Ініцыятыва «Хрысьціянская візія» на саракавы дзень пасьля сьмерці архіяпіскапа Арцемія (Кішчанкі) апублікавала дакумэнт, які назвала ягоным духоўным запаветам. Да гэтага часу ён не зьяўляўся ў СМІ.
9 чэрвеня 2021 году архіяпіскапа Арцемія адправілі на пэнсію, пазбавіўшы пасады кіраўніка Горадзенскай япархіі. Ініцыятыва паходзіла зь Беларусі, але апошняе слова было за Масквой.
Свой рапарт уладыка накіраваў патрыярху Кірылу, тлумачачы, за што менавіта яго хочуць зьняць. Ні слова ў адказ архіяпіскап Арцемі не дачакаўся. Патрыярх санкцыянаваў ягоную адстаўку. Уладыка хацеў бы ўбачыць свой рапарт апублікаваным, але ўсьведамляў, што гэта можа быць небясьпечна. Таму ён даў мадэратарцы «Хрысьціянскай візіі» Натальлі Васілевіч права на публікацыю дакумэнту, «калі прыйдзе час».
Вытрымкі з рапарту архіяпіскапа
- 9 жніўня 2020 г. у Рэспубліцы прайшлі прэзыдэнцкія выбары. Іх падрыхтоўка, правядзеньне і абвяшчэньне вынікаў выклікалі шматлікія прэтэнзіі з боку кандыдатаў, іх штабоў, назіральнікаў, прадстаўнікоў мэдыя і, галоўнае, шырокіх мас беларускай грамадзянскай супольнасьці. У выніку грамадзяне Беларусі, як тыя, каму па Канстытуцыі належыць права выбіраць сваю ўладу, адчулі сябе падманутымі і абражанымі!
- На людзей, якія выйшлі мірна пратэставаць супраць падману, абрынуліся дубінкі АМАПу, Унутраных войскаў, спэцназу МУС, паляцелі кулі і гранаты. Краіна застыла ў немым крыку ад маштабу гвалту і зьдзекаў! СІЗА на завулку Акрэсьціна ў Менску стала месцам страшных катаваньняў, лямант ад якіх чулі, у тым ліку, і сьвятары Менску. У Горадні наш Катэдральны сабор стаў месцам, дзе сьвятары і прыхаджане давалі прытулак усім, хто шукаў яго пад покрывам храма, самі рызыкуючы стаць ахвярамі гвалту!
- У тыя дні, 14 жніўня, я зьвярнуўся з пасланьнем да вернікаў Горадзенскай япархіі і да ўсіх людзей добрай волі, дзе назваў прычыну здарэньня — зьневажаньне Праўды! Гэтае пасланьне і мая пропаведзь 16 жніўня ў Катэдральным саборы былі адзінымі публічнымі выказваньнямі на гэтую тэму.
- Гэтая пазыцыя цалкам узгаднялася з прынятым Сынодам БПЦ 15 жніўня 2020 г. «Зваротам да народу Рэспублікі Беларусь аб спыненьні народнага супрацьстаяньня». У ім, у прыватнасьці, гаварылася:
«Мы верым і спадзяёмся, што кіраўніцтва краіны, якое па праве заклікана паважаць і ахоўваць свой народ, спыніць гвалт, пачуе галасы пакрыўджаных і нявінна пацярпелых, а тых, хто праявіў зьверства і жорсткасьць, аддасьць законнаму суду і асуджэньню».
- Чаму ўладыка мітрапаліт і астатнія чальцы Сыноду маўчаць аб гэтым дакумэнце, як быццам яго і не было? І падпісваюць новыя пагадненьні аб супрацоўніцтве з тым жа МУС, нават не заікнуўшыся аб тым, што спачатку трэба ўсё ж вырашыць праблему адказнасьці за гвалт?
- Усё гэта я гавару з думкай аб Праваслаўнай царкве ў Беларусі, з трывогай аб тым, якой яна выйдзе зь цяперашняй сытуацыі. Ці застанецца яна грамадой верных Хрысту і Ягонаму Эвангельлю людзей, здольных сумленна і мужна сьведчыць пра Яго, абараняючы праўду і свабоду? Ці, разгубіўшы ўсю сваю рэпутацыю і добрае імя, канчаткова скоціцца ў сэрвілізм і ляяльнасьць дзяржаве, для якой «маўклівая» Царква — вельмі зручны актыў?
- За ўвесь пэрыяд цяперашняга крызісу маса думаючых, шчырых і сумленных людзей пакінулі нашу Царкву. Або проста перастаўшы быць вернікамі нашых храмаў, альбо прама заявілі аб гатоўнасьці перайсьці ў рыма-каталіцтва. Іх галоўны матыў — «маўчаньне» нашай Царквы аб жорсткасьці і рэпрэсіях дзяржавы ў адносінах да грамадзян. Прадмет іх зьдзіўленьня — глухата і сьлепата нас як архіпастыраў, якія знайшлі зручную адгаворку ў выглядзе «нэўтралітэту», калі стогны, плач і мукі людзей па судах і турмах працягваюцца да гэтага часу.
- Асабліва балюча было чытаць уражаньні людзей, якія пайшлі 13 лістапада на памінальную службу па актывісту Раману Бандарэнку ў Архікатэдральны касьцёл Менску. І вось за нашага праваслаўнага маладога чалавека, жорстка забітага ні за што ва ўласным двары і пасьмяротна абылганага, маліліся католікі на чале зь іх біскупам Юрыем Касабуцкім. Яго глыбокія і праніклівыя словы аб забітым і аб стаўленьні да забойства чулі і шматлікія праваслаўныя. І, на наш сорам і ганьбу, сказалі:
«Так, сёньня хрысьціянскім япіскапам Менску быў Юры Касабуцкі!». Калі гэта ня страты для БПЦ, то што? І чым мы апраўдаемся за іх перад Богам? Тым, што пахвалы ад дзяржавы за «правільныя» паводзіны ў пэрыяд крызісу нам даражэйшыя за душы, якія адпалі?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы лідэр «Маладога фронту» стаў пратэстанцкім пастарам у Варшаве. Расказвае пра свой шлях ад атэізму да веры- І, тым ня менш, Праваслаўная царква ўсё яшчэ захоўвае свой аўтарытэт сярод беларусаў. Але аўтарытэт, які трымаецца не на нас, герархах, а на вернасьці Хрысту, у сумоўі зь якім людзі хочуць знаходзіцца нават насуперак нашым афіцыйна-сэрвільным паводзінам. Хаця апошняе і не застаецца незаўважаным ад поглядаў разумных, годных і глыбока веруючых прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці Беларусі, такіх як Павал Севярынец і Павал Латушка. Іх звароты да мітрапаліта Веньяміна, вытрыманыя ў максымальна карэктным і паважлівым тоне, але адначасова выразныя і прынцыповыя па сутнасьці пастаўленых пытаньняў, мелі шырокі рэзананс у царкоўных колах. На жаль, таго ж нельга сказаць пра адказы, якіх альбо не было зусім, альбо яны былі хутчэй ухіленьнем ад адказу.
- Бачыць Бог, я ня меў і ня маю іншых намераў і памкненьняў, акрамя як быць япіскапам сваёй Царквы і вучыць людзей быць вернымі Богу ва ўсіх абставінах зямнога жыцьця. Я ўвесь час спасылаўся на прыклад нашых навамучанікаў і паказваў, што іх вызнаньне — гэта іхны бяспрыкладны подзьвіг у выніку адмовы ад прыстасавальніцтва. Але і плата за падобныя паводзіны Праваслаўнай царквы ў папярэднюю эпоху. І цяпер, калі мы зноў у сытуацыі важнага выбару, я заклікаў і буду заклікаць не рабіць памылак мінулага, каб нам зноў не давялося плаціць страшную цану за права на свабоду быць з Хрыстом!
- Лічу рашэньне Сыноду Беларускага экзархату кананічна нікчэмным, палітычна матываваным, прынятым не на карысьць царкоўных, а на карысьць грамадзянскіх уладаў, якія страцілі сваю легітымнасьць. Спадзяюся на аднаўленьне справядлівасьці рашэньнем Вашай Сьвятасьці.