Прадстаўнік Ізраіля ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Гілад Эрдан заявіў аб немагчымасьці перамоў з арганізацыяй ХАМАС.
«Сёньня я расказаў міжнародным сродкам масавай інфармацыі аб зьверствах і ваенных злачынствах ХАМАСу. З такой тэрарыстычнай арганізацыяй ёсьць толькі адзін шлях. На гэты раз мы ня спынімся і зьнішчым тэрарыстычную інфраструктуру ХАМАС», — напісаў Гілад Эрдан на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х (колішні Twitter).
У ноч на 9 кастрычніка ААН правяла тэрміновае пасяджэньне сваёй Рады Бясьпекі. Яно праходзіла ў закрытым рэжыме і завяршылася без ухваленьня заявы аб сытуацыі на Блізкім Усходзе.
Агенцтва Associated Press паведаміла, што на пасяджэньні Рады Бясьпекі ААН прадстаўнік ЗША патрабаваў асудзіць «тэракты, учыненыя ХАМАС».
Амбасадар Расеі ў ААН Васіль Нябензя заявіў, што падчас сустрэчы амэрыканцы спрабавалі сказаць, што Расея не асуджае тэракты, але «гэта няпраўда».
«Гэта было ў маіх камэнтарах. Мы асуджаем усе напады на мірных жыхароў. Важна неадкладна спыніць баявыя дзеяньні, перайсьці да спыненьня агню і да значных перамоваў, якія застопарыліся на дзесяцігодзьдзі», — сказаў ён у камэнтары агенцтву.
Аналягічную пазыцыю агучыў прадстаўнік Кітая Чжан Цзюнь перад пасяджэньнем Рады Бясьпекі.
- Раніцай 7 кастрычніка палестынская радыкальная групоўка ХАМАС атакавала Ізраіль.
- З сэктару Газа прарваўся дэсант, які пачаў захопліваць паселішчы, браць закладнікаў і расстраляў многа людзей проста на вуліцах.
- 8 кастрычніка да атакі падключыліся радыкальныя ісламісты зь Лібану.
- Уварваньне з тэрыторыі Газы адбылося ў 50-ю гадавіну пачатку вайны Суднага дня 1973 году.