Сьледчы камітэт Расеі завочна прад’явіў абвінавачаньні пракурору і судзьдзі Міжнароднага крымінальнага суду за рашэньне пра арышт «заведама невінаватых» прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і расейскага дзіцячага амбудсмэна Марыі Львовай-Бяловай. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства.
Абвінавачаньні прадʼяўленыя пракурору МКС Карыму Ахмаду Хану і судзьдзі Разарыё Сальваторэ Айтале.
Пракурору прадʼяўлены абвінавачаньні па артыкуле аб прыцягненьні «заведама невінаватага» да крымінальнай адказнасьці, а таксама «падрыхтоўцы да нападу» на прадстаўніка замежнай дзяржавы. Дзеяньні судзьдзі кваліфікаваны як «загадзя незаконнае» ўзяцьце пад варту, а таксама «падрыхтоўка да нападу» на прадстаўніка замежнай дзяржавы.
Міжнародны крымінальны суд у Гаазе 17 сакавіка выдаў ордэр на арышт Пуціна і Львовай-Бяловай. Ім ставяць у віну адказнасьць за незаконную дэпартацыю дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны ў Расею.