Віктар Бабарыка можа зьявіцца на судовым працэсе сына

Эдуард Бабарыка

У Менскім абласным судзе працягваецца працэс па крымінальнай справе Эдуарда Бабарыкі — сына і былога старшыні ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі. Эдуарду Бабарыку пагражае 20 гадоў турмы.

Як паведамляе праўладная «Минская правда», сёньня Эдуард Бабарыка заявіў хадайніцтва аб выкліку ў суд у якасьці сьведкі Сяргея Ціханоўскага для высьвятленьня абставінаў іх знаёмства, аднак суд адмовіў у гэтым, паколькі Ціханоўскі ня быў уключаны ў сьпіс сьведкаў, якія падлягаюць выкліку на судовы працэс.

Эдуард Бабарыка таксама выказаў хадайніцтва аб выкліку свайго бацькі, Віктара Бабарыкі, для тлумачэньня адносна грошай, якія былі падараваныя яму як сыну. Паводле выданьня «Минская правда», прадстаўнік пракуратуры паведаміў, што Віктар Бабарыка ўжо знаходзіцца ў сьпісе асобаў, якія будуць выкліканыя ў суд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паплечнік Бабарыкі: Сьледчыя ленаваліся, таму абвінавачаньні абсурдныя і выклікаюць сьмех

Больш як месяц таму стала вядома, што Віктара Бабарыку шпіталізавалі ў лякарню ў ноч з 24 на 25 красавіка, далейшае месцазнаходжаньне палітвязьня, як і стан ягонага здароўя, невядомыя.

Эдуарда Бабарыку абвінавачваюць, сярод іншага, у легалізацыі («адмываньні») сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, а таксама ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў на працягу каля дзесяці гадоў (з 2012 па 2022 год). Гаворка пра краўдфандынгавыя плятформы «Вулей» і «Мола-мола».

Паводле абвінавачаньня, Эдуард Бабарыка нібыта дапамагаў Сяргею Ціханоўскаму ў арганізацыі масавых беспарадкаў і распальваньні варожасьці, паведамляе БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 90 дзён жыцьця, якія ператварыліся ў тры гады за кратамі. Расказваем гісторыю Эдуарда Бабарыкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Да лекараў унутры Беларусі будзе зьвяртацца ў скрайніх сытуацыях». Доктар пра здароўе Лукашэнкі і арышты мэдыкаў за зьвесткі пра Бабарыку
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вясна» і «Белыя халаты»: У Наваполацку прайшлі затрыманьні мэдыкаў гарадзкой лякарні, куды прывозілі Бабарыку