Сьцісла:
- Існуюць аргумэнты як за байкот, так і супраць яго.
- Выбары ладзяцца нелегітымнымі ўладамі, значыць, яны нелегітымныя. Да таго ж яны праводзяцца ва ўмовах жорсткай дыктатуры.
- Любыя спробы ўдзелу з адкрыта апазыцыйнай пазыцыяй, хутчэй за ўсё, прывядуць да арышту такіх сьмельчакоў. Таму ня варта рызыкаваць людзьмі.
- Досьвед папярэдніх выбарчых кампаній, асабліва выбараў 2020 году, дазваляе зрабіць выснову, што грамадзян мабілізуе на нейкія дзеяньні не байкот, а актыўны ўдзел.
- Можна знайсьці формы ўдзелу, якія робяць дэмакратычны электарат хоць у нейкай ступені гульцом выбарчай кампаніі.
Няўдзел у выбарах фактычна азначае іх байкот, хоць гэтае слова і не ўжываецца. Такія высновы зробленыя без асаблівай дыскусіі. Адразу варта адзначыць, што добрага, то бок эфэктыўнага, варыянту дзеяньняў у праціўнікаў рэжыму цяпер няма. Існуюць аргумэнты як за байкот, так і супраць яго.
За байкот:
1. Выбары ладзяцца нелегітымнымі ўладамі, значыць, яны нелегітымныя. Трэба быць пасьлядоўнымі: калі апазыцыя не прызнае легітымнасьць улады Лукашэнкі і ягонага рэжыму, то, значыць, нельга прызнаваць арганізаванай ім электаральнай кампаніі.
2. Выбары недэмакратычныя, яны праводзяцца ва ўмовах жорсткай дыктатуры. Таму можна лічыць, што сапраўдных выбараў у краіне няма, ёсьць толькі іх імітацыя. А ў імітацыі ўдзельнічаць ня варта.
3. Дэмакратычныя сілы ня могуць выкарыстаць гэтую кампанію для агітацыі, як тое бывала да 2020 году, бо іх прадстаўнікоў не дапусьцяць да ўдзелу.
Больш за тое, любыя спробы ўдзелу з адкрыта апазыцыйнай пазыцыяй, хутчэй за ўсё, прывядуць да арышту такіх сьмельчакоў. Таму ня варта рызыкаваць людзьмі.
4. Няўдзел дэмакратычнага электарату нанясе рэжыму маральную паразу. Пустыя выбарчыя ўчасткі стануць дэманстрацыяй маўклівага пратэсту, своеасаблівым вотумам недаверу рэжыму.
5. Досьвед тактыкі праціўнікаў рэжыму на рэфэрэндуме 2022 году ня вельмі ўдалы. Нагадаю, тады Сьвятлана Ціханоўская заклікала сваіх прыхільнікаў прыйсьці на ўчасткі для галасаваньня і выкрасьліць абодва прапанаваныя ў бюлетэні варыянты, каб зрабіць бюлетэнь несапраўдным. Праблема ў тым, што немагчыма вызначыць, колькі выбаршчыкаў падтрымала гэтую ініцыятыву.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэмакратычныя сілы расказалі пра 4 дакумэнты, прынятыя на канфэрэнцыі «Новая Беларусь». Што ў іхСупраць байкоту:
1. Улады відавочна баяцца выбараў. Пра гэта сьведчыць той факт, што і мясцовыя выбары, якія меліся адбыцца ў 2022 годзе, і парлямэнцкія выбары, якія павінны былі прайсьці ў 2023 годзе, яны перанесьлі насуперак Канстытуцыі на 2024 год. Усё гэта робіцца дзеля таго, каб зацягнуць час і адцягнуць увагу ад падзей 2020 году. То бок улады не разглядаюць выбары як тэхнічную працэдуру, а бачаць іх як палітычную кампанію, якая палітызуе грамадзтва. І проста ўхіляцца ад удзелу ў іх — наколькі гэта правільна?
2. З 1996 году легітымнасьць і дэмакратычнасьць усіх выбараў у Беларусі — сумнеўная. Аднак апазыцыя ў іх у асноўным удзельнічала.
3. Просты няўдзел значнай колькасьці выбаршчыкаў наўрад ці зьбянтэжыць улады. Нагадаю, што ў законе цяпер зьняты парог яўкі. То бок будзе лічыцца, што выбары адбыліся, пры любой колькасьці ўдзельнікаў у акрузе.
4. Байкот на практыцы азначае, што апазыцыі прапануецца нічога не рабіць. Гэта замест таго, каб зладзіць нейкія калектыўныя дзеяньні.
5. Выбары ў апазыцыйны протапарлямэнт — Каардынацыйную раду, — якія плянуецца прымеркаваць да Адзінага дня галасаваньня, наўрад ці здольныя перабіць кампанію ўладаў. Грамадзяне, якія жывуць у Беларусі, будуць асьцерагацца ў іх удзельнічаць. Увогуле палітычныя працэсы ў асяродзьдзі эміграцыі менш цікавыя для людзей у самой краіне. Завабіць іх на выбары Каардынацыйнай рады будзе цяжка.
6. Досьвед папярэдніх выбарчых кампаній дазваляе зрабіць выснову, што байкот не мабілізуе грамадзян на нейкія дзеяньні. Падзеі 2020 году паказалі, што менавіта актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі вядзе да актывізацыі грамадзтва і стварае стрэс для ўладаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары-2024. Удзельнічаць? Байкатаваць? Ігнараваць? Абмеркаваньне палітолягаўУ 2019 годзе падчас выбараў у Маскоўскую гарадзкую думу лідэр расейскай апазыцыі Аляксей Навальны прапанаваў ідэю «Разумнага галасаваньня». Сэнс яе ў тым, каб выбаршчыкі прыйшла на выбары і прагаласавалі за любога кандыдата, але не за таго, на якога робяць стаўку ўлады. Такая тактыка не арыентаваная на перамогу дэмакратыі, але яна ламае гульню ўладаў, можа сарваць іх сцэнар.
Як можна ўжыць тактыку «Разумнага галасаваньня» ў цяперашніх беларускіх умовах? У кожнай з акругаў, найперш у гарадах, будзе балятавацца больш чым адзін кандыдат. Бо трэба імітаваць канкурэнцыю. Умоўна кажучы, будзе асноўны кандыдат і дублёр. Канечне, абодва лукашысты, іншых сёньня ня можа быць. Дык можна заклікаць дэмакратычны электарат прыйсьці на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць за дублёра. Гэта створыць пэўнае напружаньне ў выбарчай машыне. Што ў такой сытуацыі рабіць выбарчай камісіі, як лічыць? Абодва ж лукашысты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці ўдзельнічаць у выбарах 2024 году, вынікі якіх ужо агучыў Лукашэнка?Можна нават ускладніць сытуацыю. Узяць і прапанаваць праграму зь некалькіх пунктаў, адносна якіх вядома, што іх падтрымлівае пераважная большасьць насельніцтва, нават прыхільнікі Лукашэнкі. Вось, напрыклад, некалькі пунктаў наўскідку:
- забарона ўвозіць на тэрыторыю Беларусі ядзерную зброю;
- забарона расейскім войскам выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для нападу на Ўкраіну;
- вывад з тэрыторыі Беларусі ўсіх наймітаў ПВК «Вагнэр»;
- усенародныя выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу (калі сход абвешчаны галоўным органам улады, то давайце яго выбіраць);
- вызваленьне палітвязьняў і арганізацыя перамоваў паміж уладамі і апазыцыяй аб спыненьні канфрантацыі (сацыялёгія паказвае, што гэтую ідэю падтрымлівае большасьць).
І заявіць, што дэмакратычны электарат гатовы падтрымаць лукашыста, які падзяляе гэтую праграму. Усё гэта хоць у нейкай ступені зробіць праціўнікаў Лукашэнкі гульцамі выбарчай кампаніі.