З 1 па 8 кастрычніка ва Ўроцлаве праходзіць ХІ Фэстываль незалежнай беларускай культуры.
Пачалі яго праводзіць яшчэ ў 2011-м, кажа каардынатарка Вольга (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС). Вольга дадае, што на працягу гадоў мэты фэстывалю зьмяняліся.
«Спачатку гэта была падтрымка беларускіх рэпрэсаваных актораў, паэтаў, мастакоў. Мы хацелі прадставіць унікальную беларускую культуру як частку эўрапейскай жыхарам Уроцлава і Ніжняй Сылезіі. А ў 2020 годзе, калі пасьля пратэстаў уцекачы зь Беларусі пачалі прыяжджаць ва Ўроцлаў, яшчэ адной мэтай фэстывалю стала аб’яднаць старую і новую беларускую дыяспару, паказаць, што мы дзейнічаем разам».
Ва Ўроцлаў пераехала шмат прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі, кажа Вольга. Таму на фэстываль сталі больш запрашаць менавіта ініцыятывы, якія дзейнічаюць ва Ўроцлаве.
«У нас паўстала за гэтыя тры гады больш за 15 ініцыятываў — гэта і аматарскі тэатар, і курсы беларускай мовы „Мова нанова“, праект „Ідзём у горы“, гурты традыцыйных народных танцаў і сьпеваў, іншыя ўдзельнікі фэстывалю».
Слоган сёлетняга фэстывалю — «Разам лепей».
«Мы вельмі хочам, каб беларусы былі скансалідаваныя. Мы верым, што дзякуючы аб’яднаньню мы мацнейшыя і можам дапамагчы наблізіць перамогу дэмакратычнага руху Беларусі. Ініцыятывы адрозьніваюцца, але кожная дапаўняе адна адну. І гэта ўсё складаецца ў адзін вобраз моцнай беларускай дыяспары. І менавіта з гэтай пазыцыі мы размаўляем з польскімі жыхарамі Ўроцлава, зь іншымі прадстаўнікамі Ніжняй Сылезіі».
«Польскія ўлады нас падтрымліваюць»
На працягу 11 гадоў удалося завязаць добрыя адносіны са шматлікімі культурніцкімі арганізацыямі, інстытуцыямі Ўроцлава і Ніжняй Сылезіі, кажа Вольга.
«Фэстываль адбываецца пад ганаровым патранатам маршалка Ніжнесылескага ваяводзтва Цэзарыя Пшыбыльскага (Cezary Przybylski). Фэстываль уваходзіць у сьпіс мерапрыемстваў сьвяткаваньня 25 гадоў Ніжняй Сылезіі. Для нас гэта вялікі гонар і адказнасьць».
Каардынатарка фэстывалю дадае, што сёньня вельмі цяжка быць беларусам у Беларусі, калі амаль усё нацыянальнае пад пільнай увагай.
«А тут, у Польшчы, мы такую магчымасьць маем. Ды яшчэ шматлікія партнэры, польскія ўлады нас падтрымліваюць у тым, каб мы разьвівалі сваю беларускасьць, каб мы дзякуючы фэстывалю маглі адчуць сябе беларусамі, што мы моцныя, маем свае традыцыі і нашая культура цікавая іншым людзям. Можна ганарыцца сваёй культурай і атрымліваць за яе аплядысмэнты, як гэта было падчас спэктаклю „August“ у нядзелю, калі ўся заля ўстала».
Фэстываль незалежнай беларускай культуры будзе працягвацца да 8 кастрычніка. Цягам гэтых дзён будзе насычаная праграма.
«Будзе вечар прэзэнтацыі кнігі Ўладзімера Някляева, прадстаўнікі дыяспары і беларускія паэты будуць чытаць яго вершы. Таксама будуць шматлікія майстар-клясы беларускай творчасьці для дзетак. Будзе вельмі цікавая навуковая дыскусія, Цэнтар Мерашэўскага прадставіць вынікі свайго дасьледаваньня „Што думаюць беларусы пра палякаў, а палякі пра беларусаў“».
Таксама адбудзецца паказ дакумэнтальнага фільму «Na żywo» пра журналістак «Белсату», вялікі канцэрт Кацярыны Ваданосавай і Аляксандры Канафальскай, выступы беларускіх аматарскіх тэатраў, канцэрт народных сьпеваў і танцаў ад уроцлаўскіх гуртоў і шмат чаго яшчэ.
- За праграмай імпрэзаў сачыце на сайце Zawolnosc.eu, у сацыяльных сетках фундацыі «Za Wolność Waszą i Naszą» і ў суполцы «Беларусы Ўроцлава».