Губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гладкоў раніцай 23 траўня паведаміў, што ў Грайваранскай акрузе «Міністэрства абароны супольна зь сілавымі структурамі працягвае зачыстку».
«Ёсьць інфармацыя, што ў тых населеных пунктах, куды зайшоў праціўнік, ёсьць два параненыя мірныя жыхары. Пакуль сілавікі не змаглі да іх дайсьці. Задача цяпер з раніцы нумар адзін», — напісаў Вячаслаў Гудкоў у сваім тэлеграм-канале.
Паводле яго, пакуль няма інфармацыі аб загінулых, але, як стала вядома, у часе эвакуацыі 22 траўня ў аўтобусе памерла жанчына 1941 году нараджэньня.
Улады эвакуавалі насельніцтва з 9 памежных вёсак Расеі
Пазьней губэрнатар Белгарадзкай вобласьці Вячаслаў Гудкоў удакладніў, што «фактычна адсялілі жыхароў Грайварана, Навастроеўкі, Горкаўскага, Безымяннага, Мокрай Арлоўкі, Глотава, Гары-Падолу, Замосьця і Спадарушына.
Паводле яго, больш як 15 населеных пунктаў трапілі пад артылерыйскі і мінамётны абстрэл. У 14 адсутнічае электрычнасьць.
З паведамленьня белгарадзкага губэрнатара вынікае, што баявыя дзеяньні адбываюцца яшчэ на адным памежным пасту ў Шабекіне.
Мінабароны Расеі заявіла аб «разгроме падразьдзелу ўкраінскіх нацыяналістаў»
Міністэрства абароны Расеі 23 траўня а 14.15 заявіла, што частка «дывэрсантаў» заблякавалі і ліквідавалі, а частка адступіла.
«У часе контртэрарыстычнай апэрацыі ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі і актыўнымі дзеяньнямі падразьдзелаў прыкрыцьця Дзяржаўнай мяжы Заходняй ваеннай акругі нацыяналістычныя фармаваньні былі заблякаваныя і разгромленыя. Рэшткі нацыяналістаў адкінутыя на тэрыторыю Ўкраіны, дзе па іх працягвалася нанясеньне агню да поўнай ліквідацыі», – адзначаецца ў паведамленьні Мінабароны Расеі.
Мінабароны Расеі заявіла аб зьнішчэньні «70-ці ўкраінскіх тэрарыстаў, чатырох браняваных машын і пяці пікапаў».
Завялі справу як за тэракт
Сьледчы камітэт Расеі завёў крымінальную справу паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу РФ — 205, 317, 105, 167, 222, 222.1 УК (тэрарыстычны акт, замах на жыцьцё супрацоўнікаў праваахоўных органаў, замах на забойства, наўмыснае зьнішчэньне маёмасьці, незаконнае абарачэньне зброі).
Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта, паведаміў, што падзеі ў Белагарадзкай вобласьці пацьвярджаюць неабходнасьць падаўжэньня «спэцапэрацыі».
«Безумоўна, тое, што ўчора адбылося, выклікае глыбокае занепакаенасьць. Гэта лішні раз пацьвярджае, што ўкраінскія баявікі працягваюць сваю дзейнасьць супраць нашай краіны. Гэта патрабуе ад нас вялікіх высілкаў. Яны працягваюцца, прадаўжаецца і спэцыяльная ваенная апэрацыя, каб у будучыні не дапусьціць такіх пранікненьняў», — працытавала расейскае агенцтва Інтэрфакс словы Пяскова.
Губэрнатар Белгародзкай вобласьці заклікаў мясцовых жыхароў пакуль не вяртацца дадому, бо гэта яшчэ небясьпечна.
Некаторыя расейскія тэлеграм-каналы паведамілі, што ўвечары 22 траўня адбыўся выбух у будынку Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі ў Белгарадзе. Улады заявілі, што на цэнтар акругі адбылася атака баявых дронаў.
Улады Белагародшчыны пачалі рэагаваць на падзеі на мяжы толькі празь сем гадзін
Расейскае інфармацыйнае агенцтва РБК аднавіла храналёгію падзей, якія пачаліся 22 траўня ў Белгарадзкай вобласьці.
Спасылаючыся свае крыніцы ў рэгіянальным упраўленьні Міністэрства ўнутраных спраў, журналісты паведамілі, што атака пачалася а 6-й раніцы паводле маскоўскага часу з інтэнсіўнага абстрэлу, у якім удзельнічаў танкавы падразьдзел.
«Да 12-й украінскія сілы, у тым ліку 10 адзінак бранятэхнікі, зайшлі ў вёску Козінку. Сілавікі пачалі рэагаваньне на дзеяньні Ўзброеных сіл Украіны а 13.30, калі на тэрыторыі памежных раёнаў Белгарадзкай вобласьці ўвялі сыгнал «Мяжа», — удакладнілі журналісты.
У Кіеве назвалі падзеі на мяжы з Расеяй унутраным расейскім крызісам
Намесьніца міністра абароны Ўкраіны Ганна Маляр лічыць, што сытуацыя ў Белгарадзкай вобласьці зьяўляецца прагназаваным унутраным расейскім крызісам, які насьпяваў яшчэ да поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну.
«Гэта патрыёты Расеі, наколькі мы разумеем. Людзі, якія паўсталі фактычна супраць пуцінскага рэжыму. Таму што тое, што робіць Пуцін з Расейскай Фэдэрацыяй тым, што ён з намі вядзе вайну, выклікае незадаволенасьць ва ўсіх сьвядомых расейцаў», — напісала Ганна Маляр у сваім тэлеграм-канале.
«Усе разумеюць, што гэты рэжым трэба мяняць. Гэтая крытычная маса проста назьбіралася менавіта цяпер. Гэта ня тое, што ўзьнікла раптам. Гэтае незадаволеньне паступова назапашвалася. То бок гэта ўнутрырасейскія тэндэнцыі, прадыктаваныя жаданьнем грамадзян зьмяніць палітычны лад краіны і спыніць крывавую вайну, якую разьвязаў Крэмль», — перакананая намесьніца міністра абароны Ўкраіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Парлямэнцкая асамблея NATO прызнала генацыдам злачынства Расеі супраць УкраіныІнстытут вывучэньня вайны: у Расеі сытуацыя ў Белгарадзкай вобласьці выклікала паніку
Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) зьвярнулі ўвагу на тое, што расейская інфармацыйная прастора на белгарадзкія падзеі «адрэагавала такой жа панікай, фракцыйнасьцю і непасьлядоўнасьцю, як і ў іншых выпадках інфармацыйных узрушэньняў».
У той жа час, як адзначаецца ў штодзённай справаздачы ISW, інфармацыйная прастора не змагла скансалідавацца вакол аднаго цэласнага адказу, а гэта сьведчыць, што напад стаў для расейскіх камэнтатараў нечаканым і раптоўным.
У сувязі з гэтым экспэрты адзначылі, што ў інфармацыйнай прасторы ўдзельнікаў нападу называлі здраднікамі Расеі, а ўласьнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын скарыстаўся нагодай, каб абвінаваціць расейскі ўрад і яго бюракратычную інэртнасьць, і раскрытыкаваў Міністэрства абароны Расеі за няздольнасьць умацаваць расейскія межы і абараніць Расею.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Белгарадзкай вобласьці ўвялі рэжым «контратэрарыстычнай апэрацыі». Украіна заявіла, што да дывэрсантаў у расейскім рэгіёне не датычнаяШто адбывалася
Раніцай 22 траўня пра заход у Белгарадзкую вобласьць паведаміў легіён «Свабода Расеі» — добраахвотніцкае падразьдзяленьне, якое ваюе на баку Ўкраіны. Яго ўдзельнікі заявілі, што сумесна з «Расейскім добраахвотніцкім корпусам» (РДК) яны «вызвалілі н/п Козінку Белгарадзкай вобласьці», а «у Грайваран зайшлі перадавыя аддзелы». «Рухаемся далей. Расея будзе свабоднай!» — гаворыцца ў паведамленьні.
Расейскія ўлады некалькі гадзін не пацьвярджалі дывэрсію легіёну «Свабода Расеі» у Белгарадзкай вобласьці. Але тэлеграм-каналы апублікавалі відэа «меркаванага заходу ўкраінскіх танкаў на тэрыторыю КПП „Грайваран“ у Белгарадзкай вобласьці». Мясцовыя жыхары расказалі, што чулі выбухі і страляніну.
Нягледзячы на паведамленьні СМІ і тэлеграм-каналаў, губэрнатар Гладкоў некалькі гадзін не пацьвярджаў інфармацыю пра дывэрсантаў і баі зь імі: чыноўнік казаў пра «канцэнтраваны інфармацыйны напад на Белгарадзкую вобласьць» і зламысьнікаў, якія правакавалі паніку сярод насельніцтва. Затым чыноўнік прызнаў «канцэнтраваны абстрэл Грайваранскага раёну», а затым, празь некалькі гадзін, пацьвердзіў факт баёў з дывэрсантамі. «Узброеныя сілы РФ разам з памежнай службай, Расгвардыяй і ФСБ робяць неабходныя захады для ліквідацыі праціўніка», — напісаў Гладкоў у сваім тэлеграм-канале.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявілася інфармацыя аб баявых сутыкненьнях на тэрыторыі Расеі ля мяжы з Харкаўшчынай