Новы парадак аплаты за масавыя акцыі нэгатыўна паўплываў на дзейнасьць ня толькі апазыцыйных партый, але і рэлігійных арганізацый.
Пачатак грэка-каталіцкай пілігрымкі зь Віцебску ў Полацак быў заплянаваны 9 ліпеня 25-ы раз. Але яе адмянілі ў апошні дзень перад выхадам, бо ўлады запатрабавалі аплаціць паслугі міліцыі, мэдыкаў і камунальнікаў паводле новага парадку — агулам каля 3 тысяч рублёў.
Пілігрымы ўшаноўвалі манахаў, забітых Пятром I
Пілігрымка Віцебск — Полацак ходзіць з 1995 году. Гэта адзіная ў Беларусі грэка-каталіцкая пілігрымка, у якой бралі ўдзел вернікі з усёй краіны. Пілігрымы ішлі больш за 100 кілямэтраў цягам пяці дзён да полацкай Сафіі — месца сьмерці пяці пакутнікаў манахаў-базыліянаў, якіх за веру забіў расейскі цар Пётар I.
Сёлета пілігрымка мелася прайсьці з 9 па 13 ліпеня. У ёй плянавалі ўзяць удзел каля 60 чалавек. У розныя гады колькасьць удзельнікаў сягала 150 чалавек.
Дазвол на пілігрымку быў
Як расказаў грэка-каталіцкі сьвятар Зьміцер Грышан, вернікі атрымалі дазвол зь Віцебскага аблвыканкаму на правядзеньне пілігрымкі 24 чэрвеня. Аднак у адказе гаварылася, што адпаведна заканадаўству арганізатары пілігрымкі абавязаныя заключыць дамовы аб ахове правапарадку, ахове здароўя і прыбіраньні сьмецьця. У аблвыканкаме патлумачылі, што за ўсе гэтыя паслугі трэба будзе плаціць.
Новы «падатак на масавыя мерапрыемствы» (пастанова Савета Міністраў № 49) зьявіўся сёлета ў студзені. Паводле яго, арганізатары мусяць плаціць за паслугі міліцыі, мэдыкаў, камунальнікаў падчас масавых мерапрыемстваў. Сумы залежаць ад колькасьці ўдзельнікаў.
Віцебская міліцыя адказала, што яны бясплатна ня маюць права ахоўваць пілігрымаў, а пакінуць зусім без аховы таксама ня могуць.
Сума склала каля 3 тысяч беларускіх рублёў. Гэта значыць, кожны з 60 пілігрымаў меўся б заплаціць па 50 рублёў толькі за паслугі дзяржаўных службаў.
«Плаціць такія сумы нерэальна», — сказаў Свабодзе айцец Зьміцер Грышан.
Два тыдні перамоваў выніку не далі. Апошнюю адмову сьвятар атрымаў у суботу, 6 ліпеня, а ў панядзелак 8 ліпеня адклікаў заяву на правядзеньне пілігрымкі. Інакш ён бы стаў парушальнікам, бо заяўленая падзея пачалася б не па законе — без абавязковых дамоваў.
Рэлігійныя арганізацыі павінны плаціць ці не?
Пасьля прыняцьця новай пастановы аб аплаце паслуг падчас масавых мерапрыемстваў Канфэрэнцыя каталіцкіх біскупаў зьвярнулася ў Савет Міністраў з пытаньнем, ці гэтая пастанова тычыцца таксама рэлігійных арганізацый.
Адказ з ураду з подпісам колішняга міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча зьявіўся ў траўні на афіцыйным каталіцкім партале catholic.by. Паводле яго, рэлігійныя арганізацыя будуць вызваленыя ад аплаты дзяржаўным службам.
«Гаворка ідзе пра ўсе рэлігійныя мерапрыемствы, якія адбываюцца ў культавых будынках, пабудовах і на тэрыторыях, якія да іх адносяцца, у іншых месцах, адведзеных рэлігійным арганізацыям для гэтых мэтаў, у месцах пілігрымак, на могілках, у крэматорыях або па рашэньні выканаўчых і распарадчых органаў улады», — гаварылася ў дакумэнце, падпісаным міністрам унутраных справаў.
Аднак грэка-каталікам адказ Шуневіча не дапамог.
Айцец Зьміцер патлумачыў, што так адбылося з прычыны няправільнага разуменьня адказу міністра.
«Трэба вельмі ўважліва чытаць гэты дакумэнт. Ён нічога новага не сказаў. Хоць усе спачатку яму ўзрадаваліся. Мы таксама думалі, што абыдзецца бяз нашага ўдзелу (без аплаты. — РС). Рэлігійныя арганізацыі звольненыя ад аплаты ў месцах пілігрымак, нідзе не сказана пра шляхі да гэтых месцаў», — кажа айцец Грышан.
Выхад — трапіць у гадавы дзяржаўны плян
Ён заўважыў, што рашэньне таксама можа залежаць ад мясцовых выканкамаў.
«Адзінае, што нам прапанавалі, — нейкім чынам унесьці нашу пілігрымку ў гадавы плян мерапрыемстваў, якія праводзяцца з удзелам дзяржавы. Я сам пра яго нядаўна даведаўся. Тады ўсе службы абавязаныя ажыцьцяўляць свае паслугі як дзяржаўным арганізацыям», — удакладняе сьвятар.
Туды, прыкладам, унесеныя пілігрымкі ў нацыянальны санктуарый у Будславе.
«Тут няма ніякіх змоваў супраць грэка-каталікоў. Усё паводле закону. Але гэтыя законы ўводзяць усё большую стэрыльнасьць у нашае жыцьцё. Мусіць быць лад, гармонія. А тут нехта кудысьці пайшоў... Наша пілігрымка сваёй прычынай неадназначная — ушанаваць пакутнікаў, якіх забіў Пётар I. Баюся гэта можа стаць ідэалягічнай перашкодай, каб нас ільготна патрактавалі», — мяркуе айцец Зьміцер Грышан.