Гэта была імправізацыя старшыні КДБ Івана Тэртэля — бяз загадзя падрыхтаванага тэксту, без чытаньня па паперцы, падчас адказу на пытаньне кагосьці з прапагандыстаў у фае прэзыдэнцкага палаца. Можна меркаваць, што генэрал агучыў тое, чаго ад ягонага ведамства ўвесь час патрабуе Лукашэнка і што ў ранейшыя гады не прынята было асабліва афішаваць. Ён проста назваў узор для перайманьня, на які загадана арыентавацца беларускаму КДБ. І ўзор гэты — СМЕРШ («Сьмерць шпіёнам») — сталінская спэцслужба 1943–1946 гадоў, якую ненавідзелі, перад якой трымцелі, ад якой пацярпелі сотні тысяч ні ў чым не вінаватых людзей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Старшыня КДБ патлумачыў узмоцнены кантроль і праверку тэлефонаў на межах БеларусіІван Тэртэль 1 чэрвеня, падчас падыходу да журналістаў пасьля нарады кіраўнікоў спэцслужбаў краін СНД у Менску, сказаў:
«На жаль, мы канстатуем, што ўзровень эскаляцыі расьце. І мы да гэтага рыхтуемся як спэцслужба. Маю запэўніць нашых грамадзянаў, што прэзыдэнт нам ставіць задачы дакладна, па сутнасьці, глыбока. Мы дзейнічаем рашуча. КДБ Беларусі дзейнічае як СМЕРШ — мы вагацца ня будзем, настроеныя рашуча, нас нішто ня спыніць. Але мы заклікаем усіх, і ў тым ліку нашых апанэнтаў, якія за мяжой: трэба адумацца, вырашаць праблемы мірным шляхам, прыходзіць да кансэнсусу па розных аспэктах».
Сьветлы вобраз сьмершаўца
Надаць якой-небудзь савецкай спэцслужбе прывабны станоўчы вобраз прапагандысты спрабавалі даўно, пачынаючы з позьняга брэжнеўскага СССР. Вылучыць на гэту ролю ВЧК-НКВД было складана: ідэалізаваць і рамантызаваць тое, чым займаліся ведамствы Яжова і Берыі, пры жывых сьведках іх злачынстваў было невыканальнай задачай. Іншая справа — СМЕРШ. Сталінская армейская контравыведка (назва «СМЕРШ» азначае «Сьмерць шпіёнам», яе асабіста ўхваліў Сталін). Існавала яна параўнальна нядоўга — у 1943–1946 гадах, падчас вайны. Фармальна ў структуры НКВД не ўваходзіла, падпарадкоўвалася непасрэдна Сталіну.
У 1974 годзе ў СССР выходзіць раман савецкага пісьменьніка Віктара Багамолава «Момант ісьціны» («У жніўні 44-га») — пра тое, як мужныя, высакародныя сьмершаўцы выкрываюць фашысцкіх шпіёнаў і дывэрсантаў на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Спакваля распаўсюджваецца сумнеўнае сьцьвярджэньне пра тое, што СМЕРШ нібыта быў самай эфэктыўнай контравыведкай Другой сусьветнай вайны; што выявіў каля 30 тысяч варожых шпіёнаў і што гітлераўскі абвэр быў у супрацьстаяньні са СМЕРШам бездапаможны і бясьсільны.
У 70-я гады ў СССР была спроба экранізацыі гэтага рамана, але да канца яе тады не давялі. Затое давялі пры Лукашэнку. Фільм паводле рамана быў зьняты ў Беларусі ў 2000 годзе, пры чыннай падтрымцы з боку Лукашэнкі. Што праўда, сам Багамолаў да канчатковага выніку паставіўся вельмі крытычна: запатрабаваў выкрасьліць сваё імя з тытраў, адмовіўся ад аўтарства сцэнара і рэзка раскрытыкаваў карціну, сказаўшы, што «празь бессэнсоўныя і непрадуманыя імправізацыі рэжысэра» многія эпізоды былі праваленыя. Тым ня менш фільм дагэтуль актыўна дэманструецца ў Беларусі і Расеі.
У Расеі ж, пачынаючы з 2007 году і па сёньняшні дзень, пры актыўным спрыяньні ўлады няспынна здымаюцца і дэманструюцца ўсё новыя фільмы вялікага сэрыялу «Сьмерць шпіёнам», у якім ідэалізуецца вобраз сьмершаўца як высакароднага і беззаганнага барацьбіта за сьветлыя ідэалы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Як жа не катаваць, калі яны супраць улады?» Аб чым дыктатары шкадуюць перад сьмерцюВосем гадоў лягераў за ліст да сябра
СМЕРШ займаўся далёка ня толькі пошукам і выяўленьнем шпіёнаў і дывэрсантаў. Уяўная эфэктыўнасьць, якая вымяралася колькасьцю арыштаў і расстрэлаў, вынікала з аднаго простага прынцыпу дзейнасьці СМЕРШ: яны хапалі і кідалі ў свае засьценкі без разбору ўсіх — і вінаватых, і бязьвінных. Ніякіх абмежаваньняў не існавала. Кожны былы ваеннапалонны праходзіў празь іхныя фільтрацыйныя лягеры, якія нічым не адрозьніваліся ад ГУЛАГу. Тое, што на мове сьмершаўцаў называлася «зачысткай прыфрантавой паласы ад нямецкай агентуры і антысавецкіх элемэнтаў», у рэальнасьці азначала арышты і жорсткія допыты ўсіх, хто патэнцыйна мог быць неляяльны да «вызваліцеляў»: арыентаваліся ня столькі на факты, колькі на сацыяльнае паходжаньне, нацыянальную прыналежнасьць, біяграфію.
Напрыклад, усе расейскія эмігранты, якія калісьці ўцяклі ад бальшавіцкага рэжыму і апынуліся ў тых эўрапейскіх краінах, куды прыйшла Чырвоная армія, аўтаматычна траплялі ў засьценкі СМЕРШ. Іншымі словамі, закідаўся шырокі нерат, і ў яго траплялі ўсе без разбору. Відавочна, часам такім спосабам выяўлялі і сапраўдных шпіёнаў і дывэрсантаў. А тое, што пры гэтым пацярпелі тысячы невінаватых, мала каго турбавала. «Лес сякуць — трэскі ляцяць» — папулярнае выслоўе таго часу. Чым больш шпіёнаў і ворагаў савецкага рэжыму фігуравала ў справаздачах, тым больш ордэнаў і залатых пагонаў атрымлівалі дзеячы савецкіх карных органаў. За бязьвінна арыштаваных і закатаваных ніхто ніякай адказнасьці ня нёс.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Спынісься — затопчуць». Чаму Лукашэнка, разграміўшы ворагаў, не спыняе палітычных рэпрэсійАдным з самых распаўсюджаных спосабаў выяўленьня тайных «ворагаў народу» сярод салдатаў і афіцэраў на фронце была пэрлюстрацыя лістоў. Тысячы сьмершаўцаў у афіцэрскіх мундзірах, замест таго каб ваяваць у акопах, дзень і ноч праводзілі за сталамі ў кабінэтах, чытаючы чужую перапіску. Што шукалі?
У студзені 1945-га ў адным зь лістоў з фронту свайму сябру капітан Аляксандар Салжаніцын неасьцярожна выказаўся пра «Пахана», пад якім лёгка ўгадваўся Сталін. А ў сваіх асабістых рэчах захоўваў запісы, у якіх параўноўваў сталінскія парадкі з прыгонным правам. Пільныя сьмершаўцы выявілі гэта. Будучага сусьветна вядомага пісьменьніка пазбавілі вайсковага званьня, асудзілі на восем гадоў лягераў і наступную «вечную ссылку» пасьля адбыцьця зьняволеньня.
Ці той гэта СМЕРШ, зь якога загадана браць прыклад цяперашнім беларускім спэцслужбам? Паралелі ў мэтодыках праглядваюцца, яны больш чым відавочныя. Цяпер КДБ і ГУБАЗ таксама закідаюць густы шырокі нерат, выяўляючы неляяльных да рэжыму Лукашэнкі. Фота з пратэстаў, неасьцярожны твіт у сацсетках, ахвяраваньне пацярпелым ад міліцэйскага гвалту, фіксацыя тэлефона ў зоне, дзе адбываліся пратэсты, — усё становіцца падставай для затрыманьня і жорсткага перасьледу.
Ёсьць, аднак, істотная акалічнасьць, якая моцна адрозьнівае мінулыя часы ад цяперашніх. Сталінскі рэжым меў мала чым абмежаваны людзкі рэсурс. Вялізная агароджаная калючым дротам краіна з высокай нараджальнасьцю амаль не адчувала таго, што некалькі соцень тысяч яе грамадзянаў раптам станавіліся «ворагамі народу» і траплялі ў ГУЛАГ. Для сёньняшняй Беларусі, насельніцтва якой і без таго імкліва скарачаецца, гэтыя маштабныя арышты і справакаваная імі масавая хваля міграцыі найбольш адукаванай і актыўнай часткі грамадзтва можа мець фатальныя наступствы. Многія з тых, хто пры ўладзе, гэта ўсьведамляюць і нават спрабуюць паўплываць на тое, каб хаця б прыпыніць каток рэпрэсій. Зрэшты, пакуль што без прыкметнага плёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спачатку арыштоўваюць яны, потым прыйдуць па іх. Пра лёгіку лукашэнкаўскіх палітычных рэпрэсій«Не цураўся чарнавой работы»: асабіста катаваў арыштаваных
Першым і адзіным кіраўніком СМЕРШ, яго стваральнікам і рухавіком быў Віктар Абакумаў.
На фатаздымку — бравы маладжавы генэрал-палкоўнік у парадным мундзіры. На грудзях рэдкія военачальніцкія ордэны, якімі ў той час узнагароджвалі за бліскучыя пераможныя апэрацыі супраць ворага: ордэн Суворава і ордэн Кутузава. Якія ж баявыя кампаніі арганізаваў і правёў генэрал Абакумаў? Першая — прымусовая дэпартацыя чачэнцаў і інгушоў; другая — жорсткая «зачыстка тылу» ад варожых элемэнтаў у Польшчы і ва Ўсходняй Прусіі. У абодвух выпадках ахвярамі сьмершаўцаў сталі дзясяткі тысяч бязьвінных людзей.
Многім падначаленым Абакумаў запомніўся тым, што часам любіў асабіста дапытваць падсьледных. Дзеля гэтага, каб не запэцкаць дарагі дыван, у ягоным кабінэце загадзя расьсьцілалі падсьцілку. Потым, запэцканую крывёй, прыбіралі... Аляксандар Салжаніцын пазьней у сваім творы «Архіпэляг ГУЛАГ» пісаў, што Абакумаў, нават ужо займаючы самыя высокія пасады, «не цураўся чарнавой работы і быў ня супраць узяць у рукі гумовую палку».
За два гады вайны СМЕРШ арыштаваў каля 700 тысяч чалавек. Зь іх прыкладна кожнага дзясятага расстралялі. Ні на суды, ні на сьледчыя працэдуры сьмершаўцы надта не зважалі: затрыманых дапытвалі і часьцяком расстрэльвалі «ў пазасудовым парадку», «паводле законаў ваеннага часу». Паколькі гэтыя расправы не афармляліся ў выглядзе пратаколаў і нідзе ня ўлічваліся, то дакладная колькасьць «здраднікаў радзімы», расстраляных без суду і сьледзтва, дагэтуль невядомая.
Пасьля вайны, у 1946 годзе, СМЕРШ быў рэарганізаваны, але гэта не азначае, што ён зьнік. Яго перадалі ў якасьці асобнага глаўка зь Міністэрства абароны ў Міністэрства дзяржбясьпекі, а Міністэрства дзяржбясьпекі ўзначаліў той жа Абакумаў: для яго гэта было чарговае службовае павышэньне. Адметна, што міністэрства, якое ён узначальваў, Абакумаў упарта называў «ЧК», а пра тых высокапастаўленых асобаў, якія траплялі да яго ў распрацоўку, казаў: «Пагарэў». Мэтады, які практыкаваў у СМЕРШ, Абакумаў шырока ўкараніў і ў дзейнасьць МДБ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Толькі не чапайце маёй дыктатуры!». Чым палохае Лукашэнка, які прадчувае непазьбежнасьць хуткай адплаты«Пра ўсё напішу ў палітбюро!»
Калі чытаеш, як Абакумаў у дакладзе Сталіну ў 1947 годзе хваліўся сваімі «перадавымі» мэтадамі «апрацоўкі» вязьняў, якія дазваляюць хутка дамагчыся патрэбных прызнаньняў ад «шпіёнаў» і «дывэрсантаў», міжволі ловіш сябе на думцы: гэта ж амаль дакладны пералік катаваньняў, якія ўжываюцца сёньня ў беларускіх турмах і калёніях да палітвязьняў. Абакумаў у сваёй справаздачы Сталіну так апісваў «меры рэжыму ўтрыманьня пад вартай, якія належыць ужываць да ворагаў»:
- перавод у турму з больш жорсткім рэжымам, дзе скарочаны гадзіны сну і пагоршана ўтрыманьне арыштаванага ў сэнсе харчаваньня і іншых бытавых патрэбаў;
- зьмяшчэньне ў адзіночную камэру;
- пазбаўленьне прагулак, харчовых перадач і права чытаньня кніг.
(Заўвага: у карцары, акрамя прыкручанага да падлогі табурэта і ложка без пасьцельных рэчаў, іншага абсталяваньня няма; ложак для сну адкідаецца на 6 гадзін у суткі; зьняволеным у карцары выдаецца на дзень толькі 300 грамаў хлеба і кіпень, адзін раз на тры дні — гарачая страва. Курыць у карцары забаронена.
У адносінах да выкрытых сьледзтвам шпіёнаў, дывэрсантаў, тэрарыстаў ды іншых ворагаў савецкага народу, якія нахабна адмаўляюцца выдаць сваіх саўдзельнікаў і не даюць сьведчаньняў пра сваю злачынную дзейнасьць, органы МГБ, у адпаведнасьці з указаньнем ЦК ВКП(б) ад 10 студзеня 1939 году, ужываюць меры фізычнага ўзьдзеяньня)».
Іронія лёсу: праз чатыры гады былы генэрал Абакумаў, пазбаўлены ўсіх пасад, званьняў і ўзнагарод, быў кінуты ў Лефортаўскую турму і паспытаў усе тыя мэтады, якія сам жа заўзята ўкараняў. Яго катавалі, на працягу трох месяцаў трымалі на марозе ў кайданках і ўрэшце ператварылі ў інваліда. Згодна з даведкай турэмнай санчасткі ад 24 сакавіка 1952 году, зьняволены ледзь трымаўся на нагах і мог перасоўвацца толькі са староньняй дапамогай. У турме апынуліся і ягоная жонка з 4-месячным сынам. Ён пісаў сьлёзныя лісты з просьбай аб дапамозе да Малянкова, Берыя і не атрымліваў ніякага адказу.
Падчас ператрусу ў 300-мэтровай маскоўскай кватэры Абакумава, дзе да яго жылі 16 сем’яў, сканфіскавалі дасье з кампраматам на многіх высокапастаўленых крамлёўскіх начальнікаў, а таксама «вялікую колькасьць трафэйных мэблевых гарнітураў і радыёпрымачоў», шмат каштоўных вырабаў з золата і срэбра, 1260 мэтраў тканін, 23 гадзіньнікі, 100 пар абутку і іншыя «сувэніры», якія вагонамі дастаўляліся для савецкіх генэралаў з абрабаваных дамоў у «вызваленых» эўрапейскіх краінах.
Ён — той, на чый асабісты загад у Менску забілі Саламона Міхоэлса — быў абвінавачаны ў «сіянісцкай змове», «дзяржаўнай здрадзе», але, што найбольш важна, «у спробах перашкодзіць расьсьледаваньню справы „лекараў-забойцаў“, якія хацелі забіць таварыша Сталіна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прага ўлады як хвароба. Лукашэнка і прывід блізкага краху дыктатуры17 лютага 1953 году, за два тыдні да сьмерці Сталіна, новы міністар дзяржбясьпекі Ігнацьеў накіраваў правадыру абвінаваўчае заключэньне разам з прапановай разгледзець справу Абакумава ў паскораным парадку і асудзіць яго і яшчэ дзевяцёх былых найвышэйшых кіраўнікоў МДБ на расстрэл. Сталін пагадзіўся, але загадаў «больш пераканаўча паказаць прычыны і працэс падзеньня Абакумава» і «выявіць ягоную шпіёнскую дзейнасьць».
Сьмерць Сталіна і прыход да ўлады ў Крамлі новых асобаў мала паўплывалі на лёс Абакумава. Новыя правадыры не давяралі былому галоўнаму сьмершаўцу і баяліся яго, бо добра ведалі пра ўсе ягоныя колішнія «дасягненьні». Спачатку Хрушчоў нібыта зьбіраўся вызваліць апальнага генэрала, але тут якраз пачалі вяртацца з ГУЛАГу тыя вязьні, якія асабіста паспыталі на сабе «мэтодыку Абакумава». У прыватнасьці, удава ўкраінскага паэта Сасюры прадэманстравала Хрушчову пакалечаныя пальцы, якія Абакумаў асабіста зламаў на допыце, зашчаміўшы іх у дзьверы. Урэшце абвінавачаньне перапісалі (замест «сіянісцкай змовы» і «справы лекараў» уставілі фабрыкацыю «ленінградзкай справы» і «ўдзел у бандзе Берыя»), але канчатковы прысуд вырашылі не мяняць. Пазбавілі ўсіх узнагарод і званьняў. Расстралялі 19 сьнежня 1954 году. Апошнія словы, якія выкрыкнуў некалі ўсёмагутны кіраўнік СМЕРШу: «Я ўсё, усё напішу ў Палітбюро!».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лібэральных балбатуноў у лягеры, здраднікаў — да сьценкі». Пра калектыўную адказнасьць «бэчэбэшнікаў», як яе разумее ЛукашэнкаВыпадковыя словы
Ці магчымае канчатковае вяртаньне беларускіх спэцслужбаў і іншых сілавых структураў да сталінскіх практык, да СМЕРШ, НКВД і ЧК? Мяркуючы па той інфармацыі, якая даходзіць зь беларускіх турмаў і калёніяў, справа ў гэтым кірунку рухаецца шпаркімі тэмпамі. Што праўда, КДБ тут ня ў першых шэрагах. Як кажуць спрактыкаваныя людзі, трапіць у засьценкі ГУБАЗ — досьвед куды больш траўматычны і балючы, чым размова са сьледчымі ў кабінэтах КДБ. Прынамсі, пакуль.
Многае тут тлумачыцца інтэлектуальным і маральным узроўнем асабовага складу. У КДБ усё ж доўгі час (асабліва ў позьні савецкі пэрыяд) набіралі людзей з пэўнай адукацыяй і кругаглядам. Многія (асабліва генэралітэт) і ў архівах свайго ведамства бывалі, і справы сталінскага пэрыяду чыталі, таму пра лёс папярэднікаў добра інфармаваныя. І далёка ня ўсе зь іх гатовыя, пераймаючы прыклад Абакумава (ці кіраўнікоў цяперашняга беларускага МУС Карпянкова і Кубракова) асабіста браць у рукі гумовыя палкі, каб калечыць затрыманых і паказваць прыклад падначаленым. Надта празрыстыя паралелі зь не такім ужо далёкім сталінскім часам, каб не прадбачыць, як хутка карнік і ахвяра могуць памяняцца месцамі.
Тут варта зьвярнуць увагу на другую частку ўжо прыведзенай цытаты Тэртэля — пра тое, што «мы заклікаем усіх, і ў тым ліку нашых апанэнтаў, якія за мяжой: трэба адумацца, вырашаць праблемы мірным шляхам, прыходзіць да кансэнсусу па розных аспэктах». Гэты даволі нечаканы заклік многія ўспрынялі як раптоўны прарыў, як нечаканую ініцыятыву, прапанову дыялёгу, пра які было столькі размоў. Але ўсе чаканьні аказаліся марнымі, словы Тэртэля павісьлі ў паветры, ніякага працягу не было. І наўрад ці будзе. Словы, відавочна, аказаліся выпадковымі. Генэрал, хутчэй за ўсё, агучыў тое, пра што гавораць, што абмяркоўваюць на іхных закрытых нарадах і што, магчыма, блізкае і яму асабіста. Вось толькі ад іхнага пункту гледжаньня, нават калі ў кагосьці зь іх на плячах генэральскія пагоны, у сёньняшняй Беларусі мала што залежыць.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Яшчэ не анэксія, ужо не незалежнасьць. Лукашэнку перастаюць успрымаць як прэзыдэнта нават саюзьнікі