Лінкі ўнівэрсальнага доступу

70-гадовы ксёндз Уладзіслаў Завальнюк даехаў на фэст у Будслаў на монаколе


Ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк на монаколе
Ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк на монаколе

Пробашч менскага Чырвонага касьцёла, 70-гадовы ксёндз-канонік Уладзіслаў Завальнюк завершыў 4-дзённую адзіночную пілігрымку зь Менску ў Будслаў.

Там 2 ліпеня фэстам адзначаюць сьвята Будслаўскай іконы Божай Маці. Праз пандэмію пілігрымкі вялікімі групамі адмененыя, таму ксёндз выправіўся туды самастойна. У якасьці транспартнага сродку выбраў монакола, езьдзіць на якім навучыўся ня так даўно, паведамляе агенцтва «Минск-новости».

Провады ксяндза ў пілігрымку 29 чэрвеня
Провады ксяндза ў пілігрымку 29 чэрвеня

29 чэрвеня ў Чырвоным касьцёле прайшла імша. Праводзіць ксяндза прыехалі тры дзясяткі чалавек з монаколамі. Пасьля гэтага ён выправіўся ў 132-кілямэтровую вандроўку. За гарадзкой рысай сьвятара суправаджаў легкавы аўтамабіль.

Загадчыца гаспадаркі Чырвонага касьцёла Алена Кабяк расказала агенцтву:

«Зрабілі прыпынак у Даўгінаве, пробашч адпачывае, — сказала яна. — У першы дзень, як выправіліся зь Менску, праехалі ад МКАД адрэзак 31 км. Цяжкім выдаўся аўторак 30 чэрвеня, калі ліў моцны дождж. У нашай машыне залівае лабавое шкло, а ксёндз Уладзіслаў едзе на монаколе. Ягоны жоўты плашч хоць лічыцца непрамакальным, але ўсё ж... 1 ліпеня прайшлі 22 км. Надвор’е было нядрэннае, сьвяціла сонца».

Па словах спадарыні Алены, пробашч рухаўся з хуткасьцю прыкладна 25 км/г, праз 5-7 км рабіў прыпынак, адпачываў 15-20 хвілін і ехаў далей. У дарозе праводзіў імшу і абрад адарацыі.

Ехаць на монаколе вялікую дыстанцыю няпроста: моцна стамляюцца сьпіна, бо трэба трымаць раўнавагу, і ногі, якія знаходзяцца бяз руху ў адным становішчы. І ўсё гэта чалавеку ва ўзросьце.

Сучасны транспартны сродак Уладзіслава Завальнюка
Сучасны транспартны сродак Уладзіслава Завальнюка

Да таго ж паломнік трымаўся посту, на працягу 9 дзён нічога ня еў, піў толькі ваду. Дзе б ён ні спыніўся, усюды яго гасьцінна сустракалі.

2 ліпеня ксёндз Уладзіслаў працягнуў свой маршрут, заключны адрэзак крыху перавышаў 20 км. У першай палове дня ён дасягнуў фінішу.

2 ліпеня ў Будславе прайшла імша з удзелам айца Уладзіслава Звальнюка і мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG