Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Украіны адрэгаваў на вынікі саміту: «Наш шлях у NATO стаў карацейшым»


Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба
Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба

«Шлях у NATO для Ўкраіны абсалютна незваротны. Сёньня, у 2023 годзе, упэўненасьць краін альянсу ў тым, што Ўкраіна будзе яго сябрам, значна вышэйшая, чым у 2008 годзе», — заявіў у інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба.

У інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба расказаў пра бачаньне Кіевам першых вынікаў віленскага саміту NATO:

«На гэтым саміце былі прынятыя некаторыя вельмі важныя рашэньні, якія робяць шлях Украіны ў NATO карацейшым. Напрыклад, адмена Пляну дзеяньняў для сяброўства ў NATO. Гэта вельмі вялікая гісторыя. Яшчэ паўгода таму ніхто нават не адважваўся гаварыць пра гэта.

Другое рашэньне — гэта стварэньне Рады Ўкраіна-NATO, але ня проста стварэньне Рады. У самой Радзе нічога такога няма. Але важная дэталь: да гэтага, напрыклад, існавала Рада Расея — NATO. І гэта быў фармат прывілеяванага партнэрства. А мы настаялі на тым, каб у правілах працэдуры Рады Ўкраіна — NATO было дакладна напісана, што гэта інструмэнт набліжэньня сяброўства Ўкраіны (да альянсу)».

Дзьмітро Кулеба адзначыў, што ёсьць і рашэньне, якое іх адкрыта засмуціла.

«І сёньня, 11 ліпеня, мы цэлы дзень гаворым пра гэта з саюзьнікамі. Гэта вельмі, занадта агульная фармулёўка на запрашэньне. І тут ёсьць дзьве школы, думкі. Адны кажуць: вы павінны быць шчасьлівымі, што ў прынцыпе словы „запрашэньня“ і „Ўкраіна“ зьявіліся побач. Але нас такі падыход катэгарычна не задавальняе», — адзначыў Дзьмітры Кулеба, падкрэсьліўшы, што ва Ўкраіне засмучаныя тым, што няма дакладнага індыкатара, калі краіна атрымае запрашэньне стаць сябрам NATO.

У камюніке, пад якім расьпісаліся ўсе саюзьнікі, гаворыцца, што Ўкраіну змогуць запрасіць у NATO, калі будуць згодныя ўсе яго сябры і калі, адпаведна, дазволяць умовы.

На пытаньне, выкананьне якіх менавіта ўмоў хочуць ад Украіны, Кулеба адказаў — «невядома».

«Яшчэ раз падкрэсьлю, пасьля саміту ў Вільні шлях у NATO стаў карацейшым, але не стаў хутчэйшым. І таму мы павінны зараз рэалізаваць рашэньне Віленскага саміту такім чынам, каб паскорыць нашу інтэграцыю», — Дзьмітро Кулеба.

Сяброўства Ўкраіны ў NATO ўзмоцніць сам альянс, зробіць краіну больш абароненай і, галоўнае, яно будзе прадухіляць новыя агрэсіі ў Эўропе, адзначыў Кулеба.

«Гэта непазьбежны гістарычны працэс. Але пытаньне ў тым, што нехта хоча, каб гэта адбылося праз шмат гадоў, а мы хочам, каб гэта адбылося нашмат хутчэй. І, нарэшце, я думаю, што будзе менавіта так, як мы жадаем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG