Старшыня КДБ пракамэнтаваў праверкі на межах Беларусі, падчас якіх у людзей правяраюць тэлефоны і дапытваюць:
«Гэтая мера рэалізуецца цяпер па ўсім пэрымэтры беларускай мяжы. Яна накіравана на своечасовае выяўленьне і лякалізацыю дзейнасьці асоб, якія выношваюць тэрарыстычныя, экстрэмісцкія памкненьні ў адносінах да Беларусі», — сказаў старшыня КДБ.
Паводле яго, КДБ «атрымлівае інфармацыю аб наяўнасьці рэальных плянаў сярод асоб з баявых груп, сфармаваных на тэрыторыі Ўкраіны, Польшчы, Літвы, Чэхіі, некаторых іншых краін, аб учыненьні тэрактаў у Беларусі»:
«Вось гэты бар’ер — гэта толькі адзін са складнікаў, які дазваляе нам ажыцьцяўляць пэўную фільтрацыю гэтага кантынгенту і не дапускаць на нашу тэрыторыю», — заявіў шэф КДБ.
Таксама ён заявіў, што апазыцыя нібыта запрасіла ў «заходніх спонсараў» $250 млн на «падрыўную дзейнасьць».
Ніякіх доказаў сваім словам ён не прывёў.
У апошні час узмоцненыя праверкі аднавіліся на мяжы Беларусі зь Літвой і Польшчай. Сілавікі сталі выбарачна правяраць мэсэнджары і сацсеткі на тэлефонах. У тых, хто ўяжджае ў краіну, цікавяцца паездкамі за мяжу за апошнія некалькі гадоў, удзелам у пратэстах у Беларусі і ў акцыях беларускай дыяспары за мяжой. Таксама задаюць пытаньні аб вайне ва Ўкраіне, наяўнасьці сваякоў у арміі Ўкраіны і магчымых кантактах з замежнымі спэцслужбамі.
Адначасова зьмяніўся фармат праверак беларусаў, якія выяжджаюць у ЭЗ бязь візаў. Іх выбарачна просяць паказваць дазволы на жыхарства.
5 траўня Беларусь увяла памежны кантроль на сухапутнай мяжы з Расеяй. У тых, хто ўяжджае ў краіну на аўтамабілях, пачалі правяраць дакумэнты і багажнікі машын.
- Расея пачала поўнамаштабнае ваеннае ўварваньне на тэрыторыю Ўкраіны 22 лютага 2022 году.
- Кіраўніцтва Беларусі падтрымала расейскую агрэсію і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
- Тэрыторыя Беларусі і пазьней актыўна выкарыстоўвалася расейскім войскам для нанясеньня ўдараў па Ўкраіне ў асобныя пэрыяды.