Раней ішлі 300 чалавек, сёлета 30
Сёлета ў Будслаў выйшла больш за дзесяць пешых паломніцтваў з розных гарадоў. У пятніцу 30 чэрвеня яны маюць дайсьці ў марыйны санктуарый. Увечары пачнецца Будслаўскі фэст, ноччу пройдзе традыцыйная працэсія са сьвечкамі, якая нагадвае вогненную раку. На сьвяткаваньне прыедзе пасланьнік Папы Рымскага Кляўдыё Гуджэроцьці, які раней быў амбасадарам Ватыкану ў Беларусі.
Вернікі ходзяць да сьвятых месцаў у сучаснай Беларусі ўжо каля 30 гадоў. Перапынак у пілігрымках у тым ліку да галоўнага санктуарыя Беларусі, у Будслаў, здарыўся ў 2020 годзе — праз каранавірус. Тады пеша рушылі толькі некалькі нешматлюдных прыватных пілігрымак, калі ахвотныя арганізоўвалі сабе маршрут самі. У 2021 годзе, калі ў будслаўскай сьвятыні згарэў дах, пілігрымкі ўсё яшчэ не аднавіліся з ранейшай сілай, ішлі ў індывідуальным фармаце, іх было няшмат. Ужо ў 2022-м іх сталі ладзіць з розных гарадоў, як і раней.
Сёлета першымі выйшлі вернікі з Баранавічаў і Ліды. Абедзьве калёны налічваюць прыкладна па 20-30 чалавек. Раней яны былі значна большымі. Паломніцтва Баранавічы — Будслаў раней было брэндам у Каталіцкай царкве. Гэта самы доўгі шлях у беларускі санктуарый — 9 дзён пешкі. Баранавіцкія пілігрымы звычайна былі аднымі з самых арганізаваных і вясёлых на будслаўскім фэсьце. Раней пілігрымка налічвала 100 чалавек, а гадоў 15 таму — 300.
Яшчэ адна адметнасьць сёлетніх шэсьцяў — у іх бярэ ўдзел вялікая колькасьць дзяцей (раней было больш ахвотных дарослых пілігрымаў). Але зь некаторых гарадоў выйшлі вялікія калёны, як і раней: са Смаргоняў, Менску, Нарачы.
Пілігрымкі з Баранавічаў і Ліды налічваюць да 30 чалавек, 2023 год
«Летась казалі, што агенты КДБ хадзілі ў пілігрымках»
Каталік Арцём Ткачук мяркуе, што ў апошнія гады пілігрымкі сталі меншымі з комплексу прычын, якія непасрэдна не зьвязаныя зь ціскам дзяржавы на Каталіцкую царкву. Ён адзначае, што, па-першае, ідзе сэкулярызацыя грамадзтва, рэлігія становіцца ўсё менш важнай для людзей, усё менш чалавек ходзіць у храм.
Другой прычынай ён называе брак працы сьвятароў з моладзьдзю, якая звычайна складае большасьць удзельнікаў беларускіх паломніцтваў.
«Са Смаргоняў выйшла каля 100 чалавек. Дык Смаргоні нашмат меншая мясцовасьць, чым Ліда і Баранавічы. Відавочна, што ў Смаргонях працуюць айцы-салезіяне. Гэтая праца рэгулярная і пастаянная», — параўноўвае Арцём Ткачук.
Трэцяй прычынай ён лічыць масавую эміграцыю беларусаў-каталікоў і зьвяртае ўвагу на тое, што, прыкладам, у Польшчы пасьля 2020 году паўстала каля 10 беларускіх каталіцкіх душпастырстваў у розных гарадах.
На думку верніка, ціск уладаў на Каталіцкую царкву не ўплывае непасрэдна на саміх пілігрымаў.
«Ён уплывае на арганізатараў. Улады сталі больш актыўна цікавіцца пілігрымкамі. Летась казалі, што агенты КДБ хадзілі ў пілігрымках, слухалі, пра што гавораць. Але на звычайных пілігрымаў гэта ніяк не ўплывае. Людзі ідуць, моляцца, звычайная малітва», — мяркуе каталік.
Ахвяраваньне за пілігрымку Менск — Будслаў каля 75 рублёў
Арцём Ткачук думае, што фінансавае пытаньне тут ня грае вялікай ролі.
«Аплата за пілігрымкі звычайна невялікія. Гэтыя аплаты ніколі не былі абавязковымі. Калі ты ня можаш заплаціць, то давалі сымбалічнае ахвяраваньне. Кошт пілігрымкі ні ў якім разе ня можа быць перашкодай для пілігрымаў», — камэнтуе ён.
Беларуска Тацяна* (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі. — РС) таксама думае, што грошы тут не пры чым.
«Гэта не залежыць ад таго, што трэба плаціць. Напрыклад, наша пілігрымка ня плаціць грошай ані за міліцыю, ані за „хуткую“. Яны пілігрымаў не суправаджаюць, прынамсі ў нашай пілігрымцы зь Менску. Ды калі ёсьць зусім малалюдныя пілігрымкі, то каго там ахоўваць?», — кажа беларуска.
У іхнай пілігрымцы зьбіралі ахвяраваньні на саму пілігрымку: на футболку, хустку, сьпеўнік, ежу, ваду і транспарт, які вязе рэчы. За ўсё гэта людзі скідваліся прыкладна па 70-75 рублёў.
«Гэта зусім ня шмат», — зазначыла Тацяна.
Некалькі гадоў таму пілігрымку ў Віцебскай вобласьці нават адмянілі праз тое, што дзяржава расцаніла паломніцтва як масавае мерапрыемства і запатрабавала аплаціць паслугі міліцыі і мэдыцынскай дапамогі, якія былі абавязаныя суправаджаць калёну. Сума за тыдзень складала каля 3 тысяч рублёў — непад’ёмная для царквы і вернікаў. Аднак суразмоўцы Свабоды расказалі, што ў рэальнасьці грошы на паслугі міліцыі і хуткай дапамогі ў пілігрымцы з паломнікаў цяпер не спаганяюць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Традыцыйную пілігрымку памяці манахаў, забітых Пятром I, адмянілі, бо ўлады запатрабавалі 3000 рублёў«У нас ёсьць бутафорскі мітрапаліт, які гаворыць бутафорскую прамову»
Тацяна мяркуе, што пілігрымкі зьмяніліся якасна, бо ў многіх людзей у Беларусі прыгнечаны настрой цягам апошніх гадоў ад палітычных і грамадзкіх падзей. Яна ўспамінае, што ў папярэднія гады пілігрымкі былі больш вясёлыя: удзельнікі шмат сьпявалі, танцавалі, пускалі «хвалю» — калі па чарзе пачынаюць падскокваць спачатку першыя шэрагі, потым наступныя — і так да «хваста» калёны. Цяпер гэтага менш.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 70-гадовы ксёндз Уладзіслаў Завальнюк даехаў на фэст у Будслаў на монаколе«У Беларусі цяжка дыхаць, у многіх прыгнечаны настрой, людзі прыбітыя, тут немагчыма знаходзіцца. У нас ёсьць бутафорскі мітрапаліт, які гаворыць бутафорскую прамову. Перад выхадам пілігрымкі ён дзякуе „нашым дарагім міліцыянтам, якія нас суправаджаюць“. Нешта адбылося, нешта зламалася ў нас. Кепскі настрой. Людзям рэальна кепска», — камэнтуе верніца.
Яна таксама падтрымлівае думку, што пілігрымаў мала праз эміграцыю.
«Зьехала палова людзей з майго касьцёла, якія хадзілі ў пілігрымку. Пілігрымковае „мяса“ выехала за мяжу», — кажа яна.
«Навошта ісьці ў брудзе, поце, у гарачыні, пад дажджом?»
Ксёндз Дзьмітры зь Беларусі цяпер служыць у Польшчы. Ён сам хадзіў у пілігрымкі і калі быў падлеткам, і калі вучыўся ў сэмінарыі, і калі стаў сьвятаром. Сьвятар лічыць, што сёлета ў пілігрымкі пайшлі няшмат людзей «не ад палітычнай сытуацыі».
«Заўважыў, што менш людзей выйшла сёлета з Баранавічаў. Але пілігрымка з Пастаў па колькасьці людзей практычна не зьмянілася. На агульную сытуацыю паўплываў спачатку каранавірус, які шмат нядобрага зрабіў, пасьля эміграцыя маладых актыўных людзей зь Беларусі ў тую ж Польшчу», — кажа сьвятар.
Ён ня верыць, што на сытуацыю з «адыходам» ці «непрыходам» каталікоў у храмы ці пілігрымкі паўплывала кампанія дыскрэдытацыі каталіцкіх сьвятароў, якую распачалі праўладныя тэлеграм-каналы.
«Сапраўдны вернік, каталік, не падуладны такім кампаніям дыскрэдытацыі сьвятароў», — зазначыў ксёндз Дзьмітры.
Яшчэ адзін каталік і пілігрым Віктар* (імя зьменена дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) мяркуе, што памяншэньне колькасьці пілігрымаў зьвязана агулам з падзеямі ў Беларусі і ў сьвеце ў апошнія гады, у тым ліку, з эпідэміяй каранавірусу і масавай эміграцыяй. Ён адзначае, што спад можна прасачыць і цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў.
«Людзі сэкулярызаваліся, прызвычаіліся да камфорту. Чаго „поўзаць“ пешкі? Можна сесьці ў машыну і прыехаць на месца. Навошта ісьці ў брудзе, поце, у гарачыні, пад дажджом?», — камэнтуе ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік каталіцкага касьцёла Беларусі: «Выбары павінны быць сумленнымі, свабоднымі і справядлівымі»