7 кастрычніка з боку сэктара Газа па Ізраілі нанесьлі інтэнсіўны ракетны ўдар. Баявікі руху ХАМАС зайшлі на тэрыторыю краіны, былі паведамленьні аб захопе закладнікаў. Паводле зьвестак на раніцу 9 кастрычніка, загінулі ня менш 700 ізраільскіх грамадзян, атрымалі раненьні больш за 2000. Ізраільская армія ў адказ наносіць авіяўдары па сэктары Газа. Краіна абвясьціла стан вайны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У большасьці забітых агнястрэльныя раненьні». Беларусы ў Ізраілі расказваюць пра сытуацыю ў краінеЯк усё адбывалася
Агенцтва Reuters са спасылкай на свае крыніцы расказала, як адбывалася ўварваньне баевікоў на тэрыторыю Ізраіля. Спачатку ХАМАС правёў артпадрыхтоўку і запусьціў на Ізраіль тры тысячы ракет. Адначасова з ракетным ударам празь мяжу стартавалі ўзброеныя мотадэльтаплянэрысты.
Паветраны дэсант ачапіў стратэгічныя месцы на мяжы, каб дазволіць байцам спэцпрызначэньня атакаваць высокатэхналягічную і ўмацаваную агароджу. Пасьля яе падрыву спэцпрызначэнцы заехалі на ізраільскую тэрыторыю на матацыклах, а бульдозэры павялічылі праломы для баявікоў на пікапах і ўсюдыходах. Таксама элітныя падразьдзелы змаглі пазбавіць сувязі вайскоўцаў ЦАХАЛ сваёй атакай базы на поўдні.
Ананімныя крыніцы агенцтва паведамілі, што ХАМАС здолеў мінімум два гады ўводзіць Ізраіль і зьнешніх назіральнікаў у зман. Ісламісты рабілі выгляд, што занепакоеныя вырашэньнем праблем уласнага насельніцтва і не рыхтуюцца да бою. Улады Ізраіля заставаліся ў ілюзіі мірнага існаваньня з ХАМАС, хоць у сваім распараджэньні ўжо мелі зьвесткі аб будаўніцтве макету ізраільскага пасяленьня і трэнаваньняў па яго штурме.
«Ізраіль, вядома, іх [відэазапісы трэнаваньняў] бачыў, але яны былі перакананыя, што ХАМАС не зацікаўлены ў канфрантацыі», — прыйшла да высновы крыніца агенцтва Reuters.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар абароны Ізраіля заявіў пра поўную аблогу Газы. АбнаўляеццаШто прагназуе экспэрт
Дырэктар Цэнтра блізкаўсходніх дасьледаваньня Сяргей Данілаў лічыць, што для Ізраіля адзіным варыянтам застаецца правядзеньне наземнай апэрацыі і ўсталяваньне кантролю над сэктарам Газа. Паводле яго, пачатак уварваньня можа быць 9 ці 10 кастрычніка. Інтэрвію зь экспэртам запісалі журналісты тэлеканалу «Настоящее время».
— Напэўна, галоўнае пытаньне ўсіх трох дзён — як такое магло здарыцца? Ці ёсьць адказ на гэтае пытаньне?
— Некалькі фактараў, як заўсёды. Не адзін, а некалькі. Па-першае, сілы абароны Ізраіля не разглядалі наземнага ўварваньня як магчымага варыянту разьвіцьця падзей на поўдні. Увогуле не разглядалі. Разглядалася пранікненьне адзіночных тэрарыстаў або максымум малых груп з тэрыторыі сэктара Газа на ізраільскую тэрыторыю. І лічылася, што ХАМАС пэрыядычна шантажуе Ізраіль, каб атрымаць грошы і для таго, каб, напрыклад, яшчэ павялічыць квоты на колькасьць працоўных рук, якія могуць працаваць у Ізраілі. Гэта адзін аспэкт. То бок стратэгічная недаацэнка ці няправільная ацэнка сытуацыі і, адпаведна, аслабленьне ўвагі.
Па-другое, гэта добра падрыхтаваная апэрацыя. Яны змаглі выбіць усе камэры назіраньня і перахапіць вышкі, на якіх знаходзіліся датчыкі, сэнсары, якія па ўсім пэрымэтры сэктара Газа. Яны асьляпілі ізраільскую выведку, яны змаглі хутка напасьці на штаб корпусу Газа, які, уласна, ажыцьцяўляў усю каардынацыю дзеяньняў. І такім чынам войскі апынуліся без кіраваньня, без інфармацыі і дзейнічалі абсалютна нескаардынавана. Таксама важным фактарам было тое, што гэта было сьвята, і асноўную частку вайскоўцаў, як і 50 гадоў таму, адпусьцілі ў адпачынак дадому на Судны дзень.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ніякіх перамоў. У Ізраілі заявілі аб неабходнасьці зьнішчэньня арганізацыі ХАМАС— Ці можна сьцьвярджаць, што пасьля такога нападу разьвянчаны міт, што ЦАХАЛ (сілы абароны Ізраіля) была адной з наймацнейшых армій сьвету?
— Відавочна, ізраільскія выведкі пераацанілі: і вайсковую выведку, і «Масад». Інфармацыю няправільна сфармулявалі, няправільна ацанілі або ўвогуле не здабылі. ЦАХАЛ усё роўна застаецца наймацнейшай арміяй у рэгіёне, скажам так, калі ня браць іранцаў, і ён гэта дакажа. Але тое, што гэта вельмі адчувальны рэпутацыйны ўдар па Ізраілі і па сэктары бясьпекі Ізраіля, гэта безумоўна.
— Як вы лічыце, ці будзе неўзабаве наземная апэрацыя і ці зможа Ізраіль цалкам узяць пад кантроль сэктар Газа?
— Яны ня маюць іншага выйсьця. Пасьля кадраў забойстваў і выкраданьняў жанчын, дзяцей, старых, якія шакавалі, ізраільскае грамадзтва настроена на адзіны варыянт: на зьнішчэньне ўлады ХАМАС у сэктары Газа, то бок наземная апэрацыя пачнецца або сёньня ўвечары, або заўтра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна ў Ізраілі: шэкель абваліўся да 8-гадовага мінімуму, цэны на нафту вырасьлі— Тым ня менш ХАМАС ужо афіцыйна падтрымлівае Іран, яны не саромеюцца пра гэта гаварыць. Ці ня будзе гэта вялікай вайной, напрыклад, Ізраіля з Іранам?
— Так, такая імавернасьць існуе. Усё будзе залежаць ад арміі Ізраіля. Калі дзеяньні будуць эфэктыўнымі і хуткімі, то Хэзбала і іранцы не пасьпеюць падключыцца да гэтай вайны.
— Што цяпер адбываецца на поўначы Ізраіля, на мяжы зь Лібанам?
— Паводле ацэнак людзей у Ізраілі, якім я давяраю як адмыслоўцам, можна сказаць, што пакуль гэта толькі сымбалічныя акцыі, сымбалічная апэрацыя з боку Хэзбалы, гэта не паўнавартасны пачатак баявых дзеяньняў.
— Ці магчыма, што гэта ўсё перарасьце ў паўнавартасныя баявыя дзеяньні і з поўначы, і з поўдня, і з тэрыторыі Палестыны?
— Так, гэта галоўны кашмар. Бяз гэтага апэрацыя ХАМАС ня мае ніякага сэнсу. Толькі напад з усіх бакоў, плюс паўстаньне ў самім Ізраілі на палестынскіх тэрыторыях даюць ім нейкі шанец. Такая імавернасьць існуе. І зноў паўтаруся, тут усё ў руках арміі абароны Ізраіля. Калі адказ будзе пераканаўчым, калі кіраўніцтва ХАМАС будзе зьнішчана, зьяўленьне другога і трэцяга фронту малаімавернае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША пакуль ня зьвязваюць напад на Ізраіль з факусаваньнем Захаду на Ўкраіне