Відавочна, у нейкі момант яны пачынаюць па-іншаму глядзець і на ўласнае месца ў сыстэме ўлады, і на тых асобаў, якія на герархічнай лесьвіцы знаходзяцца вышэй за іх, хоць па рэальных заслугах перад дзяржавай нібыта не павінны там знаходзіцца.
Уласна, з гэтага пачыналіся многія ўдалыя і няўдалыя спробы ваенных мяцяжоў і пераваротаў у розных краінах. Тое, што адбылося на мінулым тыдні ў Расеі і ў арбіту чаго была актыўна ўцягнутая Беларусь, не выключэньне.
Бравы военачальнік, які прывык да таго, што ад аднаго ўзмаху ягонай рукі прыходзяць у рух палкі і дывізіі, які вырашае людзкія лёсы і сьцірае з твару зямлі гарады і вёскі — ці не з такіх Прыгожын? Падобныя асобы — істотная небясьпека для аўтарытарных валадароў. Бо вялікая рызыка таго, што рана ці позна можа надысьці момант, калі асьвечаны ваеннай славай і народнай папулярнасьцю военачальнік, адчуўшы ўласную магутнасьць, кіне выклік свайму гаспадару.
Your browser doesn’t support HTML5
Дыягназ для Прыгожына
Пуцін, не называючы ў сваім звароце ад 24 чэрвеня імя Прыгожына, коратка акрэсьліў свой дыягназ верхаводу мяцежнікаў: «Непамерныя амбіцыі і асабістыя інтарэсы прывялі да здрады».
Праўладная прапагандыстка Маргарыта Сіманьян, ускосна апраўдваючы паводзіны Прыгожына, удакладніла: «У людзей, якія вяртаюцца з зоны баявых дзеяньняў, мяняецца псыхатып. І мяняецца псыхалягічны стан».
Фармальна ў Прыгожына нібыта няма высокіх вайсковых званьняў і дзяржаўных пасад, але ў сапраўднасьці на момант пачатку паходу на Маскву ягоная рэальныя ўлада і ўплыў былі значна вышэйшымі, чым у большасьці расейскіх генэралаў. Увесь сьвет назіраў, як ён, без адзінага стрэлу захапіўшы Растоў-на-Доне, седзячы ў двары штаба Паўднёвай вайсковай акругі з двума генэраламі (кожны зь якіх — адна з ключавых асобаў у кіраўніцтве расейскай арміі) размаўляў зь імі ня тое што на роўных, а нават звысоку: напрыклад, не дазволіў «тыкаць» у свой адрас намесьніку міністра абароны, генэрал-палкоўніку Яўкураву.
І што датычыць высокіх дзяржаўных узнагарод: Прыгожын імі зусім ня быў абдзелены. Залатую зорку Героя Расеі Пуцін прысвоіў яму зусім нядаўна, у чэрвені 2022 года, ужо за ягоныя «дасягненьні» на ўкраінскім фронце. А да таго быў адзін з найвышэйшых расейскіх ордэнаў «За заслугі перад Айчынай» (указ быў падпісаны ў 2014 годзе, калі Расея анэксавала Крым). Пра спэцыфічныя заданьні Пуціна, якія Прыгожын выконваў у Афрыцы, сьведчаць два ордэны Судану (2018 і 2020 гады). Да ўсяго гэтага дадавалася і адпаведнае грашовае забесьпячэньне. Як прызнаўся сам Пуцін 27 чэрвеня, прыгожынская нібыта прыватная кампанія цалкам фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту (больш як мільярд даляраў за апошні год). А сам яе ўладальнік Прыгожын дзякуючы дзяржаўным ваенным падрадам (забесьпячэньне арміі харчамі) за год паклаў у кішэню яшчэ мільярд даляраў.
Але для такіх асобаў нават вялізнага багацьця і высокага афіцыйнага статусу замала, калі справа ідзе пра вялікую ўладу, пра магчымасьць уплываць на лёс цэлай дзяржавы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка заявіў, што падчас мяцяжу «Вагнэра» гатовы быў паслаць у Расею беларускае войскаМэтад Эрдагана
Дыктатар і вайскоўцы, якія выходзяць з-пад ягонага кантролю — звыклы сюжэт у многіх краінах, дзяржаўны лад якіх падобны да расейскага ці беларускага. Вельмі яскравы прыклад — спроба вайсковага перавароту ў Турэччыне 15-16 ліпеня 2016 года. Адметны ён найперш тым, як турэцкі аўтакрат Рэджэп Эрдаган, якому не бяз цяжкасьці ўдалося задушыць бунт вайскоўцаў, дзейнічаў у наступныя дні і месяцы, імкнучыся ўмацаваць уласную ўладу і прадэманстраваць грамадзтву цьвёрдасьць і непахіснасьць сваёй волі. Сам Эрдаган падчас путчу ледзьве пазьбег гібелі ад рук змоўшчыкаў: уцёк з гатэля ў Мармарысе незадоўга да штурму гэтага гатэля мяцежнікамі, пры гэтым загінулі двое ягоных ахоўнікаў. Усяго падчас мяцяжу тады загінулі 238 чалавек. Яшчэ 3 тысячы былі параненыя.
Жорсткасьць Эрдагана многіх у Турэччыне агаломшыла. Пасьля задушэньня мяцяжу затрымалі сама меней 103 генэралаў і адміралаў, 43 зь якіх трапілі пад арышт. Звольнілі і затрымалі 2745 судзьдзяў, усіх вайсковых пракурораў, 586 афіцэраў у званьні палкоўніка. Пачаліся маштабныя чысткі ва ўсім дзяржаўным апараце. Агулам пад звальненьні і іншыя рэпрэсіўныя меры трапіла каля 135 тысяч дзяржслужбоўцаў — гэта каля 10 працэнтаў усіх занятых на дзяржслужбе. Працу страцілі дзясяткі тысяч унівэрсытэцкіх выкладчыкаў, навукоўцаў, мэдыкаў, настаўнікаў. Было арыштавана каля 300 журналістаў — на падставе публікацый, у якіх нібыта «апраўдваўся тэрарызм» альбо аўтары якіх прыхільна адклікаліся пра «тэрарыстаў». Было заблякавана звыш 100 тысяч сайтаў, якія ўлады палічылі «экстрэмісцкімі» ці «тэрарыстычнымі»...
Эрдаган дамогся свайго. Палітычныя праціўнікі былі разгромлены, сам ён значна ўмацаваў папулярнасьць у грамадзтве і вось ужо на працягу сямі гадоў пасьля разгрому мяцяжу працягвае пасьпяхова ўтрымліваць уладу.
Што праўда, у Турэччыне была спэцыфічная сытуацыя: пасьля рэвалюцыйных пераўтварэньняў Атацюрка вайсковая эліта займала асаблівае прывілеяванае месца. Афіцэрства гістарычна разглядала сябе ў якасьці гаранту турэцкай дзяржаўнасьці паводле прынцыпаў, закладзеных Атацюркам. І вайсковыя перавароты ў Турэцкай рэспубліцы здараліся ў пасьляваенныя гады неаднойчы — у 1960-м, 1971-м, 1980 гадах. Эрдаган, прыйшоўшы да ўлады 20 гадоў таму, вырашыў перафарматаваць гэты звыклы парадак рэчаў так, каб вайскоўцы больш не маглі ўплываць на палітыку. І, выглядае, дамогся свайго. Галоўны інструмэнт, які пры гэтым быў выкарыстаны, — рэпрэсіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта Лукашэнку Прыгожын і чым «Вагнэр» пагражае Беларусі? Вэрсіі Марка ФейгінаСталін і «змова вайскоўцаў»
Лічыцца, што тыя жорсткія рэпрэсіі супраць вайскоўцаў, якія Сталін распачаў у 1937 годзе, ня мелі пад сабой ніякіх падстаў, а чырвоныя камандзіры, якія трапілі пад сталінскі каток, пацярпелі бязьвінна і неабгрунтавана. Размах, зь якім Сталін у канцы 30-х гадоў выкараняў сапраўдную ці выдуманую крамолу ў Чырвонай Арміі, сапраўды ўражвае. Дзясяткі тысяч арыштаваных афіцэраў ва ўсіх вайсковых акругах. З 85 кіраўнікоў арміі і флёту, якія ўваходзілі ў найвышэйшую раду пры Наркамаце абароны, рэпрэсіі не закранулі толькі шасьцёх. Расстралялі трох зь пяці савецкіх маршалаў: Міхаіла Тухачэўскага, Васілія Блюхера і Аляксандра Ягорава.
Амаль усе арыштаваныя пад катаваньнямі прызнаваліся ў змове, здрадзе, шпіянажы і іншых, якіх толькі магчыма, цяжкіх злачынствах. У хрушчоўскі час, у 1957-м, усіх апраўдалі і рэабілітавалі, а абвінавачаньні супраць іх прызналі сфальшаванымі і беспадстаўнымі.
Усё гэта праўда. Але ня ўся. У тыя два міжваенныя дзесяцігодзьдзі, калі аўтарытарныя і дыктатарскія рэжымы на эўрапейскім кантынэнце былі хутчэй нормай, а не выключэньнем, прыход да ўлады шляхам змоваў і вайсковых пераваротаў быў чымсьці звыклым. І ўсё гэта адбывалася на вачах у Сталіна. Сам ён у 1937 годзе, разважаючы пра сутнасьць «вайскова-палітычнай змовы», падкрэсьліваў падабенства абвінавачаньняў у адрас «банды Тухачэўскага» з вайсковым мяцяжом генэрала Франсіска Франка ў Гішпаніі, у выніку якога цывільны ўрад быў зрынуты генэраламі-змоўшчыкамі. Падобнае адбывалася і ў іншых краінах.
У кастрычніку 1922-га былы капрал і будучы маршал Бэніта Мусаліні правёў свой трыюмфальны «паход на Рым», у якім удзельнічалі баявікі Нацыянальнай фашысцкай партыі. У выніку ўлада ўпала яму ў рукі, як сьпелы яблык, і ў краіне надоўга ўсталявалася вайскова-паліцэйская фашысцкая дыктатура.
У траўні 1926-га свой пераможны «марш на Варшаву» ажыцьцявіў маршал Юзэф Пілсудзкі. Гэты марш ня быў бяскроўным: законныя ўлады спрабавалі абараняцца, загінулі некалькі соцень чалавек з абодвух бакоў. Але вайскоўцы пад кіраўніцтвам Пілсудзкага свайго хутка дамагліся: уладу ў краіне захапілі і ўсталявалі свой аўтарытарны рэжым, які абапіраўся пераважна на вайскоўцаў — дзейных і былых, якія раней вызначыліся ў вайне за незалежнасьць Польшчы.
Ці магло падобнае адбыцца ў сталінскім СССР? Ці не вялі паміж сабой адпаведных размоваў чырвоныя камандзіры і маршалы — героі рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, многія зь якіх мелі ўласныя немалыя палітычныя амбіцыі, а на Сталіна глядзелі як на выскачку і самазванца?
Адметна, што ў пуцінскай Расеі ў зьнятым на бюджэтныя грошы ў 2010 годзе сэрыяле «Тухачэўскі. Змова маршала» прасоўвалася менавіта такая вэрсія: што змова вайскоўцаў супраць Сталіна насьпявала; што Тухачэўскі згуртаваў вакол сябе сваіх аднадумцаў, іншых савецкіх военачальнікаў, сярод якіх былі яркія і важкія фігуры, і рыхтаваў свой «паход на Маскву» з падмаскоўных летніх армейскіх лягераў.
Такім чынам, атрымлівалася, што Сталін проста прэвэнтыўна расквітаўся з патэнцыйнымі змоўшчыкамі і мяцежнікамі. Хто зь іх сапраўды быў вінаваты, хто толькі сымпатызаваў змоўшчыкам, а хто проста папаўся выпадкова — у такія пытаньні ведамства Яжова і Бэрыя не заглыблялася. Сталін на дальніх подступах разьбіраўся ня столькі з ворагамі, колькі з тымі, хто патэнцыйна мог стаць ворагамі ў будучыні. Зразумела, ні з правасудзьдзем, ні з маральлю гэта ня мела нічога агульнага. Але сродкам ад здрады і мяцяжу было бездакорным і эфэктыўным.
Дарэчы, у 1946 годзе генэралісімус паўтарыў сваю прафіляктычную акцыю супраць вайскоўцаў. Славутым маршалам і генэралам, якія падчас вайны здабылі вядомасьць і славу, а пасьля вайны прэтэндавалі на асаблівую ролю ў палітычнай эліце, было ўказана на іхнае рэальнае месца з дапамогай старой апрабаванай мэтодыкі. Многія генэралы ў выніку так званай «трафэйнай справы», якую тады распачало супраць высокапастаўленых вайскоўцаў ведамства генэрала дзяржбясьпекі Абакумава, былі арыштаваныя, некаторых расстралялі (Куліка, Гордава, Рыбальчанку). Славуты маршал Жукаў страціў пасаду галоўнакамандуючага сухапутнымі войскамі і толькі выпадкова ня трапіў у ГУЛАГ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнку даручылі няцарскую справу». Тлумачэньне аналітыкаўПаласа нестабільнасьці
У пасьляваенны час у палітычным уладкаваньні сьвету шмат што зьмянілася, хоць вайсковыя мяцяжы і змовы як былі, так і засталіся даволі распаўсюджаным спосабам зьмены ўлады (асабліва ў тых краінах, дзе зьмяніць яе іншым спосабам праблематычна, а то і ўвогуле немагчыма). Муамар Кадафі ў Лібіі, «чорныя палкоўнікі» ў Грэцыі, Аўгуста Піначэт у Чылі, мноства іншых падобных прыкладаў, асабліва ў Лацінскай Амэрыцы і Афрыцы....
Сёньняшнія Пуцін і Лукашэнка ўжо цяпер могуць супернічаць і з Эрдаганам, і з Франка, і зь Піначэтам (а ў некаторых аспэктах і са Сталіным) у тым, што датычыць перасьледу палітычнай апазыцыі, разгрому грамадзянскай супольнасьці і незалежных мэдыя, жорсткага ўхіленьня патэнцыйных супернікаў. Але ні адзін, ні другі пакуль што не наважваліся на маштабныя рэпрэсіі супраць уласнага атачэньня — сапраўдных і ўяўных ворагаў у сваіх уладных шэрагах, у сілавых колах. І тым больш не выкарыстоўвалі правераных сталінскіх практык — не прарэджвалі генэралітэту: людзей у мундзірах і пагонах, ад якіх, як паказвае і чужы, і ўласны досьвед можа зыходзіць найбольш рэальная небясьпека.
Ці магчыма бяз гэтага ўмацаваць уласную рэпутацыю незгінальных і валявых правадыроў, якая пасьля рэйду Прыгожына яўна пахіснулася, а таксама засьцерагчыся ад патэнцыйных змоўшчыкаў і мяцежнікаў? Тым больш што прыхільнікі Прыгожына сярод высокапастаўленых чыноўнікаў ды сілавікоў яўна былі і застаюцца. Наўрад ці ён адважыўся б на свой маскоўскі паход, ня маючы такой падтрымкі. Ды і абставіны ўсяго гэтага маршу, які не сустрэў на сваім шляху ніякага сур’ёзнага супраціву, сьведчаць на карысьць такой вэрсіі. Цяжка ўявіць, што Пуцін моўчкі праглыне перажытыя крыўды і прыніжэньне. А калі праглыне — дзе гарантыі, што неўзабаве Прыгожын (ці нехта іншы з баявых і амбітных генэралаў) зноў ня зьявіцца на чале калёнаў бранятэхнікі дзе-небудзь на подступах да Масквы (ці Менску).
Прыгожынскі мяцеж нібыта прыдушаны, але трывожная паласа няпэўнасьці і нестабільнасьці і ў Расеі, і ў Беларусі на гэтым не завяршылася. І найгоршае, чаго можа чакаць — усплёск новых і больш жорсткіх палітычных рэпрэсій, якія тыраны ва ўсе часы лічылі найбольш эфэктыўным і радыкальным сродкам ад здрады і мяцяжу.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін адпомсьціць Лукашэнку за паслугу падчас мяцяжу? Аналіз экспэрта