Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША пакуль ня зьвязваюць напад на Ізраіль з факусаваньнем Захаду на Ўкраіне


Уладзімір Зяленскі і Энтані Блінкен на сваёй сустрэчы ў Кіеве 6 верасьня 2023 году. Ілюстрацыйнае фота
Уладзімір Зяленскі і Энтані Блінкен на сваёй сустрэчы ў Кіеве 6 верасьня 2023 году. Ілюстрацыйнае фота

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі выказаў прэм’еру Ізраілю Біньяміну Нэтаньягу салідарнасьць ад імя Ўкраіны.

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што пакуль ня бачыць сувязі паміж нападам ХАМАС на Ізраіль і факусаваньнем заходняй кааліцыі на вайне ва Ўкраіне.

«Не, я гэтага ня бачу. Мы ня бачым. Мы пабачым, калі даведаемся больш, якімі былі матывы і якія яны ёсьць. Але зразумела адно: мы актыўна працавалі над тым, каб дапамагчы Ізраілю і Саўдаўскай Арабіі нармалізаваць іхныя дачыненьні, а таксама Ізраілю пашырыць свае дачыненьні з шматлікімі іншымі краінамі ў рэгіёне і за яго межамі. Вельмі цяжкая праца», — сказаў Энтані Блінкен у інтэрвію каналу CBS. Такім чынам ён адказаў на пытаньне, ці ёсьць адчуваньне, што гэта была спроба скарыстацца фокусам Захаду на Ўкраіне.

На пытаньне, ці прасілі ЗША не наносіць удары па Іране, Блінкен адказаў: «Адзінае, што мы сказалі Ізраілю, гэта тое, што мы тут, мы вас падтрымліваем, мы хочам пераканацца, што вы маеце неабходную падтрымку».

Іран афіцыйна абвясьціў аб падтрыманьні нападу ХАМАС на Ізраіль. Дарадца вярхоўнага лідэра Ірану заявіў, што ягоная краіна будзе «падтрымліваць палестынскіх баявікоў да вызваленьня Палестыны і Ерусаліма».

Зяленскі падтрымаў Ізраіль

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі 8 кастрычніка правёў экстраную тэлефонную размову з прэм’ерам Ізраілю Біньямінам Нэтаньягу і выказаў яму салідарнасьць ад імя Ўкраіны.

Як паведаміла прэсавая служба Ўладзіміра Зяленскага, суразмоўцы абмеркавалі ўплыў нападу на Ізраіль на сытуацыю зь бясьпекай у рэгіёне і за яго межамі.

Перад гэтым Уладзімір Зяленскі заявіў, што тэрарыстычны напад на Ізраіль старанна падрыхтавалі. «Увесь сьвет разумее, якія менавіта спонсары тэрору маглі падштурхнуць і забясьпечыць арганізацыю гэтай атакі. Ізраіль мае поўнае права на абарону ад тэрору, як і любая іншая дзяржава. Ніякай падтрымкі тэрарыстам. Няхай каштоўнасьць чалавечага жыцьця і непрыняцьце тэрору будуць тымі прынцыпамі, якія нарэшце аб’яднаюць сьвет!», — заявіў кіраўнік украінскай дзяржавы.

Раніцай 7 кастрычніка палестынская радыкальная групоўка ХАМАС атакавала Ізраіль. З сэктара Газа прарваўся дэсант, які пачаў захопліваць паселішчы, браць закладнікаў і расстраляў многа людзей проста на вуліцах. 8 кастрычніка да атакі падключыліся радыкальныя ісламісты зь Лібану.

Уварваньне з тэрыторыі Газы адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG