«Гэта лягеры перавыхаваньня дзяцей — што ў Расеі, што ў Беларусі»
Праўладны грамадзкі дзеяч Аляксей Талай, кіраўнік дабрачыннага фонду свайго імя, заяўляў, што дзеці едуць у Беларусь з дазволу бацькоў, на лячэньне і рэабілітацыю. Але вязуць у Беларусь дзяцей ня толькі з так званых «ДНР-ЛНР», але і з акупаваных летась Марыюпалю, Запарожжа; сірот і дзяцей, якія засталіся без карміцеля.
«Таму гэта менавіта незаконная дэпартацыя, — тлумачыць у інтэрвію Свабодзе юрыстка ўкраінскага «Рэгіянальнага цэнтру правоў чалавека» Кацярына Рашэўская. — У Беларусь прывозяць у тым ліку дзяцей з дзіцячага дому ў Антрацыце (горад у Луганскай вобласьці, з 2014 году пад расейскай акупацыяй, у складзе так званай «ЛНР. — РС). Там ёсьць дзеці, якія страцілі бацькоў менавіта ў час буйнамаштабнага ўварваньня ў 2022 годзе. Дзяцей са статусам сірот можна вывезьці толькі са згоды органаў Украіны».
Кацярына Рашэўская лічыць, што ў Беларусі, як і ў Расеі, «аздараўленьне» дзяцей арганізавана ў «лягерах перавыхаваньня».
«І, на маю суб’ектыўную думку, у беларускіх лягерах сытуацыя ня лепшая, чым у расейскіх. Дзецям не дазваляюць зьберагчы сваю ідэнтычнасьць. Іх ў школьны час вучаць па беларускіх праграмах, якія „заточаныя“ пад ідэалёгію „русского мира“, культ Вялікай Айчыннай вайны, „победобесия“. Зь імі працуюць беларускія міліцыянты, якія ў 2020 годзе разганялі мірныя пратэсты», — пералічвае Кацярына Рашэўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіеў расьсьледуе ролю Менску ў гвалтоўным перамяшчэньні дзяцей з Украіны«Перавыхаваньне дзяцей арганізавана паводле савецкіх мэтадычак»
Яна зазначае, што «перавыхаваньне» ўкраінскіх дзяцей арганізавана яшчэ паводле савецкіх мэтадычак. Яна дапускае, што дзяцей з акупаваных тэрыторый мілітарызуюць у беларускіх лягерах.
«Бо ў беларускіх лягерах часткай адпачынку дзяцей зьяўляюцца ўсякія „ваенна-патрыятычныя“ гульні кшталту „Зарніцы“, якія засталіся там яшчэ з савецкіх часоў, „вайсковая падрыхтоўка“. Як у СССР быў курс „падрыхтоўка маладога байца“, разьлічаны на дзевяць дзён. Але гэта пакуль дапушчэньні і гэта патрабуе адмысловага дасьледаваньня», — зазначыла юрыстка.
Яна дадае, што ў той час, калі дзеці з акупаваных тэрыторый «адпачываюць» у Беларусі, яны сустракаюцца з праваслаўнымі сьвятарамі і мітрапалітам Веньямінам, наведваюць цэрквы.
«Як вядома, мітрапаліт Веньямін — ідэоляг „русского мира“. Гэта ўжо ня проста нэўтральны адпачынак для дзяцей», — лічыць Кацярына Рашэўская.
«Расея мусіла б адкрыць эвакуацыйныя калідоры, каб дзеці маглі быць на тэрыторыі сваёй дзяржавы»
Юрыстка кажа, што Расея мусіла бы дамовіцца з Украінай ці трэцяй краінай і не вывозіць дзяцей, а адкрыць эвакуацыйныя калідоры.
«Напрыклад, цяпер у Кіеве бясьпечна ці на захадзе краіны. Хай бы Ўкраіна сама вырашала, ці адправіць дзяцей у Польшчу, ці ў тую ж Беларусь. Дзецям было б лепш знаходзіцца на тэрыторыі краіны свайго грамадзянства», — кажа Кацярына Рашэўская.
Яна дадае, што няма поўнай інфармацыі пра лёс дзяцей: ці іх «пакаталі туды-сюды» і вярнулі, ці яны засталіся ў Беларусі.
«Што тычыцца таго ж дзіцячага дому ў Антрацыце. Гэта не зусім дзіцячы дом, гэта рэабілітацыйны цэнтар. То бок дзеці там ня могуць жыць да 18 гадоў. Яны могуць там быць толькі да 9 месяцаў. Дык ці не вазілі іх на агледзіны ў Беларусь? І ці не пакінулі іх потым у Растове-на-Доне?» — ставіць пытаньні праваабаронца.
Яна кажа, што калі на паездку ў Беларусь далі дазвол бацькі, якія 8 гадоў жывуць пад расейскай акупацыяй, гэта адна гісторыя, у ёй няма злачынства. Другая гісторыя — калі да бацькоў, якія нядаўна трапілі пад акупацыю і знаходзяцца ў шокавым стане, прыйдуць супрацоўнікі акупацыйнай улады са зброяй і скажуць даць дазвол на паездку дзіцяці ў Беларусь. Тут гаворка ідзе аб прымусе.
Праваабаронцы займаюцца тым, каб на ўзроўні міжнародных інстытутаў, судоў, структур дабіцца таго, каб украінскіх дзяцей вярнулі ва Ўкраіну. Цяпер, па словах Кацярыны Рашэцкай, «Рэгіянальны цэнтар правоў чалавека» рыхтуе праект рэзалюцыі для Генэральнай сэсіі ААН.
Тым часам Украіна расьсьледуе меркаваную ролю Беларусі ў гвалтоўным перамяшчэньні дзяцей з акупаваных тэрыторый. Пра гэта паведаміў генэральны пракурор Украіны Андрэй Косьцін. Пракурор дадаў, што вядзецца крымінальная справа па факце прымусовага перавозу ці дэпартацыі звыш 19 тысяч дзяцей з акупаваных Данецкай, Луганскай, Запароскай, Херсонскай і Харкаўскай абласьцей, у тым ліку ў Беларусь.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнцкая асамблея NATO заявіла аб намеры пакараць беларускі рэжым за суагрэсію«Прыяжджаюць сіроты і тыя, хто страціў карміцеля»
Дзяцей з акупаваных украінскіх тэрыторый пачалі прывозіць у беларускія санаторыі ўвосень 2022 году. Яны адпачывалі ў санаторыі «Залатыя пяскі» (Гомельскі раён) і лягеры «Дубрава» (Салігорскі раён, належыць ААТ «Беларуськалій»).
У асноўным прывозам дзяцей з акупаваных тэрыторый займаецца фонд Аляксея Талая, параалімпійца і праўладнага грамадзкага дзеяча. У артыкулах дзяржаўных СМІ падкрэсьліваецца, што ініцыятыву падтрымаў Лукашэнка.
У лягеры «Дубрава» ААТ «Беларуськалій» увосень пабывалі звыш тысячы дзяцей з Данбасу. Адпачываць у Беларусь прыяжджаюць «дзеці з малазабясьпечаных сямей, сіроты і тыя, хто пацярпеў ад ваенных дзеяньняў».
Прыезд украінскіх дзяцей у Беларусь аплачваецца ў тым ліку зь бюджэту «саюзнай дзяржавы». У верасьні 2022 году была прынятая адпаведная пастанова Савету міністраў «саюзнай дзяржавы» аб дапамозе «дзецям Данбасу».
«Галоўныя адказныя за вываз украінскіх дзяцей — гэта фактычныя кіраўнікі Расеі і Беларусі, — сказаў у інтэрвію Свабодзе амэрыканскі дасьледчык Эдвард Снайдэр, які расьсьледуе вываз дзяцей з Украіны ў Беларусь. — Бо гэта не чыясьці ініцыятыва на ніжэйшым узроўні, а сыстэматычная праграма ператварэньня наступнага пакаленьня ўкраінцаў у этнічных расейцаў. І гэтую праграму праводзяць на загад Уладзіміра Пуціна, але таксама і Аляксандра Лукашэнкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Для абвінавачаньняў супраць Лукашэнкі дастаткова доказаў», — амэрыканскі расьсьледнік пра вываз дзяцей з Украіны ў БеларусьУкраінскія дзеці сустракаюцца са сьвятарамі, БРСМ і міліцыянтамі
У Беларусі дзяцей з акупаваных тэрыторый чакае ня толькі аздараўленьне, але і праграма сустрэч. Аналізуючы дзяржаўныя СМІ, можна прыйсьці да высновы, што часьцей за ўсе сустрэчы арганізаваны з праваслаўнымі сьвятарамі, БРСМ і міліцыяй.
4 студзеня інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА пісала пра сустрэчу «дзяцей з Горлаўкі» з праваслаўным мітрапалітам Веньямінам. «Уладыка дабраславіў дзяцей, прачытаў малітву, уручыў падарункі», — піша агенцтва.
Аўтар артыкулу піша, што праваслаўныя прыходы беларускіх цэркваў з 2014 году дапамагаюць «жыхарам Данбасу».
Дзеці з Горлаўкі ў Беларусі сустракаюцца ня толькі з БРСМ і праваслаўнымі сьвятарамі, але і зь міліцыянтамі, якія дэманструюць ім сваё «майстэрства». На відэа, разьмешчаным у блізкім да міліцыі тэлеграм-канале, «дзеці з Горлаўкі дзякуюць ГУБАЗіКу» і сьпяваюць песьню «Вставай, Донбасс».
4 красавіка першы сакратар БРСМ Аляксандар Лук’янаў напісаў у facebook пра сустрэчу ў Менску 350 «дзяцей Данбасу». Ён зазначыў, што прыехалі дзеці, якія страцілі родных, блізкіх, якія сутыкнуліся з горам у час баявых дзеяньняў«, — патлумачыў першы сакратар БРСМ.
Дасьледчык Эдвард Снайдэр прыйшоў да высновы, што прывоз дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны — «частка расейскага пляну падарваць украінскую нацыянальную ідэнтычнасьць на акупаваных тэрыторыях». «У самой Данецкай вобласьці дзецям прамываюць мазгі і вучаць, што яны расейцы, а Ўкраіна — гэта зло. Маё расьсьледаваньне паказала, што дзяцей, якіх прывозяць з Данецкай вобласьці ў Беларусь, працягваюць русыфікаваць. Да іх прыходзяць «сілавікі» і вучаць, што гэта «крута» — быць салдатам, які будзе ваяваць за расейскі бок. Іх вучаць, што важна падтрымліваць самаабвешчаную так званую «Данецкую народную рэспубліку», — расказаў Снайдэр у інтэрвію Свабодзе.
Паводле амэрыканскага дасьледчыка, са старэйшых дзяцей могуць рыхтаваць «новае пакаленьне „салдатаў ДНР“, а таксама шпіёнаў і сабатажнікаў» — выкарыстоўваць непаўналетніх у зоне ваенных дзеяньняў для працы на вайсковых складах, для збору выведнай інфармацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навошта рэжыму Лукашэнкі скрадзеныя ўкраінскія дзеці«Расея нас ратуе ў гэтай сытуацыі». Украінскіх дзяцей выкарыстоўвае беларуская прапаганда
Цяпер у лягеры «Дубрава» пад Салігорскам знаходзіцца чарговая група — каля 350 дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны. 12 дзяцей з гэтай групы запрасіла ў сваю тэлепраграму «Это другое» беларуская прапагандыстка Ксенія Лебедзева.
У яе сюжэце выступае і Аляксей Талай. Ён кажа, што адчувае «адзінства з народам Данбасу, Украіны і Расеі» і робіць усё, каб «палегчыць іх пакуты». Ён хоча, каб «дзеці з Данбасу» «не баяліся, што фашысцкі ўкраінскі рэжым, гэтая хунта будзе іх абстрэльваць».
Ксенія Лебедзева сьцьвярджае, што «ДНР добраахвотна ўвайшла ў склад Расеі і цяпер гэта Расея».
Прозьвішчы дзяцей не называюцца. Адзін з падлеткаў распавядае, што ён з Марыюпалю.
«Пасьля ўсёй гэтай ваеннай спэцапэрацыі горад пачынае квітнець, зносяцца разбураныя дамы, будуюцца новыя», — кажа падлетак у эфіры АТН.
Хлопчык, які прадстаўляецца жыхаром Горлаўкі, расказвае, што «нас бамбяць без прычыны, бамбяць дзяцей, старых, жанчын, мірнае насельніцтва». Ён кажа, што горад абстрэльваюць «украінскія баевікі».
Ксенія Лебедзева задае ўсім дзецям пытаньне: «Вы сябе лічыце ўкраінскімі дзецьмі ці расейскімі?». «Расейскімі, рускімі», — адказваюць дзеці.
«Так, гэта наша радзіма (Украіна. — РС), але Расея нас ратуе ў гэтай сытуацыі, калі родная краіна цябе забівае», — кажа адзін з удзельнікаў сустрэчы.
Пра вываз украінскіх дзяцей у Беларусь размаўлялі ў эфіры тэлевізіі прапагандыст Рыгор Азаронак і кіраўнік дабрачыннага фонду Аляксей Талай. Азаронак прыйшоў да высновы, што ў Беларусі ўкраінскія дзеці адпачываюць, а ў Эўропе іх «на органы сплаўляюць».
«Яны прападаюць тысячамі! Мамы вывозяць іх у Эўропу гэтую — сьветлую, добрую, багатую, сытую. А потым дзяцей ня могуць знайсьці. Дзе яны? Вось што робяць сатаністы», — трансьлюе фэйкавыя, не падмацаваныя ніякімі фактамі сьцьвярджэньні Аляксей Талай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі выставілі абвінавачаньні супраць пракурора і судзьдзі Міжнароднага крымінальнага суду ў Гаазе ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праўладная партыя «Белая Русь» ініцыявала прыём у Беларусі дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны