Беларус Зьміцер Краўцоў памёр, упаўшы са скалы ў польскіх Татрах. Горныя ратавальнікі расказалі падрабязнасьці ягонай сьмерці, пра якую стала вядома 5 ліпеня.
Зьмітру Краўцову было 22 гады. Ён пераехаў у Польшчу нядаўна і пасяліўся ў Кракаве. Спрабаваў знайсьці працу ў рэстараннай сфэры.
У панядзелак 3 ліпеня Зьміцер у адзіночку выправіўся ў горы. У апошняй размове з блізкімі ён назваў тры верагодныя маршруты, па якіх пойдзе. Свой выбар хлопец зрабіў пазьней і нікому пра яго не паведаміў. Ён пакінуў машыну на турыстычным паркінгу і адправіўся на гару Рысы (2501 мэтар), што на мяжы са Славаччынай, над самым папулярным турыстычным абʼектам рэгіёну — возерам Марское Вока.
Калі да раніцы аўторка Зьміцер так і не вярнуўся і нават ня выйшаў на сувязь, ягоная знаёмая зьвязалася з экстранымі службамі. Татранская валянтэрская ратавальная служба атрымала паведамленьне пра зьнікненьне беларуса ў 9.30 і апэратыўна пачала пошукі. Высьветліўшы, што хлопец прыпаркаваўся ля пачатку маршруту на Марское Вока і гару Рысы, ратавальнікі сканцэнтравалі намаганьні менавіта там. Задзейнічалі верталёт і дроны з камэрамі.
Інтэнсіўныя пошукі скончыліся днём у сераду. Ратавальнікі знайшлі Зьмітра Краўцова нежывым на вышыні больш за 2000 мэтраў, побач з трасай падʼёму на гару Рысы, у раёне скальнага выступу Bula pod Rysami.
У гэтым месцы вельмі круты схіл, сарвацца зь якога лёгка ў любую пару году, пасьлізнуўшыся на дробных камянях або мокрай ад дажджу скале. А цяпер на сьцежцы, як пацьвердзілі ў камэнтарах да публікацыі альпіністы, якія нядаўна праходзілі там, усё яшчэ застаецца абледзянелы сьнег, які робіць пад'ём асабліва рызыкоўным:
«У выніку падзеньня з вышыні малады турыст атрымаў сьмяротныя пашкоджаньні. Ратавальнікі верталётам транспартавалі цела ў Закапанэ», — паведамляе TORP.
- Рысы — гэта самая высокая вяршыня Польшчы і самая небясьпечная гара польскіх Татраў.
- Са славацкага боку ўздым на яе спадзісты і беспраблемны. А вось з польскага боку гара ўяўляе сабой амаль сьцяну, і траса на вяршыню там складаная і небясьпечная, патрабуе спэцыяльнага абсталяваньня і навыкаў.
- Тым ня менш яна вельмі папулярная, і пэрыядычна турысты там гінуць.