«Гэта ж творчасьць, непадцэнзурная, таму прыемная»
Беларуска Стэфанія* (імя зьменена дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) займаецца лецішчам больш за 10 гадоў. Саджае агуркі, памідоры, перцы, крыху зяленіва, буракоў і бульбы, а таксама кветкі, дрэвы і кусты. Сёлета яна даглядае таксама кветкі і газоны сяброў, якія выехалі зь Беларусі. Беларуска заўважыла, што агарод дапамагае ёй псыхалягічна.
«Ён стварае ўражаньне, што ты нешта кантралюеш вакол сябе, што хаця б недзе ты гаспадар — і свайго рэжыму дня, і сваіх плянаў, і сваіх вынікаў. Таксама ў сьпісе зьяваў, якіх табе варта чакаць з асьцярогай, ёсьць ня толькі магчымыя вобшукі альбо арышт, але і дождж, мароз, сьпёка», — кажа суразмоўца.
На ейную думку, агарод нармалізуе ход думак, не дае «вываліцца зь вечнага кола звычайных спрадвечных чалавечых праблем у кола абсурду».
«Агарод быў маім сьвядомым выбарам калісьці ў спакойныя часы — і стаў падтрымкай у цяжкія... Проста сама наяўнасьць зямлі, магчымасьць нешта ствараць, нейкую прыгажосьць там, дзе пакуль што ты яшчэ гаспадар, вельмі дапамагае», — адзначае беларуска.
2020 год крыху зьмяніў ейнае стаўленьне да захапленьня зямлёй.
«Стала менш радасьці ад простага капаньня ў зямлі, затое больш задавальненьня ад кансэрвацыі і замарожваньня харчу: нейкае такое адчуваньне, што ты гатовы да чорных дзён, калі ня будзе грошай, а будзе ўсё ж хаця б нейкая ежа», — зазначае Стэфанія.
Аднак па-ранейшаму праца на зямлі застаецца для яе найлепшым рэляксам.
«Цяжкія часы доўжацца ўжо ня першы год, і мы нават заўважылі заканамернасьць: чым цяжэйшае лета, тым больш у нас у склепе слоікаў з гуркамі, памідорамі, салатамі, сокамі, бо, як што такое здараецца, я пачынаю кансэрваваць у вар’яцкім тэмпе. Проста з раніцы да вечара складаю ў слоікі ўсё, што ёсьць пад рукой, у самых розных камбінацыях, без надзеі нават, што мы ўсё гэта зьямо», — кажа Стэфанія.
Слоікі яна стараецца закрываць ня проста канвэерам: дадае ў зялёныя гуркі жоўтыя патысончыкі для прыгажосьці, хораша раскладае часнок.
«Гэта ж таксама творчасьць. Непадцэнзурная, таму прыемная», — падсумоўвае яна.
Рутынная праца, падчас якой трэба выконваць нешта мэханічна, стала невыноснай: палоць, абразаць вінаград, зьбіраць парэчкі.
«Рутына правакуе думкі, і думкі цяжкія ў асноўным. Таму стараюся цяпер такой працы пазьбягаць. Сёлета свае бульбяныя соткі і мы, і мае суседзі засеялі жытам, каб зямля не зарастала, і гэта вельмі прыгожае відовішча — блакітныя каласы вышэй чалавечага росту. Але іх трэба будзе жаць, малаціць, гэта даволі манатонная праца, я яе наперад пабойваюся», — прызнаецца суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У 2020 годзе я закахалася ў свой народ». Сьвятлана Алексіевіч пра вайну, беларусаў, эміграцыю і рэвалюцыю«Схамянулася я, калі гарбуз плёўся ў мяне па гаўбцы»
У журналісткі і грамадзкай актывісткі Марыі Грыц усё жыцьцё была вясковая хата з агародам і лецішча.
«У дзяцінстве я думала: я вырасту — і не пабачыце вы мяне ў брудзе, ня буду я цягаць гэтую траву. Потым выйшла замуж, пераехала ў кватэру і зразумела, што чагосьці не хапае, сэнсу жыцьця», — успамінае яна.
Тады яна зрабіла агародзік на гаўбцы кватэры. Вырошчвала памідоры і перцы. Ураджаю не было, але падабаўся сам працэс. Пасьля 2020 году пераехала ва Ўкраіну. Перад пачаткам вялікай вайны пасадзіла на падваконьні памідоры, але даглядала іх ужо сяброўка. Марыя зьехала зь сям’ёй у Польшчу.
Цяпер яна жыве ў кватэры з маленькім бальконам на два квадратныя мэтры. На ім ужо ўсё застаўлена і завешана расьлінамі. Ёсьць нават кампоснае вядро, куды гаспадыня зьбірае біялягічныя адкіды.
«Я думала пасадзіць толькі зяленіва, кшталту ў суп кінуць. Схамянулася, калі гарбуз плёўся ў мяне па гаўбцы», — усьміхаецца Марыя.
Яна вырошчвае памідоры, перцы, бакляжаны, кабачкі, гарбуз, салеру, клубніцы, суніцы, гарох, рэвень, чабор, размарын, рукалу, кроп, мяту, мэлісу, каляндру, пятрушку. З кветак — аксаміткі, календулу, ружы, вэрбэну. Ёсьць і бульба.
«Я ўвесну прасіла людзей: „Пусьціце мяне пасадзіць бульбу“. Я купіла б бульбу, рыдлёўку, прыехаць ускапаць. У нас дома пасадка і ўборка бульбы — гэта хоць і цяжкая праца, але сустрэча сям’і, мы сядалі за стол, смачна елі, абмяркоўвалі жыцьцё», — тлумачыць яна.
Ніхто не запрасіў, таму беларуска пасадзіла дзьве бульбіны ў вядро. Да таго ж купіла куст парэчак, хаця раней у эміграцыі саджала толькі аднагадовыя расьліны, на выпадак хуткага ад’езду.
Зяленіва Марыя кідае ў суп і салаты, есьць суніцы, чакае, калі пачырванеюць памідорчыкі. Хаця адзначае, што ейны агародзік — гэта больш працэс, чым ежа. Калі прыходзяць цяжкія навіны і адчуваньне, што яна ня можа нічога зрабіць, то Марыя ідзе на балькон, палівае кветкі, гладзіць іх і адчувае, што хоць на нешта ўплывае.
«Калі была навіна, што загінулі беларускія добраахвотнікі і аж дыхаць цяжка стала, то я купіла гірлянду і наматала на свой гаўбец. Я больш нічога не магла зрабіць, хлопцаў я не вярну», — кажа яна.
Догляд расьлін вяртае ёй адчуваньне часу, прызнаецца жанчына.
«Шмат дзён у мяне не адрозьніваюцца адзін ад аднаго. Прачнулася, дзіця ў садок, праца, забраць дзіця, прыгатаваць, памыць, спаць. А ў агародзе нешта зацьвіло, завязалася сунічка. Быў вялікі вецер, раскідаў калівы бульбы, я пайшла падвязваць. Корпаньне вяртае адчуваньне часу», — перакананая Марыя.
Сёлета яны займаюцца агародзікам разам з малой дачкой. Тая палівае расьліны, пасадзіла кінзу.
«Усе жанчыны ў маёй сям’і займаюцца агародніцтвам. І, як пачынаецца вясна: „А якія ў цябе перцы?“, „А ў мяне памідоры перарастаюць!“ — „У цябе кожны год яны перарастаюць“, „А ў мяне 300 памідораў“ — „А на халеру ты столькі насадзіла?!“ Гэта каб не гаварыць увесь час пра вайну, пра палітыку, сэрца сабе ня рваць. Каб напаўняць сябе разнастайнымі эмоцыямі, ня толькі балючым, але і гаючым», — кажа Марыя.
Яна адзначае, што ніхто не крытыкуе ейнага захапленьня. У Польшчы часта заводзяць агародзік у кватэры.
«Месца на гаўбцы скончылася. Але пакуль у мяне ёсьць яшчэ два падвоканьні, то месца яшчэ ёсьць», — падсумоўвае суразмоўца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі пашпарт як знак падазрэньня і небясьпекі. На каго крыўдаваць палітуцекачам, да якіх зь недаверам ставяцца на Захадзе«Продкі ратаваліся ад голаду, а мы ад суму і тугі па радзіме»
Гаспадыня горадзенскай крамы «Адметнасьць» Вольга Верамеенка таксама жыве ў Польшчы і трымае агародзік на гаўбцы. Соткі, як іх называюць сябры. Раней яна ўсё жыцьцё жыла ў доме з агародам.
Цяпер вырошчвае памідоры, перцы, чабор, мяту, базылік, пятрушку, пэтуніі, браткі, аксаміткі, ружы, гвазьдзікі, ляванду, рамонкі, астры. Яна таксама пасадзіла дзьве бульбіны ў вядро. Вольга прыдумала хэштэг #эміграцыяненагоданесадзіцьбульбу і публікуе пад ім у сацсетках вынікі сваіх зямельных работ.
«Нашыя продкі спрадвеку садзілі бульбу. Гэтым яны ратаваліся ад голаду, а мы, пэўна, ратуемся ад суму і тугі па радзіме», — кажа яна.
Вольга думае, што заняткі агародам дапамагаюць адчуваць сябе, як дома.
«Магчыма, гэта дае ілюзію, што нічога не зьмянілася», — разважае яна.
Яе таксама ніхто не крытыкуе за не зусім звычайнае захапленьне. Суседзі хваляць прыгожы гаўбец. Муж жартуе: «Воленька, мо балькон адваліцца, ня вытрымае», але і яму падабаецца агародзік. Гасьцей гаспадыня абавязкова вядзе на экскурсію на гаўбец.
«Я ўзгадваю „суткі“, калі я была ў турме, і думаю, што трэба насычацца прыгожым, глядзець на гэта, бо мы ня ведаем, колькі нам дадзена часу; мы ня ведаем, што можа здарыцца ў наступны дзень», — кажа Вольга.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Першыя месяцы рабіла зь імі ўсе ўрокі». Як дзеці беларускіх палітуцекачоў вучацца ў польскай школе, расказвае маці дзьвюх дачок«Уся твая зямля ў гаршчэчку, як у клунку»
Паэтка Натальля Русецкая жыве ў Польшчы амаль 20 гадоў. Яна кажа, што апошнім часам цягне дадому шмат кветак у гаршках. Цяпер у яе на гаўбцы 11 вазонаў. За час жыцьця па-за Беларусьсю ў яе ня зьнікла цяга да сваёй зямлі, бо, як яна тлумачыць, ад’езд быў вымушаны. Апошні раз яна была ў Беларусі ў пачатку 2020 году. Раней кожнае лета праводзіла ў Беларусі. Натальля лічыць, што беларусы — «вельмі ўкаранёная нацыя».
«Мы ня вельмі імкнёмся падарожнічаць, расьсяляцца. У нас многія добра адчуваюць сувязь зь зямлёй. У пэўным узросьце я стала адчуваць, што хачу паехаць папалоць грады. Ёсьць у гэтым прыцягненьне зямлі. Прыяжджаеш, апускаеш рукі ў зямлю — і зь цябе сыходзіць наэлектрызаванасьць, быццам ты сапраўды дрэва», — кажа яна.
Паэтка думае, што беларусы не адышлі далёка ад вясковай мінуўшчыны.
«Цяпер атрымліваецца, што ўся твая зямля ў гаршчэчку, як у клунку. Ты выехаў, і тое, што ты можаш забраць з сабой, гэта гаршчэчак», — думае яна.
Яна адчувае, што кветкі на гаўбцы дапамагаюць у складаныя часы.
«Гэта супрацьядзьдзе на ўсе жахі. Трэба ратавацца прыгажосьцю ў жахлівыя часы», — кажа яна.
Яна зазначае, што беларусы заўжды імкнуліся мець сваю зямлю, як у «Новай зямлі» Якуба Коласа.
«Людзі пакаленьнямі зьбіралі грошы, каб займець свой надзел зямлі. У беларусаў забралі зямлю», — кажа яна.
Паэтка згаджаецца, што вазоны на гаўбцы не заменяць сапраўднага агароду, але нагадваюць пра дом.
«Півоні цьвітуць тут, але нагадваюць пра радасьці, якія былі там, на сваёй зямлі, са сваёй сям’ёй», — кажа яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польская прыватная клініка бярэ на працу беларускіх лекараў. Пагаварылі зь яе дырэктарам