Расказваем, якія праблемы вернікаў агучылі на зьезьдзе і якія шляхі вырашэньня прапаноўвалі.
Рэгулярныя службы па-беларуску ў васьмі гарадах Польшчы
На зьезд сабраліся 53 чалавекі з розных гарадоў Польшчы і Літвы. Сярод іх былі ксёндз Вячаслаў Барок з Расонаў і ксёндз Дзьмітры Прыступа зь Ляхавічаў, якія выехалі зь Беларусі пасьля 2020 году ад перасьледу. Тэма зьезду гучала як «Касьцёл. Беларусь. Эміграцыя». На сёньня ў васьмі гарадах Польшчы ўжо ёсьць беларускія супольнасьці, дзе рэгулярна праходзяць службы па-беларуску. Гэта Варшава, Гданьск, Кракаў, Познань, Уроцлаў, Беласток, Лодзь і Люблін. Агулам гэтыя душпастырствы наведваюць больш за тысячу чалавек. Прадстаўнікі кожнага расказалі пра сябе.
Самая «старая» супольнасьць — у Гданьску, яна зьявілася ў 2019 годзе. Самая маладая — у Познані, з пачатку 2023 году. Найбольш падзей адбываецца ў Варшаве і Гданьску. Там ня толькі адпраўляюць службы, але і праводзяць біблійныя спатканьні, сустрэчы для розных групаў вернікаў, рэлігійныя заняткі для дзяцей, вакацыі пры касьцёле. У некаторых грамадах службы праходзяць некалькі разоў на тыдзень, у іншых — раз на месяц.
Служаць як беларускія сьвятары, якія выехалі зь Беларусі пасьля 2020 году або засталіся пасьля навучаньня ў Польшчы, так і ксяндзы-палякі, якія некалі працавалі ў Беларусі і ведаюць беларускую мову. Прысутнічалі на сустрэчы і беларусы з тых польскіх гарадоў, дзе яшчэ няма беларускіх богаслужбаў.
«Гэта няпраўда, што людзі вернуцца ў Беларусь»
На відэасувязь з удзельнікамі сустрэчы на некалькі хвілін выйшаў беларускі біскуп зь Віцебску Алег Буткевіч. Ён прывітаў удзельнікаў і адказаў на некалькі пытаньняў.
«Ён гэтым дабраславіў нас і падкрэсьліў, што тое, што мы робім, — гэта добра, Касьцёл гэта падтрымлівае», — пракамэнтаваў адзін з арганізатараў зьезду Арцём Ткачук зь Ліды, які цяпер жыве ў Варшаве.
Біскуп Алег Буткевіч выйшаў на відэасувязь з удзельнікамі зьезду
Арцём перакананы, што хваля міграцыі не павернецца назад. Нават пасьля зьменаў у Беларусі, на ягоную думку, вернуцца далёка ня ўсе. Таму ўжо сёньня варта клапаціцца пра рэлігійныя супольнасьці для беларусаў-эмігрантаў на далёкую пэрспэктыву.
«Гэта ня так, што нешта ў Беларусі зьменіцца, — і патрэба ў беларускім душпастырстве зьнікне. Гэта няпраўда, людзі не паедуць або вернуцца празь вельмі доўгі час. Таму стварэньне беларускіх душпастырстваў за мяжой — адзін з прыярытэтаў», — перакананы ён.
Вялікая хваля міграцыі беларусаў стала выклікам для Каталіцкай царквы і вернікаў, мяркуюць арганізатары зьезду. Каму патрэбны беларускія каталікі за мяжой? Хто мае пра іх клапаціцца? Ці могуць вернікі захаваць беларускасьць у чужой краіне? Як гэта зрабіць? Адкуль браць грошы на разьвіцьцё сваіх суполак? Як, урэшце, сабраць людзей разам? Такія пытаньні абмяркоўвалі ўдзельнікі сустрэчы.
Адсутнасьць афіцыйнага статусу
Па факце супольнасьці ёсьць, але юрыдычна гэта нічым не замацавана. На дзейнасьць беларускіх душпастырстваў ёсьць толькі вусны дазвол мясцовых касьцёльных уладаў, гавораць удзельнікі сустрэчы.
«Фактычна цяпер ніхто не клапоціцца пра беларусаў. Усё, на чым трымаюцца службы, — гэта добрая воля сьвятароў. Кожны сьвятар, які служыць цяпер беларусам, мае іншыя абавязкі, парафіі. Ён у свой вольны час адпраўляе службы», — кажа Арцём Ткачук.
Удзельнікі зьезду абмяркоўвалі, што добра, каб быў дэкрэт, які замацоўвае за пэўным сьвятаром абавязкі служыць беларусам пры пэўным прыходзе.
Цяпер ні ў аднаго сьвятара, які служыць беларусам у Польшчы, такога дакумэнту няма. Гэта для іх хутчэй як хобі. Небясьпека ў тым, што ніхто на паперы не нясе адказнасьці за беларускія душпастырствы. Калі мясцовы польскі біскуп перавядзе сьвятара служыць у іншы горад, душпастырства можа рассыпацца. Гэтае пытаньне агучыў адзін з удзельнікаў зьезду Мар’юш у онлайн-размове зь біскупам Буткевічам. Мар’юш — паляк, які наведвае беларускую грамаду ў Варшаве, вучыць і выкладае беларускую мову. Біскуп Алег адказаў, што паспрабуе паспрыяць вырашэньню гэтага пытаньня. Аднак беларускія ярархі ня маюць улады над лёсам беларускіх душпастырстваў за мяжой. Рашэньне залежыць ад польскіх біскупаў.
Добрым выхадам з сытуацыі было б стварыць агульнае беларускае душпастырства ў Польшчы, каб польскія біскупы прызначылі сьвятара, адказнага за беларускіх каталікоў, тлумачыць Арцём Ткачук.
«Беларускае душпастырства трымаецца на сьвецкіх людзях. Ніякіх лялькаводаў, ніякіх мэтадычак, ніякіх фінансаваньняў невядома якіх. Проста людзі, якія адзін да аднаго пісалі, рабілі чацікі, казалі: „Давайце паспрабуем арганізаваць імшу па-беларуску“. Гэта не ксяндзы сказалі, сьвецкія самі гэтага хацелі. Цяпер задача ўвесьці гэта ў касьцёльна-юрыдычнае вымярэньне», — падсумоўвае Арцём Ткачук.
Малая колькасьць наведнікаў
З гэтым сутыкаюцца ўсе супольнасьці. Адна з удзельніц зьезду выказала думку, што прычына ў тым, што заставацца беларускамоўным каталіком за мяжой нязручна. Камфортней хадзіць у суседні касьцёл на зручны для сябе час на польскамоўную службу, аддаць дзяцей на польскамоўныя заняткі рэлігіі, хор, вакацыі, чым езьдзіць праз увесь горад у ня самы зручны час. Не асымілявацца зь мясцовым насельніцтвам патрабуе большых высілкаў.
«Касьцёл ня толькі як рэлігійная, але як грамадзкая арганізацыя вельмі карысны з пункту гледжаньня Беларусі, бо ён зьбірае беларусаў разам, нагадвае, каб захоўвалі сваю беларускасьць. Ён карысны і з пункту гледжаньня мясцовага грамадзтва, бо касьцёл дапамагае людзям адчуваць сябе добра, знаходзіць сэнсы, апору», — мяркуе Арцём Ткачук.
Па словах удзельнікаў сходу, у Польшчы існуюць гарады, дзе беларусы хацелі б хадзіць на беларускія набажэнствы, але супольнасьць яшчэ належыць стварыць. Шмат дзе ёсьць праблема зь беларускамоўнымі сьвятарамі. Іх не стае, яны занятыя іншымі абавязкамі, таму ня здольныя паўнавартасна займацца беларусамі.
У многіх душпастырствах яшчэ няма структуры, якая б дапамагла разьвіваць супольнасьць. Гэта рада, якая складаецца з актывістаў. Прыкладам, у Варшаве і Гданьску рады ёсьць, яны зьбіраюцца ў сярэднім раз на месяц і прымаюць рашэньне, якія імпрэзы варта правесьці, на што лепей выдаткаваць сабраныя грошы, каго запрасіць у госьці з выступам. Так, днямі ў варшаўскую супольнасьць з канцэртам прыяжджаў музыка Андрусь Такінданг.
Яшчэ адзін важны чалавек, якога варта выбраць у душпастырстве, — скарбнік, які адказвае за грошы. Беларускія душпастырствы за мяжой, як і ўнутры Беларусі, ніяк не фінансуюцца. Усе грошы, якія супольнасьць мае, даюць ахвярадаўцы — звычайныя людзі, якія хочуць падтрымаць вартую справу. Як арганізаваць працэс збору грошаў і што робіць скарбнік, таксама абмяркоўвалі на сустрэчы каталікоў.
Грошы на арганізацыю зьезду таксама зьбіралі беларусы
«Абеды, кава, гарбата, канапкі — гэта каля 2500 злотых на ўсіх. Хто колькі мог з супольнасьцяў, падтрымалі. Для мяне гэта нешта неймавернае. Прыкладам, я не магу паехаць, а дам 100 злотых. Зноў без лялькаводаў, мэтадычак. Гэта як раней уся вёска зьбірала аднаго чалавека ў пілігрымку, грузілі воз, зьбіралі ежу і выпраўлялі маліцца за ўсю вёску», — тлумачыць Арцём Ткачук, як сёньня дзейнічаюць актывісты на месцах.
Ксёндз Дзьмітры Прыступа прапанаваў праводзіць раз на нейкі час аднадзённую малітоўную сустрэчу ўсіх беларускіх каталікоў у цэнтры Польшчы, прыкладам у Лодзі, дзе ён сам служыць. Гэта магло б стаць рэгулярнай падзеяй, якая заахвочвае зьбірацца вернікаў разам, мяркуе сьвятар.
Палітызацыя
Гарачая дыскусія разгарэлася на зьезьдзе наконт пытаньня пра палітызаванасьць беларускіх душпастырстваў. У прыватнасьці аб тым, што ў некаторых касьцёлах вісіць бел-чырвона-белы сьцяг падчас імшы, зь ім вернікі часам робяць агульны здымак, а таксама сьпяваюць на службах духоўны гімн «Магутны Божа». Абедзьве гэтыя рэчы могуць выклікаць пытаньні ў беларускіх сілавікоў і стаць падставай для затрыманьня.
Адны ў дыскусіі лічылі нацыянальныя сымбалі перашкодай, бо людзі, якія жывуць і працуюць у Польшчы, але працягваюць езьдзіць у Беларусь, баяцца за сваю небясьпеку, што за імі сочаць, і таму не прыходзяць на такія службы.
Другі бок пераконваў, што гэта нармальная практыка нават у польскіх касьцёлах вывешваць свой нацыянальны польскі сьцяг. Ксёндз Вячаслаў Барок патлумачыў, што Каталіцкая царква ня супраць нацыянальных сьцягоў.
Многія пытаньні, агучаныя на зьезьдзе, пакуль засталіся без рашэньняў. Аднак арганізатары сустрэчы паабяцалі, што далей будуць праводзіць зьезды. Актывісты з розных гарадоў далей будуць падтрымліваць сувязі адно з адным.
«Я не магу надзівіцца: 2023 год, 53 беларусы з Польшчы за свае ўласныя сродкі едуць па 5-6 гадзін у адзін бок у цягніках у свой выходны дзень, каб сустрэцца зь іншымі каталікамі-беларусамі і падумаць, як мы можам разьвіваць беларускае душпастырства. Для мяне гэта абсалютны цуд! Колькі людзей адчуваюць у сабе прагу быць разам! Я б не разглядаў гэта ў вузка рэлігійным кантэксьце, гэта грамадзкая зьява», — перакананы Арцём Ткачук.