«Неймаверным для хрысьціян Эвангелічна-рэфармацкай царквы ў Нямеччыне» названы ў дакумэнце перавод палітвязьня ў турму строгага рэжыму ў Магілёве, паведамляе «Хрысціянская візія».
Сынод выказаў «асьцярогу за здароўе і дабрабыт» Мацкевіча ў гэтых абставінах і зьвярнуўся з «настойлівай просьбай да адказных органаў зьмяніць гэтыя цяжкія ўмовы ўтрыманьня ў турме».
У заяве падкрэсьліваецца, што Мацкевіч асудзілі за «ажыцьцяўленьне свайго права на свабоду выказваньня думак і рэлігіі».
«Мы патрабуем адмены гэтага выраку і неадкладнага вызваленьня Ўладзімера Мацкевіча», — гаворыцца ў дакумэнце.
Эвангелічна-рэфармацкая царква Нямеччыны абʼядноўвае вернікаў з фэдэральных зямель Ніжняя Саксонія, Брэмэн, Гамбург, Шлезьвіг-Гальштэйн і Мэкленбург-Пярэдняя Памэранія.
15 лютага Мацкевіча перавялі ў магілёўскую турму № 4 са шклоўскай калёніі № 17 па рашэньні суду Шклоўскага раёну (Магілёўская вобласьць) ад 13 лютага.
Турэмны рэжым прадуглежвае, што зьняволеныя ўвесь час знаходзяцца ў камэрах ад 3 да 12 чалавек. Адразу па прыбыцьці ў турму зьняволены зьмяшчаецца на строгі турэмны рэжым, на агульны можа быць пераведзены толькі праз 6 месяцаў па рашэньні начальніка ўстановы.
Пры агульным турэмным рэжыме зьняволены мае права на куплю тавараў максымум на 2 базавыя велічыні (74 рублі) у месяц, два кароткатэрміновыя спатканьні ў год, адну пасылку або перадачу і дзьве бандэролі ці дзьве дробныя пасылкі ў год, штодзённыя прагулкі ў двары працягласьцю да паўтары гадзіны, пры строгім турэмным рэжыме — тавары на 1 б. в. (37 рублёў) у месяц, адно кароткатэрміновае спатканьне ў год, адну бандэроль ці адзін дробны пакет у год, штодзённыя прагулкі да гадзіны.
4 лютага стала вядома, што адміністрацыя калёніі № 17 у пачатку студзеня зьмясьціла Мацкевіча на 3 месяцы ў памяшканьне камэрнага тыпу. З сярэдзіны студзеня блізкія не атрымлівалі ад яго ніякіх вестак.
23 чэрвеня 2022 года Мінскі абласны суд прыгаварыў Мацкевіча да пяці гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Судзьдзя Сяргей Епіхаў, унесены ў санкцыйныя сьпісы дэмакратычных краін Захаду, прызнаў яго вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу: ч. 1 арт. 342 («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, або актыўны ўдзел у іх)», ч. 1 арт. 3611 («стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня») і ч. 1 арт. 368 («абраза прэзыдэнта»).
Працэс адбываўся з 9 чэрвеня ў закрытым рэжыме. 30 верасьня Вярхоўны суд па выніках разгляду апэляцыі пакінуў прысуд у сіле.
Філёзафу паставілі ў віну «грубае парушэньне грамадзкага парадку» падчас пратэставай акцыі ў Менску 25 кастрычніка 2020 года.
Таксама Мацкевіча абвінавацілі ў тым, што са жніўня 2020-га ён на працягу году «стварыў і кіраваў экстрэмісцкім фармаваньнем», у рамках якога «вырабляў і разьмяшчаў у Telegram-каналах, старонцы ў Facebook і плятформе „Сход“ матэрыялы, якія зьмяшчалі заведама фальшывыя зьвесткі аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным, міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, а таксама нэгатыўную ацэнку прадстаўнікоў улады ў сувязі з выкананьнем імі службовых абавязкаў».
Акрамя таго, паводле вэрсіі абвінавачаньня, філёзаф абразіў Аляксандра Лукашэнку ў апублікаваным 7 траўня 2021 года відэароліку.
У лютым 2022 года Мацкевіч правёў амаль двухтыднёвую галадоўку ў СІЗА № 1 у Менску, пратэстуючы супраць таго, што зь ім не праводзілася сьледчых дзеяньняў. Філёзаф не прызнаў віну і заявіў, што падставай для затрыманьня і абвінавачаньня сталі яго артыкулы, выказваньні, ідэі і думкі.
Уладзімер Мацкевіч — грамадзка-палітычны дзеяч, тэлевядучы, заснавальнік і кіраўнік Агенцтва гуманітарных тэхналёгій, першы старшыня Рады міжнароднага кансорцыюма «ЭўраБеларусь», заснавальнік «Лятучага ўнівэрсытэту» і сябра асноўнага складу Кардынацыйнай рады па ўрэгуляваньні палітычнага крызісу ў Беларусі.