Асабісты кіроўца — кадэбіст, у сябрах памочнік Лукашэнкі. Хто такая матушка Гаўрыіла з Горадні

Архіяпіскап Арцемій, ігуменьня Гаўрыіла. Аляксандар Лукашэнка. Каляж

Нарадзілася ў Расеі, часта езьдзіць у Эўразьвяз. Кіроўцам у яе працаваў супрацоўнік КДБ. Расказваем, чым вядомая матушка Гаўрыіла, ігуменьня жаночага манастыра ў Горадні.

«У гэтым аддзеле працавалі людзі, якія супрацоўнічалі з КДБ»

Сьвецкае імя ігуменьні ГаўрыілыМарыя Мікалаеўна Глухава. Ёй 65 гадоў. Нарадзілася 12 чэрвеня 1958 году ў расейскім Саратаве, аднак зь дзяцінства жыла ў Беларусі. Бацькі разышліся на глебе рэлігіі. Маці Галіна Клышэвіч разам з дачкой вярнулася на Горадзеншчыну. Жылі ў Жыровічах. Там Марыя хадзіла ў школу, была старастай клясы. Маці працавала пры манастыры, пад канец жыцьця прыняла пострыг зь імем Георгія. Памерла ў 2013 годзе.

«Яна была легендай Жыровіцкага манастыра, сьвятога жыцьця чалавек», — ананімна расказала пра манашку Георгію Свабодзе абазнаная крыніца.

Пасьля школы Марыя Глухава адвучылася ў мэдыцынскім тэхнікуме ў Ленінградзе. Працавала там жа ў шпіталі. Потым паступіла паслушніцай у манастыр у Рызе. Неўзабаве мітрапаліт Філярэт забраў яе ў Маскву ў аддзел замежнацаркоўных сувязяў.

«У гэтым аддзеле працавалі людзі, якія супрацоўнічалі з КДБ», — адзначае крыніца Свабоды.

На два гады Глухава пераехала ў Ерусалім, дзе выконвала абавязкі ігуменьні манастыра Рускай духоўнай місіі. Калі манашцы было 33 гады, яе прызначылі ігуменьняй жаночага манастыра ў Горадню. Яна кіруе ім ужо больш за 30 гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Качанава прапанавала аддаваць у манастыры дзяцей, якіх адабралі ў бацькоў — «як у Расеі»

Манастыр наведваў Лукашэнка

Ігуменьня расказвала СТВ, наколькі ёй не спадабалася Горадня, калі яна прыехала туды ў 1992 годзе.

«Я калі прыехала сюды на гэтыя некалькі гадзін пасьля Ерусаліма, пасьля Масквы, там гэтыя пазалочаныя купалы, а тут гэты сакавік, абшарпаныя сьцены, дзесьці дамы нейкія, гразь на вуліцах, гэтыя касьцёлы. Шмат было недагледжанага, непрыбранага, толькі пачыналіся 1990-я гады. Я думаю: „Нават калі ўладыка мне прапануе, ні за што ў Горадні не застануся“», — казала манашка.

У 1995 годзе горадзенскі манастыр наведаў маскоўскі патрыярх Аляксей ІІ. Тады ён надаў Гаўрыіле сан ігуменьні. У 1998 годзе ў манастыр прыяжджаў Аляксандар Лукашэнка. Ён пакінуў у кнізе ганаровых гасьцей запіс: «Захапляюся вашай мужнасьцю і адданасьцю вялікім каштоўнасьцям чалавецтва». Храм манастыра расьпісалі да 2000 году дзякуючы падтрымцы Лукашэнкі і Аляксея ІІ.

Цяпер, паводле сайту манастыра, там жывуць 14 манашак. Аднак крыніца Свабоды перакананая, што колькасьць значна меншая («Добра, калі чатыры манашкі ёсьць»). Прычыну суразмоўца Свабоды бачыць у тым, што ігуменьня можа быць вельмі рэзкай зь людзьмі, «да яе ў манастыр ніхто ня хоча ісьці».

На сайце манастыра таксама гаворыцца, што пры ім дзейнічае нядзельная школа. Крыніца Свабоды адзначыла, што ігуменьня мае дамоўленасьць са школамі гораду, якія пры неабходнасьці дапамагаюць стварыць масавасьць і накіроўваюць у манастыр дзяцей.

Сама матушка Гаўрыіла прапісаная ў манастыры і жыве ў адным зь ягоных будынкаў. Гэта ня проста кельля, а цэлы дамок з мансардай, які яна займае адна і дзе прымае гасьцей.

«Ігуменскі домік увесь у мяшчанскім стылі: паўсюль фальбонкі, упрыгажэньні, дробязі. Залатых унітазаў, вядома, няма, але яна жыве багата», — расказаў суразмоўца Свабоды.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік БПЦ загадаў спыніць збор подпісаў супраць горадзенскага архіяпіскапа, які асудзіў гвалт уладаў

Супрацоўнік КДБ быў асабістым кіроўцам

Матушка Гаўрыіла часта езьдзіла за мяжу, расказалі Свабодзе «Кібэрпартызаны». З 2008-га па 2019 год Глухава выяжджала ў Польшчу і Літву больш за 160 разоў, гэта ў сярэднім часьцей, чым раз на месяц. Езьдзіла звычайна на 1-3 дні як пасажыр.

Кіроўцам некалькі гадоў у яе быў, паводле тых жа «Кібэрпартызанаў», супрацоўнік КДБ Аляксандар Сыраватка. Часта яна адпраўлялася ў замежныя паездкі на аўтамабілі Сяргея Раўнейкі, былога памочніка Лукашэнкі па Горадзенскай вобласьці. У 2018 годзе яго затрымаў КДБ. Раўнейку асудзілі на 12 гадоў калёніі нібыта за хабар у 200 тысяч даляраў. Часам ігуменьня падарожнічала таксама з протадыяканамі Менскай духоўнай сэмінарыі Валянцінам Палонскім і Раманам Сабілам.

Да таго ж, паводле інфармацыі «Кібэрпартызанаў», з 2012-га па 2018 год матушка Гаўрыіла больш за 10 разоў лятала ў Вену, Рым, Грэцыю.

Як расказаў суразмоўца Свабоды, падчас працы ў Маскве Глухава наладзіла сувязі з замежнымі хрысьціянскімі арганізацыямі. Паводле ягонай інфармацыі, у Італіі яна наведвала асацыяцыю ігуменьняў манастыроў. Падчас паездак у Менск Гаўрыіла заўжды спынялася ў гатэлі «Гарні» ў цэнтры.

«З адміністрацыйных спагнаньняў у яе толькі штрафы за перавышэньне хуткасьці», — паведамілі Свабодзе «Кібэрпартызаны» пра дачыненьні Глухавай з законам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ён на дух не пераносіў Homo sovieticus». Аповед пра апошнія гады жыцьця архіяпіскапа Арцемія

Канфлікт з уладыкам Арцеміем

Канфлікт ігуменьні з горадзенскім япіскапам існаваў заўсёды, расказала крыніца Свабоды.

«Яна яму многа нэрваў зьела. Яны антыподы, гэта два абсалютна розныя праваслаўі, два полюсы. Уладыку Арцемію не падабалася „шаманства“, якое яна ладзіла: сьвятынькі, сьвятая зямелька, рэлігійныя фэтышы, нагнятаньне рэлігійнага ажыятажу, спэкуляцыя на рэлігійных тэмах. Уладыка заўсёды выступаў за здаровае, асэнсаванае хрысьціянства», — кажа суразмоўца.

Першапачаткова ігуменьня Гаўрыіла мелася падпарадкоўвацца архіяпіскапу Арцемію, аднак яна ігнаравала ягоныя рэкамэндацыі.

«Што хоча, тое і робіць. Наадварот стараецца насаліць япіскапу, выступіць насуперак яму з, прабачце, бабскай нахабнасьцю. Гэта ўсё страшна раздражняла япіскапа», — успамінае крыніца Свабоды.

Праз гэты канфлікт з 2002 году горадзенскі жаночы манастыр перастаў падпарадкоўвацца мясцоваму япіскапу і перайшоў у непасрэднае падпарадкаваньне кіраўніку БПЦ.

У 2020 годзе, пасьля таго як уладыка Арцемі асудзіў гвалт сілавікоў, пачалася кампанія па зборы подпісаў, каб зьняць япіскапа з пасады. У ініцыятыве падазравалі ігуменьню Гаўрыілу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У мяне ўжо была алергія на слова „духоўнасьць“». Вялікая гутарка са сьвятаром Георгіем Роем

Марозіва «Пушок» і акрапленьне сьвятой вадой

Матушка Гаўрыіла вядомая нетыповымі для манашкі рэчамі.

У Горадні выпускалі марозіва «Пушок» у гонар ейнага белага ката. На абгортцы была выява Пушка і напісана, што прадукт выпускаюць з «дабраслаўленьня Філарэта».

«Ёй уласьцівае самадурства. Асьвячэньне сьвятой вадой робіць звычайна сьвятар. Ігуменьня ж можа сама на сьвята ўзяць крапіла і папырскаць вадой людзей, і нават біць іх па твары», — кажа пра свавольства манашкі суразмоўца Свабоды.

Гаўрыіла, са словаў нашай крыніцы, блізка камунікуе з намесьнікам Жыровіцкага манастыра япіскапам Гурыем, той часта бывае ў жаночым манастыры.

«Там няма ніякіх амурных справаў. Але яна ўмешваецца ў справы Гурыя, маніпулюе ім, уплывае на тое, якое рашэньне прыняць у дачыненьні таго ці іншага сьвятара», — кажа суразмоўца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр архіяпіскап Горадзенскі Арцемі. У 2020-м ён публічна асудзіў гвалт сілавікоў

Дапамагла сьвятару атрымаць кватэру ад дзяржавы

Пра ўплыў матушкі Гаўрыілы на чыноўнікаў можа сьведчыць гісторыя, якая адбылася ў 2012 годзе. Тады сьвятар Аляксандар Грыб на час службы ў горадзенскім жаночым манастыры атрымаў кватэру па паперы з подпісам прэм’ер-міністра Мясьніковіча. Пра гэта пісала «Эўрарадыё».

«Ён дзякуючы ёй атрымаў жыльлё. Ня сам ён атрымаў, а хай моліцца за яе, яна паклапацілася. Яна ўваходзіць у дзяржаўныя структуры, бо яна ў нас адна такая. Тым больш манастыр праводзіць вялікую працу, многія там прытулак знаходзяць, а ўмеў узяць, умей і аддаць», — такі камэнтар далі журналістам у аддзеле рэлігіі і нацыянальнасьцяў Горадзенскага аблвыканкаму.

Тарты для міліцыянтаў і крыж для ўцекачоў

Ігуменьня аддана падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Гэта стала відавочна ў 2020 годзе. На жаночым форуме «За Беларусь» у верасьні 2020-га яна рэзка раскрытыкавала пратэсты. Назвала пратэстоўцаў «натоўпам вар’ятаў» і «сэктантамі». Потым яна выбачалася за гэта. Вядомае фота, на якім ігуменьня дорыць горадзенскім міліцыянтам тарты ў лістападзе 2020 году.

Ігуменьня жаночага манастыра ў Горадні Гаўрыіла пачаставала сілавікоў тортамі.10 лістапада 2020 году

Падчас мігранцкага крызісу, які штучна стварыў рэжым Лукашэнкі ў 2021 годзе, ігуменьня Гаўрыіла наведвала лягістычны цэнтар у Брузгах, дзе разьмясьцілі ўцекачоў. Яна рабіла знак крыжа над дзецьмі курдаў, нягледзячы на тое, што многія зь іх мусульмане.

«Яна на любыя глупствы гатовая, каб паказаць сваю прыхільнасьць Лукашэнку», — кажа наш суразмоўца.

На ягоную думку, ігуменьня хутчэй і выразьней за многіх даказала, што яна на баку рэжыму.

Ігуменьня жаночага манастыра ў Горадні Гаўрыіла пачаставала сілавікоў тортамі. 10 лістапада 2020

Матушка Гаўрыіла мае шмат узнагародаў ад царквы і дзяржавы. Сярод іх ордэн Францішка Скарыны, прэмія Лукашэнкі «За духоўнае адраджэньне», званьне «Жанчына году», ордэн БПЦ Эўфрасіньні Полацкай. Нядаўна Марыю Глухаву ўнесьлі ў Кнігу славы Горадзенскай вобласьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзякуй АМАПу за мір, парадак і патрыятызм». Ігуменьня Гаўрыіла з Горадні пачаставала сілавікоў тортамі. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ігуменьню, якая назвала апанэнтаў Лукашэнкі «дэманамі», узнагародзілі ордэнам Скарыны