Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Беларуснафта": Беларусь выходзіць з праекту па здабычы нафты ў Іране


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота
Беларусь выходзіць з праекту па асваеньні нафтавага радовішча
Джафэйр у Іране.


Пра гэта заявіў Інтэрфаксу намесьнік генэральнага дырэктара па зьнешнеэканамічнай дзейнасьці і забесьпячэньні вытворчасьці "Беларуснафты" Аляксандар Шараеў.

Ён не сказаў, зь якіх прычынаў прынятае такое рашэньне. Маўляў, афіцыйная пазыцыя беларускага боку будзе выпрацавана 17 жніўня.

Камэнтуючы інфармацыю іранскіх СМІ пра тое, што Беларусь нібыта ня выканала ўмовы кантракту ў забесьпячэньні сутачных аб'ёмаў здабычы на ўзроўні ня менш за 3,5 тысячы барэляў, Шараеў адзначыў, што на момант, калі на радовішчы праводзіліся тэставыя выпрабаваньні, такі аб'ём здабычы забясьпечыць было рэальна. Аднак пазьней выявілася, што суткавы аб'ём здабычы некалькі меншы, чым было замацавана кантрактам.

Шараеў адзначыў, што беларускі бок, адпаведна з умовамі кантракту, не займаецца непасрэдна здабычай нафты з сьвідравін на радовішчы Джафэйр. Беларускія спэцыялісты, якія працуюць у складзе беларуска-іранскага сумеснага прадпрыемства "Белпарс", забясьпечваюць толькі сэрвіснае абслугоўваньне нафтаздабычы.

Прадстаўнік "Беларуснафты" адмовіўся камэнтаваць ўплыў санкцый, уведзеных ЗША ў сакавіку 2011 года адносна "Беларуснафты" за супрацоўніцтва з Іранам, на рэалізацыю гэтага праекту. А таксама ўплыў валютна-фінансавага крызысу, які ў цяперашні час працягвае разьвівацца ўнутры Беларусі.

"Беларуснафта", Іранская кампанія нафтавага разьвіцьця і Іранская кампанія нафтавага інжынірынгу падпісалі ў верасьні 2007 сэрвісны кантракт на распрацоўку радовішча Джафэйр. У 2007 годзе было створана СП "Белпарс Петролеум Компані Лімітэд".

Яна ажыцьцяўляе сваю дзейнасць згодна з кантрактам "Buy Back". У яго фармаце СП удзельнічае ў распрацоўцы радовішча Джафэйр з геалягічнымі запасамі вуглевадародаў каля 300 мільёнаў тон. Згодна з генплянам распрацоўкі радовішча, падрыхтаваным беларускімі і іранскімі спэцыялістамі, здабыча нафты павінна складаць каля 1,3 мільёна тон у год.

Пры канцы сакавіка 2011 года ўлады ЗША дадалі "Беларуснафту" у сьпіс кампаній, якія парушаюць дзейныя супраць Ірана санкцыі. Прычынай іх увядзеньня стаў кантракт на 500 мільёнаў даляраў падпісаны ў 2007 годзе "Беларуснафтай" і кампаніяй NaftIran Intertrade, які тычыцца распрацоўкі нафтавага радовішча Джафэйр у Іране. Між тым, у 2010 годзе ЗША увялі санкцыі і супраць Naftiran Intertrade ў сувязі з тым, што Іран выкарыстоўвае даходы ад продажу нафты для рэалізацыі сваёй ядзернай праграмы.

Як паведамілі 16 жніўня іранскія СМІ, "Беларуснафта" спыняе асваеньне іранскага нафтавага радовішча Джафеір і цалкам спыняе сваю нафтавую дзейнасьць у Іране. Паміж сузаснавальнікамі СП "Белпарс" паўсталі "сур'ёзныя рознагалосьсі па мэтадах і тэхналёгіях вядзеньня працы, а таксама адносна грашовай кампэнсацыі іранскаму боку за выкарыстаньне "Беларуснафтай" яе радовішча". Выданьні прыводзяць думкі іранскіх экспэртаў у сфэры нафтаздабычы, якія тлумачаць скасаваньне дамовы паміж кампаніямі тым, што беларускі бок не выканаў свае абавязацельствы па кантракце. У прыватнасьці, аб'ём здабычы нафты сумесным прадпрыемствам павінен быў складаць ня менш за 3,5 тысячы барэляў у суткі, фактычна ж суткавы аб'ём здабычы не перавышаў 2,8 тысяч барэляў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG