На Эльбрусе загінуў беларус. Ім аказаўся спартовы функцыянэр

Ратавальнікі на Эльбрусе

Трагедыя адбылася 12 верасьня.

12 верасьня беларускі турыст загінуў пры ўзыходжаньні на Эльбрус. Турыст сарваўся з вышыні 5400 мэтраў.

Беларус быў у незарэгістраванай групе. На вышыні 5400 метраў ён сарваўся і ад атрыманых траўмаў загінуў на месцы.

У 13:15 аб здарэньні паведамілі МНС. У 20:00 ратавальнікі эвакуавалі цела загінулага і перадалі яго сьледча-апэратыўнай групе, паведамляе МНС Расеі па Кабардзіна-Балкарскай Рэспубліцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ратавальнікі знайшлі беларускіх турыстаў, якія зьніклі на схіле Эльбруса. Яны жывыя

Пазьней стала вядомым імя загінулага. Гэта кіраўнік апякунскай рады юніёрскага хакейнага клюбу «Дынама-Джунівэрс» Мікалай Ермашоў, што ўваходзіць у структуру менскага «Дынама». Пра гэта паведаміла сама каманда.

Таксама Ермашоў быў кіраўніком тэхнічнага камітэту Беларускай фэдэрацыі баскетболу.

Гэта ўжо ня першае надзвычайнае здарэньне зь беларусамі на Эльбрусе. У траўні там шукалі шасьцёх турыстаў, якія прапалі на схіле пры ўзыходжаньні. Усе засталіся жывымі. У ліпені дапамогі ратавальнікаў запрасіла яшчэ адна група турыстаў, на вышыні 5300 мэтраў пры спуску двум удзельнікам групы стала дрэнна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турысты зь Беларусі запыталі дапамогу пры спуску з гары Эльбрус

Таксама ў ліпені ў гэтых гарах сарвалася з абрыву вышынёй каля 50 мэтраў 68-гадовая беларуска. Яна загінула.

Сёлета здарэньні адбываліся зь беларусамі ня толькі на Эльбрусе. Улетку ў польскіх Татрах загінуў 22-гадовы беларус Зьміцер Краўцоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У гарах на Каўказе загінула 68-гадовая беларуска
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сталі вядомыя падрабязнасьці трагічнай сьмерці 22-гадовага беларуса ў польскіх Татрах