Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Качанава прапанавала аддаваць у манастыры дзяцей, якіх адабралі ў бацькоў — «як у Расеі»


Натальля Качанава
Натальля Качанава

Магчымасьць арганізацыі пры манастырах прытулкаў для дзяцей, чыіх бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў, старшыня Савета Рэспублікі Натальля Качанава абмеркавала з кіраўнікамі дзяржаўных органаў і Беларускай праваслаўнай царквы.

Качанава расказала, што ідэю перадаваць абараных у бацькоў дзяцей у манастыры яна «пазычыла» ў Расеі.

«Падчас майго візыту ў Маскву мы дамовіліся са старшынёй Савета Фэдэрацыі Валянцінай Іванаўнай Мацьвіенкай, што наведаем Пакроўскі манастыр. Матухна Феафанія нам паказала прытулак для дзяцей, чые бацькі пазбаўленыя бацькоўскіх правоў. У Расеі дазволена пры манастырах ствараць прытулкі. У прыватнасьці, у Пакроўскім манастыры ўжо дастаткова вялікі досьвед працы зь дзецьмі. Наступная сацыялізацыя выхаванцаў прытулку паказвае пасьпяховыя вынікі», — цытуе Качанаву прэс-служба Савета Рэспублікі.

Удзельнікі нарады абмеркавалі магчымасьці стварэньня такіх прытулкаў у Беларусі, заканадаўчага рэгуляваньня іх дзейнасьці, вызначэньня крыніц фінансаваньня, а таксама гатоўнасьці манастыроў да арганізацыі такіх установаў.

Горадзенская прарасейская актывістка Вольга Бондарава напісала, што першым такім прытулкам «абраны Горадзенскі манастыр». Ускосна яе словы пацьвярджаюцца тым, што на апублікаваных прэс-службай Савета Рэспублікі фатаздымках з сустрэчы прысутнічае ігуменьня жаночага манастыра ў Горадні Гаўрыіла, скандальна вядомая тым, што раней называла апанэнтаў улады «дэманамі» і «сэктантамі», частавала сілавікоў УУС Горадзенскага аблвыканкаму тортамі, дзякуючы ім «за тое, што яны ў нас ёсьць».

Бондарава горача падтрымала ідэю Качанавай і выказала спадзяваньне на тое, што разам з адкрыцьцём такіх прытулкаў у манастырах у Беларусі «такі закрыюць усе гэтыя шэлтэры, СОС-дзіцячыя вёскі і іншыя сховішчы і „пакоі, дружалюбныя падлеткам“, арганізаваныя НДА з замежным фінансаваньнем якія рэалізуюць у Беларусі заходнюю нэалібэральную павестачку».

Пачынаючы з 2020 году, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі некаторым удзельнікам пратэстаў, сярод іншага, неаднойчы пагражалі забраць дзяцей у прытулак, многія зь іх праз гэты вымушана зьехалі за мяжу. У тым ліку пра пагрозу пазбавіць іх бацькоўскіх правоў расказваў былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Валер Цапкала, ягоная жока Вераніка казала, што найперш гэта вымусіла іх пакінуць Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG