«Атмасфэра нагадвае 2003 год». Што стала зь вядомымі клюбамі Менску

Беларускія клюбы. Ілюстрацыйны каляж

Па словах суразмоўцаў Свабоды, арганізоўваць музычныя канцэрты зараз могуць толькі правераныя чыноўнікамі людзі і месцы. Многія ранейшыя пляцоўкі перасталі існаваць.

За апошнія дзесяцігодзьдзі ў Менску склаўся сьпіс культавых сярод аматараў жывой папулярнай музыкі месцаў. Клюбы, куды прыяжджалі зоркі альтэрнатыўнай сцэны сусьветнага маштабу, пляцоўкі, дзе выступалі беларускія гурты. Мы паглядзелі, што цяпер з гэтымі месцамі, што там адбываецца, а таксама пагаварылі зь менчукамі пра сучаснае культурнае жыцьцё сталіцы.

Клюб RE:PUBLIC

Адчыніўся ў Менску ў 2011 годзе на вуліцы Прытыцкага, нездалёк ад станцыі мэтро «Кунцаўшчына», у адным з карпусоў Менскага вытворчага аб’яднаньня вылічальнай тэхнікі. Першапачаткова ён плянаваўся як канцэртная пляцоўка і адразу ж стаў асноўнай рок-пляцоўкай сталіцы. Тут выступалі The Tiger Lillies, Dimmu Borgir, Cradle of Filth, VANILLA SKY, «Кароль і шут», Noize MC ды іншыя. Праходзілі беларускія фэстывалі «Калядны фэст», «Купальскае кола», «Даём рады», выступалі беларускія гурты Neuro Dubel, Relikt, B:N:, «Дай Дорогу», Akute, Intelligency, Znich і шмат шмат хто іншы.

Клюб працуе і цяпер, але ў афішы няма канцэртаў — толькі клюбныя вечарыны танцавальнай музыкі 80-х, 90-х, 00-х.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Разам лепей». Ва Ўроцлаве пачаўся ХІ Фэстываль незалежнай беларускай культуры. ФОТА

Клюб «Рэактар»

На доўгі час «Рэактар», які адкрыўся яшчэ ў 90-я на сталічнай вуліцы Веры Харужай стаў асноўнай пляцоўкай для сталічных рок-канцэртаў, бо іншых пляцовак такога памеру проста не было. У клюбе пасьпелі выступіць зоркі мэтал-сцэны Marduk, Vader, Mayhem, In Flames, Grave Digger, тут праходзіў мэтал-фэстываль MassaBrutto, таксама тут выступаў расейскі гурт «Сплин», украінскі Fleur і шмат хто іншы. Тут жа праходзіў некаторы час «Калядны фэст», гралі беларускія гурты N.R.M.(яшчэ ў складзе зь Лявонам Вольскім), Neuro Dubel, «Стары Ольса» і многія іншыя.

У 2011 годзе клюб закрыўся, і яго замяніў названы вышэй RЕ:PUBLIC. Зараз на месцы колішняй легендарнай пляцоўкі начны клюб Rich Cat.

Клюб «Бруге»

Месца стала андэрграўнднай пляцоўкай для многіх як беларускіх, так і замежных выканаўцаў. Калі RE:PUBLIC быў для вядомых камандаў сусьветнага ўзроўню, то «Бруге» быў яму крыху меншай альтэрнатывай. Адкрыўся ў 2015 годзе, на месцы клюба «Піраты», на Партызанскім праспэкце, 6А. Тут праходзілі мэтал-фэсты, квізы, рок-канцэрты ды інш. У гэтым клюбе адбыўся адзін з апошніх канцэртаў Neuro Dubel з удзелам Аляксандра Кулінковіча. Кожны тыдзень у «Бруге» таксама праходзіў «Дударскі клюб» — гэта вечарына, на якой гралі дудары, і пад гэтую музыку танчылі ды гулялі ў гульні наведнікі. Тут жа выступалі Nizkiz, Shuma, Akute ды іншыя.

У 2020 годзе ў пляцоўкі ўзьніклі фінансавыя праблемы ў сувязі з пандэміяй, але канчаткова месца перастала існаваць, бо адміністрацыю закранула хваля палітычных рэпрэсій у 2021 годзе. Цяпер у будынку колішняга «Бруге» адкрыўся фітнэс-цэнтар.

Клюб «Графіці»

Гэта культавае сталічнае месца адкрылася ў 1999 годзе на завулку Калініна. За два дзясяткі гадоў гісторыі ў невялікім памяшканьні пасьпелі выступіць амаль усе беларускія артысты і некаторыя іншаземныя. У год у «Графіці» ўмудраліся арганізоўваць па 300 канцэртаў. «Троіца», Neuro Dubel, «Касіяпея», «Крама», «Volski» — цяжка знайсьці беларускі гурт, які тут не выступаў. Нават Аляксандар Саладуха залазіў у «Графіці» на барную стойку, каб выканаць песьню.

Праблемы ўзьніклі ў 2021 годзе, улады часта штрафавалі клюб, але тады месца захавалася. Закрыўся «Графіці» ў 2022-м.

Частка колішняй адміністрацыі клюбу пераехала ў Польшчу. Зь яе ўдзелам у Варшаве летам 2023-га адкрыўся клюб Scena Chmelna, дзе праходзяць канцэрты беларускіх гуртаў і музыкаў.

Экзотыка, а ня норма

Калі зараз адкрыць афішу на папулярным партале relax.by, то з канцэртных прапановаў у Менску трыб’юты, ад Queen да «Кароль і шут», а таксама канцэрты расейскіх выканаўцаў кшталту гурту «Руки вверх». Іншага на кастрычнік не знаходзім.

Арганізатары і наведнікі канцэртаў у Менску ў размове са Свабодай назвалі цяперашняе культурнае жыцьцё сталіцы «таптаньнем на месцы».

«Адчуваньне, што гэта атмасфэра 2003–2005 гадоў, але тады адчуваўся хоць павольны, але нейкі прагрэс, а цяпер гэта нібы згасаньне. Калі ты нейкі музыка, то можаш някепска стартануць, але пасьля ўпрэсься ў тое, што запісацца складана і вельмі дорага, асабліва няма пляцовак, дзе выступаць, ды і арганізаваць гэта цяжка. Усё гэта можна ўспрымаць як экзотыку, але не як норму», — расказаў на ўмовах ананімнасьці чалавек, знаёмы са сфэрай канцэртаў у Менску.

Як расказалі Свабодзе наведнікі канцэртаў, людзі і цяпер ходзяць на вечарыны і выступы, але гэта тэматычныя імпрэзы, выступы беларускіх музыкаў ці кавэр-бэндаў. Зараз вельмі цяжка атрымаць гастрольнае пасьведчаньне, якое стала абавязковым. Таксама чыноўнікі ўвесь час мяняюць заканадаўства ў сфэры арганізацыі канцэртаў. У клюбах праходзяць пераважна вечарыны з дыджэямі і электроннай музыкай. Таксама ў горадзе амаль няма канцэртных афішаў.

«Выступы арганізоўваць і зараз, ёсьць некалькі лякацый. Людзі афіцыйна атрымліваюць „гастролькі“, узгадняюць усё. З іншаземцаў амаль нікога не прывозяць. Па-першае, мала хто хоча ехаць сюды. Па-другое, гэта наагул мала хто можа зрабіць», — кажа яшчэ адзін суразмоўца, блізкі да сфэры.

У Беларусі створаны рэестар арганізацый, якія могуць ладзіць канцэрты. Калі ў гэтым сьпісе арганізацыі няма, то і ладзіць канцэрты нельга. Кожнага такога арганізатара шчыльна правяраюць. Да таго ж уплывае «чалавечы фактар». Сёньня чыноўнік можа дазволіць канцэрт, а заўтра ўжо не, кажуць суразмоўцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзе мы, там і сьвятло». J:Морс прэзэнтаваў новую песьню аб тым, што дае беларусам надзею. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Мюнхэне пройдзе фэстываль сучаснай беларускай культуры MINSK x MINGA