10 лістапада, у дзень ушанаваньня вэтэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў, УУС Горадзенскага аблвыканкаму наведала ігуменьня жаночага манастыра ў Горадні Гаўрыіла. Тая самая, якая раней называла пратэстоўцаў дэманамі і сэктантамі.
«Дарагія мае, усе людзі вам удзячныя за тое, што вы мужна, цьвёрда, шчыра, аддана любіце сваю Радзіму. Якія б ні былі ў нас у краіне ўнутраныя супярэчнасьці, а яны ня могуць ня быць, таму што ўсе людзі розныя, — усё гэта пройдзе. Бо нават у Сьвятым Пісаньні дапускаецца разнадумства, але толькі разумнае. Дзякуй вам, што вы ў нас ёсьць і што можна да вас зьвярнуцца», — сказала ігуменьня Гаўрыіла, якую цытуе прэс-служба УУС Горадзенскага аблвыканкаму.
Ад імя сваіх вернікаў і большай часткі праваслаўнай Царквы ігуменьня Гаўрыіла выказала «велізарную ўдзячнасьць супрацоўнікам органаў унутраных спраў за іх нялёгкую працу ў гэты складаны час». Яна параіла сілавікам не баяцца і не адказваць, калі чуюць «нейкія дакоры ў свой адрас, а яшчэ страшней — праклёны», бо «яны не закрануць вас».
«Вы ўсё адно нічога не дакажаце — людзі, якія паддаліся заклікам тэлеграм-каналаў, больш нікога ня чуюць. Такі час настаў: абараняць сваю Радзіму не на словах, а рэальна, на справе», — сказала яна.
На фота, апублікаваным УУС Горадзенскага аблвыканкаму, бачна, што сілавікоў частавалі тортамі з надпісамі «Дзякуй АМАПу за мір, парадак і патрыятызм», «Блаславім нашых міліцыянтаў» і іншымі.
- Ігуменьня Гаўрыіла вядомая тым, што, выступаючы 17 верасьня ў «Менск-Арэне» на арганізаваным у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі жаночым форуме «За Беларусь», рэзка скрытыкавала пратэсты, якія праходзяць у краіне. Сярод іншага, у сваім выступе ігуменьня назвала апанэнтаў Аляксандра Лукашэнкі «сэктантамі», а таксама зганьбіла нацыянальныя сымбалі Беларусі.
- У Беларускай праваслаўнай царкве адмежаваліся ад заяваў ігуменьні Гаўрыілы, падкрэсьліўшы, што гэта яе «асабісты погляд на тое, што адбываецца».
- 22 верасьня манахіня Гаўрыіла Глухава папрасіла прабачэньня ва ўсіх, каго абразіў або зачапіў яе выступ на жаночым форуме «За Беларусь» 17 верасьня.