Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён на дух не пераносіў Homo sovieticus». Аповед пра апошнія гады жыцьця архіяпіскапа Арцемія


Былы горадзенскі архіяпіскап Арцемі. Архіўнае фота
Былы горадзенскі архіяпіскап Арцемі. Архіўнае фота

Горадзенскі архіяпіскап Арцемі быў адзіным высокапастаўленым ярархам Праваслаўнай царквы, які асудзіў гвалт сілавікоў у 2020 годзе. Пасьля гэтага яго зьнялі з пасады і адправілі на «пакой».

Памёр уладыка 22 красавіка 2023 году ва ўзросьце 70 гадоў. Пра апошнія гады жыцьця Арцемія Свабода пагаварыла з праваслаўным місіянэрам у Афрыцы, былым супрацоўнікам Горадзенскай эпархіі Русланам Яроцкім.

«Не любіў усё савецкае»

— Як вы пазнаёміліся з уладыкам Арцеміем?

— Гэта зьвязана з маім прыходам у Праваслаўную царкву. Так атрымалася, што калі я толькі туды прыйшоў, то мне прапанавалі працу ў Горадзенскай эпархіі. Менавіта Арцемі, а таксама яшчэ адзін сьвятар зь ягонага акружэньня, увялі мяне ў справы. Я працаваў там у сацыяльным аддзеле, быў дырэктарам заснаванага Горадзенскага дабрачыннага таварыства.

Руслан Яроцкі
Руслан Яроцкі

Шчыльнага кантакту з уладыкам у нас тады не было. Гэта былі іншыя абставіны, іншае мірнае жыцьцё. Арцемі быў проста добрым шэфам. Ён няпросты, але ў добрым сэнсе звычайны чалавек, чалавечны, у нас не было зь ім канфліктаў. Калі я пакінуў эпархію, то мы часам сустракаліся ў горадзе ці саборы, ён падыходзіў, пытаўся, як мае справы. Уладыка вельмі не любіў усяго савецкага. На дух не пераносіў Homo sovieticus, зьвязваў гэта з найноўшай гісторыяй і ціскам на рэлігію і сьвятароў з боку бальшавікоў. Горадзенская эпархія — гэта быў такі астравок свабоды.

— Нешта беларускае ва ўладыкі было?

— Натуральна. Яго пастаянна абвінавачвалі ў тым, што ён хоча адысьці ад расейскага традыцыйнага праваслаўя і адраджае беларускія традыцыі. Былі спробы правядзеньня ў храмах службаў на беларускай мове, вітаўся пераклад Новага Запавету на беларускую. Нават зборнікі пропаведзяў, выдадзеныя пры эпархіі, былі на беларускай мове. Ён любіў Беларусь. Хаця ў апошнія нашы размовы ён адчуваў сябе і ўкраінцам.

— У яго ўкраінскае этнічнае паходжаньне?

— Так. У дзяцінстве ён шмат бываў ва Ўкраіне. Калі пачалася расейская агрэсія, то ён моцна суперажываў украінскаму народу. Хаця ў Кіеве і Кіева-Пячорскай лаўры ён не бываў так часта. Па-беларуску ён мог гаварыць, хаця мы ўсе, людзі постсавецкага пэрыяду, вучыліся на практыцы. Я хадзіў у савецкую школу, дзе беларуская мова вывучалася як замежная. У студэнцтве чытаў беларускіх клясыкаў. І цяпер абавязкова раз на год чытаю сур’ёзную кнігу па-беларуску.

«Сёньняшняе праваслаўе — знаходка для дыктатуры»

— З Арцеміем вы сталі збліжацца, калі выехалі ў эміграцыю?

— Мабыць, у 2020 годзе пачалося, калі справа ішла да выбараў. Уладыка заўсёды быў такім чалавекам, які пад сыстэму не падстройваўся. Яго шмат разоў хацелі «прагнуць», але ён не паддаваўся. У Горадні ў саборы ёсьць абразы з чырвонаармейцамі, якія расстрэльваюць сьвятароў, і яны дзіка раздражнялі чынавенства мясцовае. Ходзіць легенда (можа, і праўда), што на яго быў чарговы наезд, палохалі кудысьці адправіць, дык уладыка працягнуў рукі і сказаў: «Арыштоўвайце мяне хоць цяпер». Гэта гучыць прыгожа, але я ня ведаю, ці гэта праўда.

У 2020 годзе ва ўсіх было нейкае прадчуваньне. Нам здавалася, што рэвалюцыя годнасьці можа перамагчы. Мы наіўна верылі, што праз інтэлігентнае стаўленьне да гэтай сыстэмы можна перамагчы. Я думаю, што і ў Арцемія была нейкая надзея.

— Казань уладыкі 16 жніўня з асуджэньнем гвалту сілавікоў была спантаннай ці прадуманай?

— Спантаннай. Ён быў чалавекам крыху экспрэсіўным і сказаў, што думаў. А для архіяпіскапа, чалавека ягонага ўзроўню, гэта вялікая раскоша. Але ўладыка ні пра што не шкадаваў. Ужо тады было ясна, што адхіленьне ад архіяпіскапства — гэта пытаньне часу. Я помню, што потым размаўлялі зь ім і ён сказаў, што стаім да канца: як мы разумеем сытуацыю, так і павінны гаварыць.

Архіяпіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі (Кішчанка), Чын асьвячэньня Бібліятэкі імя Ларысы Геніюш пры Калоскай царкве. 2015
Архіяпіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі (Кішчанка), Чын асьвячэньня Бібліятэкі імя Ларысы Геніюш пры Калоскай царкве. 2015

Ён не баяўся, хаця разумеў наступствы. Большасьць прыхаджан цэркваў — гэта звычайныя савецкія людзі. Па нейкім дзіўным зьбегу абставін самае камфортнае асяродзьдзе для існаваньня савецкасьці — гэта праваслаўе. Там дыктатура — і тут дыктатура; там ня трэба думаць — і тут ня трэба думаць. Хрысьціянства не такое. Але той варыянт праваслаўя, які мы цяпер маем, гэта знаходка для дыктатуры. Бо яно ламае ў чалавеку індывідуальнасьць, пераўтварае ў нейкае калектыўнае духоўнае цела.

«Я думаю, што спэцслужбы маюць уплыў на Веньяміна»

— Пасьля той казані на ўладыку быў ціск?

— Так, я ня ведаю па прозьвішчах. Быў ціск на ўсю эпархію. Здаецца, тады ўжо быў мітрапалітам Веньямін, бо яго прызначэньне адбылося імгненна, нават у часы Сталіна так хутка не бывала. Справа ў тым, што мітрапаліт Павал «схібіў», бо ён зрабіў агульнадаступным факт гвалту сілавікоў, калі прыйшоў у лякарню да пабітых. Яму нават гаварыць нічога ня трэба было. Таму яго выкінулі зь Беларусі. На ўладыку ціснуў Веньямін, каб ён звольніў мяне, а таксама іншых людзей. Быў скандальны выступ Савы Мажукі, калі ён назваў рэвалюцыю «бунтам сытых», а таксама стаў спачуваць «бедным» амапаўцам.

Архіяпіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі асьвяціў статую Багародзіцы ў Горадні. 2010
Архіяпіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі асьвяціў статую Багародзіцы ў Горадні. 2010

У тым інтэрвію ён крытыкаваў Горадзенскую эпархію, якая ледзь не хацела аўтакефалію, па яго словах. Раней мы з Савам нармальна кантактавалі, ён запрашаў мяне ў Гомель на перадачу. І я ня мог паверыць, што псыхічна здаровы чалавек можа такую ахінею сказаць. Я запісаў эмацыйны зварот да Мажукі, пасьля якога ўладыка падышоў да мяне і падзякаваў. Уладыка быў чалавекам спрактыкаваным, ён перажыў Саветы. Перажываў, але страху ў яго не было. Ён ня мог паверыць, што ў гэты час адноснай свабоды можна зьняць архіяпіскапа ні за што.

— Якія ў іх былі адносіны зь Веньямінам?

— Калі прызначылі Веньяміна, то ўсе казалі, што вось першы беларус мітрапаліт, будзе клясна. Уладыка не даваў ніякіх ацэнак. А вось хтосьці з айцоў сказаў: «Глядзіце, можа яшчэ па расейцах сумаваць будзем». І як у ваду глядзеў. Калі першы раз Веньямін прыехаў у Горадню, то я яшчэ быў супрацоўнікам эпархіі. Мітрапаліт тады забараніў «Магутны Божа», і мы ўсе абалдзелі ад гэтага. Настолькі вялікі шок. Філарэт сьпяваў «Магутны Божа», усе сьпявалі. Тэкст абсалютна нэўтральны, апалітычны. І ён забараняе. Спачатку Веньямін спрабаваў з усімі дамовіцца, але ўсё пачалося потым, калі Лукашэнка сказаў, што «царкоўнікі не сваёй справай займаюцца». Я думаю, што спэцслужбы адназначна маюць уплыў на Веньяміна, добра, калі ён там не працуе. У яго была дакладная праграма зачысьціць Горадзенскую эпархію, бо тут і архіяпіскап і сьвятары маюць выразную грамадзянскую пазыцыю. Калі ўладыку зьнялі, то ён нават ня мог у гэта паверыць.

«У вашым рашэньні няма Бога»

— А як гэта было?

— Ён тады разумеў, да чаго гэта ідзе. Такое рашэньне можа прайсьці, толькі калі яго ўзгаднілі з патрыярхам Кірылам і Лукашэнкам. Усе архіяпіскапы, можна сказаць, маюць недатыкальнасьць. І гэта ствараць такі прэцэдэнт, калі ты заваліш аднаго, то заўтра могуць прыйсьці па цябе. Здаецца, толькі адзін архіяпіскап устрымаўся (маецца на ўвазе архіяпіскап Пінскі Сьцяфан. — РС). А ўсе астатнія прагаласавалі за адхіленьне. Уладыка Арцемі спадзяваўся, што гэта ня пройдзе. Абвінавачаньні былі недарэчнымі, напрыклад што ў прыхаджан бчб-яйкі велікодныя.

Архіяпіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі (Кішчанка)
Архіяпіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі (Кішчанка)

Ён казаў, што ня можа кантраляваць, хто ў які колер фарбуе. Пасьля зацьвярджэньня адстаўкі ўладыка Арцемі сказаў: «Гэта ваша рашэньне, але ў ім няма праўды і Бога». Самае забаўнае, Веньямін выдаў, што ўладыку Арцемія адправілі на пакой. Хаця Арцемі ў некалькіх заявах сказаў, што яго прыбралі, ні на які пакой не прасіўся. Яны хлусяць! Інстытут, які павінен гаварыць безумоўную праўду, хлу́сіць нават у дробязях. Я ня ведаю, чаму Веньямін сябе так павёў. Уладыку гэта раніла.

— Як ён гэта перажываў?

— Яго хацелі адправіць у Менск. А ён ужо палюбіў Горадню. Я думаю, што гэта быў кампраміс, што яго пакінулі ў Горадні з умовай, каб нічога не гаварыў. Новы мітрапаліт Антоні (Даронін) — гэта такі бульдозэр. Ён цалкам ляяльны ўладзе. Антоні дарыў іконы Мікалаю Карпянкову, які граміў шыбы ў Менску падчас акцый пратэсту. Спачатку Антоні спрабаваў быць добрым пастырам, але народ, які мысьліў, яго не прыняў. Многія зусім пакінулі Царкву. Ён пасьлядоўна зьнішчаў усё тое, што ўладыка будаваў 20 гадоў. Яны ня горадзенскія, ня ведаюць гэты горад, але ў іх ёсьць улада і яны рабілі, што хацелі. Ён паступова зачысьціў усю эпархію, ён не саромеецца і не хавае свае сувязі з праўладнымі арганізацыямі. Калі яны запосьцілі фота, дзе над труной уладыкі Арцемія стаяць Веньямін, Антоні і іншыя — гэта плявок. Яны пры жыцьці хацелі яго расьпяць, а цяпер стаяць ля труны і крычаць «Асана». Як казаў Юры Шаўчук: ты альбо крыжык здымі, альбо майткі надзень. Гэта нейкае вар’яцтва! Можна ж паважаць чалавека як ворага, як апанэнта.

«Думаю, ён быў бы ня супраць эміграваць»

— Хвароба пачалася на фоне звальненьня?

— Думаю, што так. За апошнія два гады ён моцна здаў: нэрвы, адзінота, шмат хто адвярнуўся ад яго. Ён гэта бачыў і адчуваў. Блізкае кола, вядома, засталося. Але эпархія за яго не заступілася. Калі заяжджаў новы архіяпіскап, то вакол сабора было шмат гэбэшнікаў. І многія сьвятары, якія не любілі Арцемія, абдымаліся з гэтымі ціхарамі. Значыць, яны адзін аднаго ведалі. Беларускага праваслаўя больш няма, ёсьць ідэалягічная структура, якая падпарадкаваная дзяржаве. Гэта такі «аддзел БРСМ для дарослых». Праваслаўе цяпер пад пятой спэцслужбаў. Як зразумець манахаў, якія такое зрабілі з Царквой? Усіх, хто думае інакш, пакаралі і прыбралі. Ідзе адток людзей, моладзі. Ім патрэбны толькі тыя, хто будзе купляць запіскі: мы прадамо вам трошкі малітвы і дабра за вашы грошы, такі лахатрон. Праваслаўе жыве сёньня ў Беларусі ў простых людзях, а таксама ў тых сьвятарах, які захоўваюць праўду ў сабе, у сваіх сем’ях. Я не баюся ўплыву Царквы на моладзь: яны нікому не цікавыя, апроч саміх сябе і свайго кола.

Арцемі хацеў жыць, у яго былі пляны, нават хацеў па-хуліганску прыехаць у Вільню, ён любіў гэты горад.

— А ў цэлым эміграваць ён не хацеў?

— Думаю, ён быў бы не супраць. Але гэтая япіскапская сыстэма — гэта такая кабала і рабства. Пакінуць яе па-чалавечы вельмі складана.

«З Антоніем прыйшоў „русский мир“»

— Уладыка Арцемі ўсё ж даў некалькі інтэрвію, у тым ліку вам, пасьля адстаўкі на «пакой». Ён ня мог маўчаць?

— Яго маўчаньне, мабыць, было часткай нейкай угоды. Ён часта браў удзел у нашых онлайн-клюбах, мы іх не выкладвалі ў адкрыты доступ, часта ён быў там ва ўдары, мог сказаць, што думае. Запісы захаваліся, думаю, мы іх выкладзем. Калі Антоні стаў мэтанакіравана зьнішчаць усё тое, што будаваў уладыка Арцемі, то ў апошняга было пачуцьцё разгубленасьці, засмучэньня. Ён пытаўся: няўжо праўда ўсё было так кепска?

— Яму балела?

— Вельмі балела. І ён пагадзіўся даць інтэрвію «Вера+» з гэтай прычыны, бо хацеў сябе абараніць. Мы запісалі вялікую размову, што нельга так адносіцца да мінулага. Гэта быў яго адказ Антонію. Ня ведаю, ці зразумеў гэта той. Антоні прывёў яго ў вялікі боль. З Антоніем тым больш прыйшоў «русский мир».

— Што гэта значыць?

— Што ўсё беларускае цяпер не заахвочваецца. Патрыятычныя клюбы ўваскрэсьлі, нейкія казачкі. Праваслаўе стала савецкім. Цяпер там расказваюць мэгатрызьненьне пра «рускую духоўнасьць», пра нейкі дамастрой. Яны нічога не вырабляюць, апроч нянавісьці. Ненавідзяць Канстантынопальскі патрыярхат, але адначасова захапляюцца канстантынопальскімі сьвятымі. Пасьля сябе ўладыка Арцемі пакінуў занадта вялікія «боты», яны не па памеры Антонію. Каб вы разумелі, уладыка вельмі любіў усё заходняе.

— Адкуль гэта ўзялося?

— Бо не любіў усё савецкае. Любіў заходнюю адукацыю, тэхналёгіі. Ён раіў нават атрымліваць багаслоўскую адукацыю не ў Маскве, а ў Варшаве. Ён сачыў за тым, што адбываецца ў сьвеце. Цікавіўся многімі рэчамі, у яго былі заходнія каштоўнасьці. А вось мітрапаліт Веньямін увесь час гаворыць пра «загніваючы Захад». Пры гэтым яны карыстаюцца айфонамі, езьдзяць на Захад у адпачынак, карыстаюцца добрымі аўтамабілямі. Уладыка Арцемі любіў добрую тэхніку, зь ім нават можна было нават абмеркаваць нейкія мабільныя навінкі. З маладымі людзьмі яму было пра што пагаварыць. Ён вельмі жывы чалавек. Натуральна, ідэалізаваць яго ня трэба. І ён у чымсьці памыляўся, і ў чымсьці меў складаны характар, але я бачыў толькі ўсё добрае.

Архіяпіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі (Кішчанка)
Архіяпіскап Гарадзенскі і Ваўкавыскі Арцемі (Кішчанка)

«Ён быў на баку ўкраінцаў»

— Вы пачалі пісаць сумесную кнігу?

— Пачалі зьбіраць матэрыялы. Калі я ўбачыў, што ён закісае ў сваёй адзіноце, то прапанаваў: «Уладыка, пішыце кнігу». Яе б чыталі, і ён загарэўся гэтай ідэяй. Пачаў скідваць мне нейкія матэрыялы. Мы запісалі тое двухгадзіннае інтэрвію, хацелі зрабіць такіх некалькі. А потым ён пайшоў па лякарнях, і мы не пасьпелі.

— Што ён думаў пра вайну ва Ўкраіне?

— Ён адназначна яе асуджаў. У невялікім інтэрвію ён сказаў, што гэтая вайна не ад Бога. Ён цалкам быў на баку ўкраінцаў, разумеў усю недарэчнасьць сытуацыі. У яго не было сумневаў, хто агрэсар, хто бандыт. Вайну абараняюць толькі прапагандысты і Царква, больш ніхто.

— Вы калі-небудзь гаварылі зь ім пра Лукашэнку?

— Так, асабліва пасьля выступу ў Горадні (канец жніўня 2020 году). Лукашэнка вылучыў тады царкоўнікаў у той прамове. Зразумела было, што найперш Арцемія. Ва ўладыкі не было нейкай асабістай нянавісьці да Лукашэнкі, ён проста не прымаў увесь той савок, які спрабуюць вярнуць і ўваскрасіць. Ён гэтага не разумеў. На асобы ўладыка не пераходзіў. Няма адчуваньня, што ўладыка ўжо памёр. Я размаўляў зь людзьмі зь Беларусі, якія, па сутнасьці, знаходзяцца ў падпольлі, і яны адчуваюць, што асірацелі. Хоць уладыка не гаварыў, але людзі ведалі, што ён ёсьць побач. Нават калі яму было кепска, то ён усё адно стараўся падтрымаць іншых, клапаціўся пра сьвятароў, людзей, што трапілі «пад раздачу». Яму ў «русском мире» было душна, як духоўцы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG