Як NATO глядзіць на Беларусь: вынікі саміту альянсу ад Валера Карбалевіча

Падчас саміту NATO ў Вільні

Менавіта нявырашанасьць унутрыпалітычнага беларускага канфлікту хутка выплюхнулася за межы краіны і ператварыла Беларусь у пагрозу рэгіянальнай бясьпецы.

Сьцісла:

  • Галоўнай інтрыгай саміту стала пытаньне пра ўступленьне Ўкраіны ў NATO.
  • Калі вывучаць выніковы дакумэнт саміту NATO, паслухаць, што кажуць лідэры дзяржаваў-суседзяў, то паўстае праблема суб’ектнасьці Беларусі.
  • Амаль ва ўсіх згадках пра Беларусь яна разглядаецца скрозь прызму расейскай палітыкі.
  • Разглядаць Беларусь (краіну і народ) толькі як інструмэнт у руках Крамля — наўрад ці рацыянальная стратэгія.

Цяперашні саміт NATO ў Вільні ўжо названы гістарычным. Ён адбываецца ў разгар кровапралітнай вайны — агрэсіі Расеі супраць Украіны, якая выклікала крызіс бясьпекі сусьветнага маштабу. На парадку дня паўстала пытаньне ўмацаваньня абароны краінаў Усходняй Эўропы, найперш тых, якія мяжуюць з РФ. Менавіта ў сувязі з расейскай агрэсіяй узьнікла пытаньне пра пашырэньне NATO.

Як казаў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, «Пуцін хацеў фінляндызацыі Эўропы, а атрымае NATOізацыю». Фінляндыя ўжо ўступіла ў альянс, Швэцыя на парозе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік МЗС Украіны адрэгаваў на вынікі саміту: «Наш шлях у NATO стаў карацейшым»

Галоўнай інтрыгай саміту стала пытаньне пра ўступленьне Ўкраіны ў NATO. Рашэньне аказалася палавіністае. Да Ўкраіны ня будзе ўжывацца комплекс патрабаваньняў і працэдураў, які называецца «Плян дзеяньняў для сяброўства ў NATO» і які звычайна выкарыстоўваецца пры прыёме ў альянс новых чальцоў. Будзе створаная Рада Ўкраіна — NATO. Але адказу на самае галоўнае пытаньне, якога чакаў Кіеў, няма.

Кіраўніцтва Ўкраіны імкнулася атрымаць канкрэтныя тэрміны, альгарытм уступленьня ў альянс. Аднак тут выявілася няпэўнасьць. У камюніке саміту гаворыцца, што Ўкраіну змогуць запрасіць у NATO, калі будуць згодныя ўсе сябры альянсу і калі, адпаведна, дазволяць умовы. «Нас такі падыход катэгарычна не задавальняе», — адзначыў украінскі міністар замежных спраў Дзьмітро Кулеба.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У камюніке саміту NATO Беларусь заклікалі «спыніць зламысную дзейнасьць супраць суседзяў»

Усё гэта азначае, што некаторыя вялікія краіны ў альянсе асьцерагаюцца сутыкненьня з Расеяй у выпадку хуткага прыняцьця Ўкраіны ў NATO і плянуюць выкарыстаць згаданае пытаньне падчас будучых мірных перамоваў з РФ.

Саміт праходзіў за 30 кілямэтраў ад беларускай мяжы. Таму цалкам натуральна, што Беларусь абмяркоўвалася падчас сустрэчы ў Вільні. У рамках саміту былі праведзеныя два мерапрыемствы, прысьвечаныя ёй. У выніковым камюніке сустрэчы кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў краін – чальцоў NATO Беларусь згадваецца сем разоў. Але калі вывучаць выніковы дакумэнт саміту NATO, паслухаць, што кажуць лідэры дзяржаў-суседзяў, то паўстае праблема суб’ектнасьці Беларусі. Опцыя погляду на краіну даволі спэцыфічная.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці Беларусі трэба ў будучыні ўступіць у NATO? Адказвае Сьвятлана Ціханоўская

У камюніке ёсьць адзін сюжэт, які тычыцца ўласна беларускай палітыкі.

«Мы заклікаем Беларусь спыніць зламысную дзейнасьць супраць сваіх суседзяў, паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды і падпарадкоўвацца міжнароднаму праву», — гаворыцца ў дакумэнце.

Аднак ва ўсіх астатніх згадках пра Беларусь яна разглядаецца скрозь прызму расейскай палітыкі. Паводле NATO, пагрозай зьяўляецца тое, што Расея выкарыстоўвае беларускую тэрыторыю і інфраструктуру для агрэсіі супраць Украіны, згадваецца ўсё большая вайсковая інтэграцыя Расеі зь Беларусьсю, гаворыцца пра разьмяшчэньне на беларускай тэрыторыі расейскай ядзернай зброі і магчымае разгортваньне тут так званых расейскіх прыватных вайсковых кампаній. То бок тэма Беларусі разглядаецца як вытворная ад палітыкі адносна Расеі. І рашэньне беларускага пытаньня бачыцца як складнік вырашэньня расейскага пытаньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларусь страціла сувэрэнітэт, гэта частка Расеі». Што кіраўнікі Латвіі, Польшчы, Эстоніі сказалі ў Вільні

І варта паслухаць, што кажуць суседзі. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што «Беларусь больш не незалежная краіна, фактычна гэта адна з губэрняў Расеі». Прэм’ер Латвіі Артурс Крыш’яніс сказаў: «Мы сёньня бачым Беларусь як працяг Расеі. Беларусь страціла сувэрэнітэт, калі паглядзець на сытуацыю мілітарыстычную, на сытуацыю з санкцыямі, то мы бачым, што Беларусь — гэта частка Расеі».

Такі падыход не падзяляе кіраўніцтва дэмакратычных сіл Беларусі. Рэагуючы на выказваньне прэзыдэнта Літвы, Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў: «Такая трактоўка стварае памылковае ўспрыманьне Беларусі ў сьвеце і спрыяе яшчэ большай ізаляцыі нашай краіны і нашага народу. Беларусь — гэта не губэрня Расеі, і беларускі народ не дазволіць ёй такой стаць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аб’яднаны пераходны кабінэт адказаў прэзыдэнту Літвы на словы пра Беларусь як «расейскую губэрню»

Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію Радыё Свабода выказала важную думку: «Без свабоднай Беларусі бясьпечнай Украіны быць ня можа». Можна дадаць, што і бясьпечнага рэгіёну Ўсходняй і Цэнтральнай Эўропы быць ня можа.

Варта прыгадаць, з чаго ўсё пачалося. Міжнародная супольнасьць даволі паблажліва паставілася да таго, што рэжым Лукашэнкі гвалтам задушыў народныя пратэсты. Аднак нявырашанасьць унутрыпалітычнага беларускага канфлікту хутка выплюхнулася за межы краіны і ператварыла Беларусь у пагрозу рэгіянальнай бясьпецы. Ужо менш як праз год Лукашэнка пасадзіў у Менску самалёт кампаніі Ryanair з дваімі апазыцыянэрамі на борце. Потым быў справакаваны міграцыйны крызіс. Затым на тэрыторыі Беларусі прайшлі вялізныя вайсковыя вучэньні, якія хутка ператварыліся ў агрэсію Расеі супраць Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ніколі не здавайцеся». Джо Байдэн у Вільні падтрымаў беларусаў, якія «працягваюць змагацца за свабоду»

Разглядаць Беларусь, краіну і народ, толькі як інструмэнт у руках Крамля — наўрад ці рацыянальная стратэгія. Дарэчы, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн, выступаючы пасьля саміту ў двары Віленскага ўнівэрсытэту, зрабіў трохі іншы акцэнт.

«Многія з вас ведаюць, наколькі важна мець магчымасьць вызначыць сваю будучыню. Гэта важна для людзей па ўсім сьвеце. Ня толькі ва Ўкраіне. У Беларусі, Малдове, Грузіі і па ўсім сьвеце, дзе людзі працягваюць змагацца, каб іх галасы былі пачутыя. Мой мэсэдж ім: не здавайцеся», — падкрэсьліў амэрыканскі прэзыдэнт.