцаў хацелася дамагчыся калі не ўсяго, дык прынамсі не адно толькі закону.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як экспарт зь Беларусі ў Вэнэсуэлу ўпаў у 122 разы. ІНФАГРАФІКАІдэалягічнае ўзаемадзеяньне з новымі сябрамі павінна было падвышаць палітычную вагу рэжыму Лукашэнкі на міжнароднай арэне: маўляў, які ён ізгой, вось якія ў яго багатыя і моцныя саюзьнікі і сябры.
І якія ж краіны адпавядалі гэтым патрабаваньням? Дык Вэнэсуэла і Іран якраз і адпавядалі, прычым ідэальна.
Запасы нафты ў абедзьвюх — параўнальныя з расейскімі, калі ня большыя. Праклёны і лаянка на адрас «заходняга імпэрыялізму» — такія ж калярытныя і гучныя, як у Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бяз Чавэса беларуска-вэнэсуэльскае сяброўства хутка згаслаГатоўнасьць праяўляць шчодрасьць і спагаду да сяброў рэжымам у Тэгеране і Каракасе таксама ў пэўнай меры была ўласьцівая. Уга Чавэс дзяліўся нафтай па нізкіх цэнах і проста грашыма з многімі больш ці менш левымі рэжымамі ў Лацінскай Амэрыцы, прынамсі, з Кубай. Іран падтрымліваў — і грашыма, і зброяй — шмат радыкальных груповак на Блізкім Усходзе, чым, дарэчы, займаецца і дагэтуль. Дык чаму б ім не распаўсюдзіць гэтую шчодрасьць на яшчэ аднаго сябра з далёкага «клачка зямлі» на поўначы — на Беларусь? Шкада хіба? «Клачок» адносна невялікі, надта шмат яму і ня трэба.
Геаграфічная экзатычнасьць новых партнэраў Лукашэнкі падмацоўвала яго самаўсьведамленьне як нашчадка і прадаўжальніка СССР, інтарэсы якога распаўсюджваліся на ўвесь глёбус.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ахмадзінэжад і Лукашэнка – «найлепшыя сябры»Ну, і бурныя палітыка-эканамічныя «раманы» зь Вэнэсуэлай і Іранам закруціліся. Можна прыгадаць танкеры з вэнэсуэльскай нафтай для Беларусі, якія плылі ў Адэсу і Клайпеду, іранскае нафтавае радовішча Джафэйр — дзе будавалі сумеснае прадпрыемства, адкуль нафта мусіла пацячы на беларускія НПЗ. Ну, можа не наўпрост, існуюць і своп-угоды, але Беларусь паводле пляну заставалася ў выйгрышы.
Эканамічны чыньнік суправаджаўся шумным інфармацыйным і палітычным забесьпячэньнем. Чыноўнікі і кіраўнікі дзяржаваў рэгулярна езьдзілі адзін да аднаго, пра вялікае сяброўства з вэнэсуэльскімі і іранскімі братамі беларуская прапаганда расказвала штодня. Словам, быў самы пік «цукеркава-букетнага» этапу «раманаў», поўных паўднёвай жарсьці. Ну, а потым пачаліся шэрыя, суровыя будні.
Высьветлілася, што найперш чыста эканамічна вэнэсуэльскія і іранскія праекты Лукашэнкі ня надта выгадныя ці наагул стратныя. Адчуваньне сябе новым Сталіным ці хаця б Брэжневым, напэўна, цешыла. Але пераважная частка падобных савецкіх праектаў былі фінансава стратнымі. СССР зь іх дапамогай зарабляў ня грошы, а глябальную веліч. А грошы — траціў, губляў. Аднак Лукашэнку ж хацелася зарабляць і грошы. Падчас аднаго зь візытаў у Менск тагачаснага іранскага прэзыдэнта дасьціпнікі перайначылі яго прозьвішча з Ахмадзінэжад у «Одолжиденьжат». Сапраўды, гучала падобна. І прынамсі адну з мэтаў Лукашэнкі жарцік апісваў дакладна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: "Беларуснафта": Беларусь выходзіць з праекту па здабычы нафты ў ІранеСпадзеў на формулу гішпанскай прымаўкі — наконт «сябру — усё» — калі і спрацавала, то ня так, як хацелася, і ня так доўга, як хацелася. Хоць Лукашэнка і бэсьціў Захад амаль у адзін голас з Іранам, але ён для Тэгерану ня быў і ня ёсьць такім жа блізкім, сваім, як, напрыклад, Хамас. Нейкі ўладар з далёкай краіны ў сьнягах, дый няверны яшчэ да таго ж. Ну, і ў парадку ўзаемнасьці ад яго асабліва нічога не атрымаеш.
Тое самае і для лідэраў Вэнэсуэлы. Усё ж Куба, скажам, гэта сваё, свой рэгіён, свае кантынэнтальныя расклады, адзіныя культурныя коды. А тут нейкая ізноў жа далёкая Беларусь. Хаця пакуль быў жывы Уга Чавэс, то дзякуючы хіміі асабістых адносінаў Лукашэнку ўдавалася дасягаць пэўных вынікаў ад вэнэсуэльскіх праектаў. Як памёр камандантэ, правадыр баліварыянскай рэвалюцыі, так літаральна імгненна скончыліся ўсе вэнэсуэльскія пражэкты Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусь прыбыў міністар замежных спраў ВэнэсуэлыДык а ў чым тады сэнс цяперашніх візытаў вэнэсуэльскага міністра і іранскага віцэ-прэзыдэнта? Хіба афіцыйны Менск забыў, чым канчаліся ранейшыя раўнды спробаў наладзіць супрацу?
Напэўна, не забыў. І разьліку на велізарныя дасягненьні цяпер няма. Паводле аналізу Беларускага расьсьледніцкага цэнтру, вынікам ранейшых заляцаньняў Менску і Каракаса стаў беларускі доўг перад Вэнэсуэлай у 1,5 мільярда даляраў. Як мінімум адна тэма для абмеркаваньня. Напэўна, асаблівых інструмэнтаў яго вярнуць у Каракаса няма. Але Менск можа паспрабаваць заплаціць таварамі ці паслугамі. А можа, каньюнктура зьмянілася і Беларусь можа нешта крышачку і зарабіць у Вэнэсуэле. Не, не адкрыць там для сябе новае эканамічнае Эльдарада, на што спадзяваліся ў часы Чавэса. Але, як той казаў, курачка па зернейку дзюбае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іране расказалі, навошта ў Менск ляціць іх першы віцэ-прэзыдэнтШто тычыцца Ірану, то там тэма — найперш вайскова-тэхнічнае супрацоўніцтва і абыход санкцыяў. Расея ваюе з Украінай, у тым ліку і іранскімі дронамі, Беларусь Расеі ў гэтым дапамагае. Дронаў для вайны трэба шмат, тэхнічна менавіта іранскія дроны ня вельмі складаныя, беларуская прамысловасьць цалкам мае магчымасьці вырабляць нешта падобнае.
Ну, і зноў жа — тое ж дзюбаньне курачкі па зернейку. Пра нафтавае радовішча Джафэйр у Менску, напэўна, ужо і не прыгадваюць.
Калі Беларусь аказалася прымацаванай да расейскай ваеннай фурманкі, то колькасьць ахвотных зь ёю гандляваць у сьвеце зьменшылася. І размова ня толькі пра Захад, які ўвёў жорсткія санкцыі. І краіны трэцяга сьвету думаюць: а ці варта? Не, калі нешта бясспрэчна патрэбнае і карыснае, кшталту калійных угнаеньняў, дык купяць. Калі будуць шляхі дастаўкі. Але калі нешта больш складанае і рызыкоўнае, то лепш пашукаць іншых партнэраў.
У выніку і атрымліваецца, што гандляваць гатовыя тыя, каму ў прынцыпе ў сэнсе рэпутацыі ўжо няма чаго губляць. Ну, і досьвед супрацы зь Беларусьсю ёсьць, нават інфраструктура паставак нейкая мо засталася. Нейкія праекты можна паспрабаваць рэалізаваць. Не такія амбітныя, як у 10-я гады. Але і ў Вэнэсуэлы, і ў Ірану, хоць і зь іншых прычын, таксама не такі вялікі набор варыянтаў, з кім можна супрацоўнічаць.