На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў Аркадзь Мошэс.
— У панядзелак гаспадар ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын паведаміў, што Аляксандар Лукашэнка «працягнуў руку дапамогі і прапанаваў магчымасьць прадоўжыць работу ПВК „Вагнэр“ у законнай юрысдыкцыі». Пасьля гэтага калёны «Вагнэра» вярнуліся ў палявыя лягеры.
Чаму Прыгожын пагадзіўся на пасярэдніцкую ролю Лукашэнкі? Ёсьць меркаваньне, што Лукашэнка — зусім не самастойная фігура.
— Мне здаецца найбольш імавернай вэрсія, паводле якой Лукашэнка не адыграў ніякай ключавой пасярэдніцкай ролі, што перамовы адпачатку вяліся паміж Прыгожыным і асобамі, якія так ці інакш знаходзяцца пры ўладзе ў Расеі, з прадстаўнікамі Пуціна.
Але ім было сорамна і непрыемна гаварыць пра гэта, бо крызіс разьвіваўся. Яны ўжо абвясьцілі Прыгожына па-за законам. Так што дамовіліся яны паміж сабой. Але ім была патрэбная ня тое каб шырма, але нехта, хто дапаможа ўсім, найперш Крамлю, захаваць твар.
Гэтай асобай аказаўся Лукашэнка. Тут ёсьць і юрыдычная магчымасьць, зьвязаная з «саюзнай дзяржавай». Хаця калі я чую словы «сысьці ў Беларусь», я ня ведаю, сьмяяцца ці плакаць.
Для Прыгожына гэта было выйсьце, гэта была нават не саломіна, а бервяно, па якім можна было перайсьці праз бурлівы паток.
Але я магу і памыляцца. І ня выключана, што Лукашэнка сапраўды адыграў важную ці нават вырашальную ролю. Але тады гэта можа мець для яго сумныя наступствы. Бо калі ў момант прыніжэньня Пуціна адбылося нешта, што шкодна для сувэрэнітэту Расеі, і спатрэбілася ўмяшаньне зьнешняй сілы, тады Пуцін за гэтае прыніжэньне будзе помсьціць.
— Якую ролю ў перамовах адыграў Лукашэнка — відаць, складанае пытаньне. Але варта сказаць, што ён ня толькі прыводзіў ці перадаваў нейкія аргумэнты, ён прапаноўваў сваю тэрыторыю, свае магчымасьці, тую самую «законную юрысдыкцыю». Зараз пайшлі чуткі, што нібыта ў Беларусі ствараюцца намётавыя лягеры для вагнэраўцаў. Праўда, маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» абвергла іх. Але які статус прадугледжаны (ці можа быць прадугледжаны) для вагнэраўцаў у Беларусі?
— Мне здаецца найбольш імаверным, што вагнэраўцы ў невядомай колькасьці будуць знаходзіцца ў Беларусі вельмі непрацяглы час. Для іх гэта транзытны пункт. Магчыма, потым яны перабяруцца ў Афрыку, дзе будуць рабіць справы, карысныя для Крамля, якія, магчыма, будуць уключаць бізнэс-інтарэсы менскіх кіраўнікоў.
У Беларусі яны надоўга не затрымаюцца. А законная юрысдыкцыя — гэта сапраўды важна. Гэта няхай і ілюзорная, але ўсё ж дадатковая гарантыя, што Прыгожына на пэўны час пакінуць у спакоі.
— Які будзе лёс Прыгожына? Пуцін у сваім звароце 26 чэрвеня фактычна сказаў прамым тэкстам: Прыгожын — мяцежнік, злачынца, здраднік. І што: Крэмль пагаджаецца, што такі чалавек атрымае прытулак у саюзнай краіне, у краіне-сатэліце Расеі?
— А ніхто не сказаў, што яму даецца прытулак. Сказалі толькі: ён сыдзе ў Беларусь. З гісторыі мы ведаем, што розныя людзі сыходзілі за мяжу, а прытулку ім там не давалі, як і гарантыяў бясьпекі. Для Пуціна Прыгожын, якога ён лічыць здраднікам, больш не існуе. І яму раней ці пазьней прыгадаюць усё тое прыніжэньне і нават страх, якія насельнікі Крамля перажывалі ў пятніцу і суботу. І яму за гэта адпомсьцяць.
Крэмль прывучыў усіх, што ён вырашае тую праблему, якая стаіць перад ім сёньня. Зьяўленьне ПВК «Вагнэр», роля, якую яна выконвала ў мэдыйнай прасторы, былі зьвязаныя з праблемай недастатковай баяздольнасьці расейскага войска. Вось вынайшлі «Вагнэра».
Калі цяпер баяздольнасьць войска падвысілася, ён стаў менш патрэбны.
Тое ж будзе і з гэтым крызісам. У суботу трэба было вырашыць крызіс хутка і адносна бяскроўна. І каб Пуцін мог казаць пра вырашэньне крызісу як пра нешта, што ўмацавала яго ўладныя пазыцыі. А што будзе потым — вецер пераменіцца.
— Калі быў бунт Пугачова, дык яго злавілі і пакаралі сьмерцю на Лобным месцы. А тут расейскі «цар» пра новасьпечанага Пугачова кажа: няхай едзе ў Беларусь.
— А Прыгожын быў яшчэ ня злоўлены, калі гаварылася, што ён «сыдзе ў Беларусь». Хаця вынік быў больш-менш зразумелы, але крыві пралілося б яшчэ шмат. Вагнэраўцы паказалі сваю рашучасьць забіваць, у тым ліку і расейцаў, зьбіваючы самалёты і верталёты.
Дамовіліся, праблему вырашылі, а праз пару тыдняў да яе могуць вярнуцца. Гісторыя ведае шмат выпадкаў менавіта такіх паводзінаў: слова даў, а потым забраў.
— Пуцін у сваім звароце сказаў пра тры шляхі для вагнэраўцаў: кантракт з МА РФ (паслужыць Расеі), вярнуцца да родных, зьехаць у Беларусь («Дадзенае мной абяцаньне будзе выканана»). Зьехаць у Беларусь — гэта перастаць служыць Расеі.
А ў Беларусь — гэта каму служыць? У піраты, у кандат’еры, у прыватнае войска Лукашэнкі? Як вы зразумелі гэтую формулу Пуціна?
— Магчымасьць звольніцца — гэта таксама цікава. Людзі, якія заключылі кантракт з МА РФ, звольніцца ня могуць. Мабілізаваныя звольніцца ня могуць. А вайскоўцам «Вагнэра» гэта чамусьці можна. І раней, дарэчы, было можна.
«Паслужыць Расеі» — гэта варыянт для вагнэраўцаў-адстаўнікоў з сурʼёзнай падрыхтоўкай. Там ёсьць і такія, там ня ўсе крымінальнікі. А пра тых, хто паедзе ў Беларусь, проста ніхто ня думае. У любым выпадку арганізаваным вайсковым фармаваньнем яны на тэрыторыі Беларусі ня будуць. Гэта разумеюць усе, і Лукашэнка ці ня першы. Бо гэта рызыка, гэта пагроза. І ясна, што ў Беларусь яны сыдуць бяз зброі. Цяжкае ўзбраеньне яны ўжо здаюць.
— Некаторыя і ў Беларусі, і ва Ўкраіне перасьцерагаюцца, што вагнэраўцы зь Беларусі пойдуць у наступ на Ўкраіну, адкрыюць новы фронт вайны. Наколькі імаверным вам гэта падаецца?
— Мне не здаецца гэта імаверным. Поўнач Украіны цяпер даволі сурʼёзна ўмацаваная, замінаваная. І прыбыцьцё некалькіх тысячаў вайскоўцаў нічога там не дае. І гэта ж нельга зрабіць імгненна. Калі іх у Беларусі будуць трымаць, іх трэба будзе ўзброіць. Гэта ж не дывэрсійная група. І пачатак такога нападу ўтрымлівае ў сабе велізарныя рызыкі для кіраўніцтва Беларусі як у стасунках з Украінай, гэтак і ў больш шырокім міжнародным пляне.
— Цяпер — пра сытуацыю ў Расеі. Гэткія «расейскія горкі». Пракуратура ў пятніцу: мяцеж, крымінальная справа. Пуцін у суботу раніцай: мяцеж. Увечары Пяскоў: усе абвінавачаньні зьнятыя, «Прыгожын сыходзіць у Беларусь». Пракуратура ў панядзелак: абвінавачаньні ня зьнятыя. ФСБ у аўторак: справа закрытая. Што азначае гэтае рознагалосьсе?
— Гэта да вэрсіяў пра шматхадовачкі. Няздольны Крэмль на іх. Яны робяць адзін крок, а потым па абставінах — іншы, у іншы бок. Можа быць, у суботу-нядзелю некаторыя дэталі ўгоды даўзгадняліся, таму Прыгожын выступіў толькі ў панядзелак. Таму і спатрэбіўся зварот Пуціна ў панядзелак.
Усё па абставінах: спачатку гаворым, што ён мяцежнік, а потым, не абвяргаючы гэтага, кажам, што справа закрытая і ён можа сысьці ў Беларусь.
— І пра наступствы — для Расеі і для хады вайны.
— Ніякіх наступстваў для вайны ў бліжэйшы час ня будзе. З пункту гледжаньня Пуціна, праблема вырашаная, перагортваем старонку і робім далей тое ж, што і рабілі.
На фронце 200–300 тысячаў салдатаў, якія навучыліся ваяваць, прынамсі ў абароне, бяз «Вагнэра» і якія засталіся абсалютна ляяльнымі кіраўніцтву. Унутры краіны ніякага расколу элітаў не адбылося. Мільёны канапных патрыётаў дапамагаць вагнэраўцам не пайшлі. Грошы як былі ў краіне, гэтак і ёсьць. Украінскі наступ разьвіваецца ня так, як перасьцерагаліся. У ваенным сэнсе наступстваў няма ніякіх.
Палітычныя, напэўна, ёсьць. Зараз будзе пераацэнка ляяльнасьці людзей у элітах зьнізу даверху. У цэлым эліты засталіся ляяльнымі ўладзе.
Сярод хору камэнтатараў, якія пачалі дружна гаварыць пра аслабленьне расейскага рэжыму, я таксама магу заўважыць, у чымсьці ён аслабеў. Але галоўнае тое, што ён не абрынуўся. Ён вытрымаў гэты іспыт. Не на выдатна, але здаў.
— І пра Лукашэнку: на думку многіх, ён ці не галоўны бэнэфіцыяр, ён умацаваўся, ён выйграў. Вы згодны?
— Аўтакраты адзін аднаму дапамагаюць, а потым адзін аднаго за гэта ненавідзяць. Няма ў іх братэрства і адзінства. Пуцін не выпадкова ў панядзелак сказаў, што Лукашэнку дзякуй, але галоўная заслуга належыць расейскаму народу, які кансалідаваўся. Гэта было сказана не выпадкова.
Калі Лукашэнка сапраўды адыграў важную ролю, то пра гэта ведаюць людзі ў Крамлі, а значыць, хутка будуць ведаць прадстаўнікі спэцслужбаў у недружалюбных Расеі і Беларусі дзяржавах. І гэта можа некага падштурхнуць пачаць будаваць масты з Лукашэнкам. І таму Пуцін будзе аднаўляць тыя адносіны, якія былі ў яго з Лукашэнкам да гэтага крызісу.